Іх смерці – на руках рэжыму: успамінаем загінулых з 2020 году


Днямі стала вядома пра яшчэ адну смерць палітзняволенага ў засценках беларускай турмы. У сувязі з гэтым мы вырашылі ўспомніць, колькі ўсяго чалавек загінула ў Беларусі ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі пасля 2020 года. Гаворка вядзецца мінімум пра 22 асобы. 

В Киеве прошла акция памяти погибшего Романа Бондаренко
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Кіеве каля амбасады Беларусі. Кіеў, Украіна. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Аляксандр Тарайкоўскі. Гэты мужчына стаў першай ахвярай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі падчас пратэстаў 2020 года. Ён быў забіты 10 жніўня 2020 года прыблізна ў 23:00 прамым стрэлам недалёка каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску, калі ішоў у бок групы сілавікоў з паднятымі ўгору рукамі. Паводле першай версіі, агучанай уладамі, Аляксандр спрабаваў кінуць выбухоўку ў бок сілавікоў, але яна спрацавала ў яго ў руках. 19 лютага 2021 года Следчы камітэт прызнаў, што Тарайкоўскі загінуў не ад выбухоўкі, а ад ранення, атрыманага ў выніку прымянення несмяротнай зброі. Пры гэтым СК прыняў рашэнне не заводзіць крымінальную справу па факце смерці мужчыны.

Аляксандр Віхор. Маладога чалавека затрымалі ў Гомлі 9 жніўня 2020 года, калі ён ішоў на спатканне з дзяўчынай. Праз тры дні хлопца даставілі з СІЗА ў псіханеўралагічны дыспансер, дзе яго адмовіліся прымаць, а пазней у стане клінічнай смерці і з ацёкам галаўнога мозгу – у тубдыспансер. Але, на жаль, рэанімаваць хлопца ўжо не змаглі. Пры гэтым сваякам паведамілі аб тым, што Аляксандр памёр ад перадазіроўкі. У завядзенні крымінальнай справы было адмоўлена.

Канстанцін Шышмакоў. 29-гадовы дырэктар музею ў Ваўкавыску знік 15 жніўня 2020 года па дарозе дадому з працы. Канстанцін з’яўляўся сябрам выбарчай камісіі і адмовіўся ўкідваць фальшывыя бюлетэні ў выбарчую скрынку, а таксама падпісваць выніковы пратакол на выбарах. 18 жніўня мужчыну знайшлі павешаным у лесе. Сваякі сцвярджаюць, што на целе Канстанціна былі бачныя гематомы і драпіны, якія, паводле следства, не сталі прычынай смерці. Пытання, адкуль яны з’явіліся, нават не ўздымалася.

Генадзь Шутаў. Быў забіты 11 жніўня 2020 года ў Берасці стрэлам у галаву, зробленым сілавіком, пераапранутым у цывільнае. Мужчына памёр 19 жніўня. Пазней высветлілася, што страляў у Шутава капітан 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Раман Гаўрылаў. Сведку забойства Шутава Аляксандра Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым сам капітан-забойца быў прызнаны пацярпелым.

Мікіта Крыўцоў. Малады чалавек быў удзельнікам паслявыбарчых пратэстаў у Маладэчне. Знік па дарозе на працу 12 жніўня 2020 года, а 22 жніўня быў знойдзены павешаным у Менску. Версія следства – самагубства, але яно дасюль не дало адказы на шмат якія пытанні.

Меркаванні
Хто адкажа за смерць Мікіты Крыўцова?
2022.08.12 13:15

Аляксандр Будніцкі. 53-гадовы мужчына знік 11 жніўня 2020 года ў Менску. Пра смерць стала вядома 31 жніўня. Яго цела знайшлі ў парку каля ўніверсама «Рыга», дзе адбываліся сутычкі пратэстоўцаў з сілавікамі. Паводле першапачатковай версіі ўладаў, смерць наступіла ў выніку сардэчнага прыступу, пазней было паведамлена, што смерць стала вынікам атручання этылавым спіртам. Афіцыйная дата смерці – 12 жніўня. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што заява аб знікненні Аляксандра ляжала ў міліцыі прыкладна з 18 жніўня, сваякам паведамілі аб смерці мужчыны толькі праз 19 дзён.

Генадзь Кісель. 50-гадовы рабочы «Беларуськалію» быў забіты 12 жніўня 2020 года вартаўніком салігорскага КДБ Леанідам Штайдам ударам садовых нажніцаў у шыю. Мужчыны не былі знаёмыя асабіста і сустрэліся выпадкова, але да здарэння яны перапісваліся ў сацсетках і спрачаліся пра палітыку, пры гэтым Генадзь Кісель выказваўся супраць палітыкі беларускага рэжыму.

Арцём Парукаў. 19-гадовы ўдзельнік пратэстаў. Загінуў у ноч на 16 жніўня 2020 года пад коламі аўтамабіля «Рэно» на Партызанскім праспекце ў Менску. Як сцвярджаюць у МУС Беларусі, маладзён ішоў па праезджай частцы, пры гэтым адзін з вадзіцеляў, якія праязджалі міма, папрасіў хлопца сысці з дарогі, але той застаўся. Сям’я не верыць у афіцыйную версію і выказвае здагадку, што Арцём трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы.

Станіслаў Чур. Маладому чалавеку быў 31 год. Ён працаваў на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова, быў актыўным удзельнікам пратэстаў у жніўні 2020-га. Паводле словаў калег, на Станіслава маглі ціснуць праз ягоную палітычную пазіцыю. 19 жніўня малады чалавек павесіўся на тэрыторыі завода, дзе працаваў. Апошняй кропляй, паводле сведак, для яго мог стаць адзін з канфліктаў з кіраўніцтвам.

Дзяніс Кузняцоў. 41-гадовы мужчына памёр загадкавай смерцю, атрымаўшы шматлікія траўмы цела і адкрытую чэрапна-мазгавую траўму. Ён паступіў з ізалятара на Акрэсціна ў Бальніцу хуткай медычнай дапамогі 29 верасня. Па версіі сілавікоў, Кузняцоў зваліўся з другога ярусу нараў. Але са словаў брыгады хуткай медычнай дапамогі, мужчына паспеў паведаміць ім, што яго збілі супрацоўнікі камеры часовага ўтрымання. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр.

Раман Бандарэнка. 11 лістапада 2020 года малады чалавек трапіў у рэанімацыю ў Менску пасля збіцця людзьмі ў цывільным з маскамі на тварах, якія зразалі бела-чырвона-белыя стужкі ў двары аднаго з дамоў, на так званай «Плошчы Перамен». У лякарню мужчыну даставілі з ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і шматлікімі гематомамі. 12 лістапада, нягледзячы на праведзеную аперацыю, 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр.

Сяргей Шчацінка. 57-гадовы жыхар Асіповічаў быў затрыманы 12 лістапада 2020 года. Яму прысудзілі 10 содняў арышту. Са словаў сваякоў, мужчына заразіўся ў ізалятары каранавірусам і 11 снежня памёр ад хваробы.

Таксама вядома яшчэ мінімум пра дзвюх асоб, якія памерлі ў выніку заражэння каранавіруснай інфекцыяй у вязніцах. Гэта 53-гадовая Алена Амеліна, якая знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, дзе ў верасні 2021 года адбывала адміністратыўны арышт. А таксама яшчэ адзін мужчына, затрыманы на самым пачатку верасня 2021 года за нацыянальны сцяг на балконе. Ён таксама адбываў пакаранне ў сумнавядомым ізалятары на Акрэсціна, дзе і заразіўся вірусам. Праз дзевяць дзён мужчына памёр у лякарні. Імя і прозвішча чалавека ёсць у распараджэнні рэдакцыі «Белсату», але па просьбе знаёмых і блізкіх яно не раскрываецца.

Вітольд Ашурак. Грамадскі дзеяч і актыўны ўдзельнік пратэстаў 2020 года. Быў затрыманы 19 верасня і ў студзені 2021-га асуджаны да пяці гадоў зняволення. 21 траўня 2021 года з’явілася паведамленне аб тым, што 50-гадовы Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі, у якую быў этапаваны месяцам раней. Родным паведамілі аб тым, што прычынай смерці стала спыненне сэрца, але праз пяць дзён сваякі атрымалі цела з перабінтаванай галавой ад макаўкі да носу. З відэа, апублікаваных Следчым камітэтам, бачна, што Вітольд у камеры адчуваў сябе дрэнна і ледзь стаяў на нагах. Як сцвярджаюць прадстаўнікі ўладаў, пасля аднаго з падзенняў ён і атрымаў траўму галавы. Крымінальная справа паводле факту смерці Вітольда Ашурка так і не распачатая.

Hавiны
Былы зняволены калоніі №17 назваў прозвішчы тых, хто мог катаваць Вітольда Ашурка
2022.12.16 16:47

Дзмітрый Стахоўскі. 18-гадовы маладзён праходзіў па крымінальнай справе за ўдзел у масавых беспарадках 9–11 жніўня 2020 года. 25 траўня 2021 года пасля допыту Дзмітрый скочыў з 16-павярховіка, абвінаваціўшы ў сваёй смерці ў перадсмяротным пасце, пакінутым на сваёй сцяне «Укантакце», Следчы камітэт.

Павел Сібілёў. 10 жніўня 2020 года мужчына, які працаваў кіроўцам аўтобуса, атрымаў раненне гранатай каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску. Як было адзначана ў медычных дакументах, у Сібілёва выявілі мінна-выбуховае раненне ў вобласці паясніцы, агнястрэльны пералом хрыбетак, множныя раненні левага пляча, удар нырак. Крымінальная справа па факце ранення Сібілёва не была заведзеная. Раненні, атрыманыя Паўлам, прывялі да анкалагічнага захворвання, і 10 кастрычніка 2021 года ён памёр ва ўзросце 49 гадоў.

Андрэй Зельцар. 28 верасня 2021 года пры «адпрацоўцы» адрасоў людзей, датычных, на думку сілавікоў, да тэрарыстычнай дзейнасці, у доме па вуліцы Якубоўскага ў Менску адбылася перастрэлка. Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM, заблакаваўся ў сябе ў кватэры разам з жонкай і адмовіўся адчыніць дзверы на патрабаванне супрацоўнікаў КДБ. Пасля таго, як сілавікі ўварваліся ў кватэру, Зельцар адкрыў агонь з паляўнічай стрэльбы і забіў аднаго з сілавікоў (Дзмітрыя Федасюка). Агнём у адказ Андрэй Зельцар быў забіты.

Дзмітрый Усхопаў. Быў затрыманы 31 снежня 2021 года ў Рэчыцы двума супрацоўнікамі патрульнай службы. Паводле сведчанняў сілавікоў, мужчына быў нападпітку, але ў РАУС ён заходзіў на сваіх нагах. Праз некаторы час 27-гадовага мужчыну вынеслі з пастарунку ў стане клінічнай смерці. 1 студзеня 2022 года Дзмітрый памёр. Афіцыйная версія – атручанне. Але, паводле сведчанняў «Белых халатаў», ёсць шмат фактаў, якія зняпраўджваюць гэтую версію. Праз некалькі дзён пасля смерці маладога чалавека сілавікі пачалі затрымліваць ягоных блізкіх сяброў. Сваякам Дзмітрыя і аднаму са сведак, які апошнім бачыў Усхопава жывым, удалося ўцячы з Беларусі, бо іх збіраліся арыштаваць сілавікі.

Hавiны
«Мяркуем, што яго забілі ўдарам аб цвёрдую вострую паверхню». Што вядома пра смерць Дзмітрыя Усхопава
2022.01.02 19:11

Дзмітрый Дудойць. Жыхар Смаргоні быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар, пакінуты пад пастом Вольгі Карач. Мужчыну абвінавацілі ў знявазе прадстаўніка ўлады – начальніка Ганцавіцкага РАУС. Дзмітрый адбываў свой тэрмін у магілёўскай папраўчай установе адкрытага тыпу №43 з 29 снежня 2021 года. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, праз тыдзень пасля пачатку адбывання пакарання мужчына скокнуў з моста і разбіўся, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння.

Максім Л. (поўнае імя ёсць у распараджэнні праваабаронцаў). 30 красавіка 2023 года з акна 4-га паверха ў Ваўкавыскім РАУС выскачыў чалавек з кайданкамі на руках. Інфармацыю пацвердзілі ў сваіх каналах прапагандысты. Паводле вядомай на дадзены момант інфармацыі, гаворка вядзецца пра 24-гадовага жыхара Ваўкавыску. Дакладных звестак пра тое, за што быў затрыманы малады чалавек, няма. Як сцвярджаюць прапагандысты – «за наркотыкі». Таксама вядома, што хлопец затрымліваўся ў Ваўкавыску 9 жніўня 2020 года.

Мікалай Клімовіч. 61-гадовы актывіст і блогер з Пінска быў затрыманы ў снежні 2022 года і асуджаны ў лютым 2023-га за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку. Ён атрымаў год зняволення, нягледзячы на тое, што пакутаваў на цяжкую хваробу сэрца і меў інваліднасць II групы. Зусім нядаўна Мікалая этапавалі ў віцебскую калонію. 7 траўня 2023 года стала вядома пра смерць Мікалая. На дадзены момант іншых падрабязнасцяў пра яго смерць няма.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў