Хто ўвайшоў у абноўленую Каардынацыйную раду: паўсотні вядомых асобаў і паўсотні ананімаў


Рэформа Каардынацыйнай рады, аб якой казалі паўгода, нарэшце завяршаецца: 8 лютага сфармавалі абноўлены склад, у які ўвайшлі 19 ранейшых чальцоў рады, 71 прадстаўнік арганізацыяў і супольнасцяў дэмакратычнага руху і 15 «беспартыйных» самавылучэнцаў. Глядзім, хто трапіў у спіс.

Лагатып Каардынацыйнай рады. Выява: rada.vision

Хоць цяпер у Каардынайыйнай радзе 105 чальцоў, назвалі толькі 84 прадстаўнікоў, пры чым некаторыя з іх ананімныя (вядомыя толькі арганізацыі), а некаторыя – без пазнакі таго, якую арганізацыю прадстаўляюць, хоць многія з іх публічна вядомыя актывісты і эксперты. Вось чые імёны вядомыя.

Палітвязні Марыя Калеснікава і Максім Знак, якія пасля выбараў-2020 увайшлі ў Прэзідыум Каардынацыйнай рады, засталіся ў абноўленым складзе, хоць відавочна не могуць браць удзелу ў працы з-за кратаў.

Таксама са старога прэзідыуму – кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і чалец Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч, старшыня стачкаму Менскага трактарнага заводу ў 2020 годзе Сяргей Дылеўскі, а таксама Вольга Кавалькова – сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і фактычная лідарка Каардынацыйнай рады пасля 2020 года.

Прэс-канферэнцыя Прэзідыуму Каардынацыйнай рады. Злева направа: Павел Латушка, цяпер зняволеныя Марыя Калеснікава і Максім Знак. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

З палітычнай сферы ў абноўленым складзе: Валерый Мацкевіч (прадстаўнік КР па Усходнім партнёрстве, раней – штаб Валерыя Цапкалы, «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і «Малады фронт»), Аляксандр Дабравольскі (дарадца Святланы Ціханоўскай, адзін з заснавальнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі), Віталь Рымашэўскі (сустаршыня БХД), Алесь Міхалевіч (кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010, рух «За свабоду», раней – БНФ), Арцём Брухан (НАУ, раней – Берасцейскі аблвыканкам), Юрась Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), Сяргей Марцалеў («Народная грамада»).

З грамадзянскай супольнасці і актывістаў: Таццяна Хоміч (прадстаўніца КР у справах палітвязняў, сястра зняволенай Марыі Калеснікавай), Юлія Міцкевіч (феміністычная група КР, абаронца правоў ЛГБТ-супольнасці, раней – старшыня «Маладой грамады»), Святлана Мацкевіч (без пазнакі арганізацыі; Аб’яднанне сваякоў і колішніх палітвязняў, метадолаг, былая жонка палітвязня Уладзіміра Мацкевіча),  Міхаіл Рубін (фонд «Краіна для жыцця», сябра беларуска-нямецкай рады прадпрымальнікаў), Ганна Краўчанка («Рух большасці» – мабілізацыйны праект КР), Яраслаў Бекіш («ЕўраБеларусь», сузаснавальнік «Зялёнай сеткі»), Маргарыта Ворыхава (старшыня моладзевага савету «Рада»), Алена Жываглод (кіраўніца арганізацыі «Сумленныя людзі»), Яраслаў Грыгор’еў (рух «Супраціў»), Аляксандр Паршанкоў (без пазнакі арганізацыі; стваральнік незалежнага прафсаюзу БДУ ў 2020 годзе), Алег Мяцеліца (незалежны прафсаюз РЭП – работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці), Канстанцін Акінчыц (без пазнакі арганізацыі; былы студэнт і актывіст Акадэміі музыкі, чалец Свабоднага прафсаюзу Беларускага), Маша Анімія (фонд BYSOL), Святлана Гатальская (фем-група КР, феміністка і экаактывістка), Аляксандр Шрамко (без пазнакі арганізацыі; адзін з заснавальнікаў групы «Хрысціянская візія», праваслаўны святар), Юрый Рававы («Рабочы рух»).

З экспертнай супольнасці: Таццяна Марыніч (без пазнакі арганізацыі; заснавальніца «Imaguru»), Андрэй Ягораў (без пазнакі арганізацыі; палітолаг, Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства), Аляксандр Кныровіч (без пазнакі арганізацыі; бізнесовец і блогер), Сяргей Чалы (без пазнакі арганізацыі; эканаміст і журналіст), Яўген Караулаў (інстытут «Палітычная сфера»), Андрэй Лаўрухін (эксперт у сферы адукацыі і навукі, дырэктар па даследаваннях Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы, аналітык BISS), Аліна Яблонская («En Vision Think Tank»), Дзмітрый Крук (старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст), Аляксандр Аўтушка-Сікорскі (без пазнакі арганізацыі; палітолаг), Пётр Рудкоўскі (без пазнакі арганізацыі; дырэктар BISS, палітолаг), Ягор Вярбіцкі (без пазнакі арганізацыі; менеджар у IT-сферы, раней – Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі).

Са сферы культуры: Андрэй Курэйчык (без пазнакі арганізацыі; рэжысёр і кінасцэнарыст) і Анжаліка Крашэўская (Беларуская рада культуры, экс-дырэктарка «Арт-Карпарэйшн»). З ліку блогераў і журналістаў: Ян Рудзік (без пазнакі арганізацыі; «Маланка Медыя», раней – «Nexta»), Арцём Прыпісноў (Youtube-канал «Беларускае»), Вольга Павук («Рудабельская паказуха»).

З дыяспараў: Стася Гліннік (сузаснавальніца Беларускага моладзевага хабу, Польшча), Арцём Лядоўскі (адміністратар аргкамітэту«Сусветнага кангрэсу беларусаў», адзін з заснавальнікаў групы «Беларусы замежжа», заснавальнік музычнага гурту «J:Mors», Аўстралія), Надзея Нортан (без пазнакі арганізацыі; прэзідэнтка Асацыяцыі беларусаў Амерыкі, ЗША), Раман Кісляк (беларуская дыяспара Аджарыі, Грузія, праваабаронца), Сяргей Сасін (супольнасць беларусаў Уроцлаву, Польшча), Ірына Маклейн (праект «Народныя амбасады Беларусі», Шатландыя), Ігар Юрчык (без пазнакі арганізацыі; стваральнік фонду «Беларусы Лодзі», Польшча), Міхаіл Таўбе (супольнасць «Беларусы замежжа», Нямеччына), Алесь Патрусаў («Nadzeya-UK», Злучанае Каралеўства), Дар’я Дзергачова («Razam e.V.», Нямеччына).

Сваіх ананімных прадстаўнікоў у Каардынацыйную раду дэлегавалі таксама BYPOL, «Цэнтр Беларускай Салідарнасці», «Belarus Free Center», «Экадом», «Zubr», актыў дыяспары Беластоку, «Моладзевы блок», латвійская «Суполка», Офіс па адукацыі для новай Беларусі, супольнасць «СтопПрапаганда», клуб «Літвіны», згуртаванне беларусаў Канады, чэшская арганізацыя «Беларускае студэнцтва», рух «Legalize Belarus», ініцыятыва «Годна», асацыяцыя «Асвета», ініцыятыва «HUB9», дацкая «Талака», «Human Rights Impact», Беларускі дом у Эстоніі, Задзіночанне беларускіх студэнтаў, фонд «Żyvi», асацыяцыя беларусаў у Нідэрландах «Мара», асацыяцыя «New Group».

Акрамя таго, некаторыя чальцы Каардынацыйнай рады ў спісе не маюць пазнакаў аб прыналежнасці да нейкай арганізацыі, а інтэрнэт-пошук не выдае звестак аб іхнай ранейшай палітычнай актыўнасці. У ліку такіх Аліна Харысава, Аляксандр Кавалёў, Наталля Масюк, Сяргей Баранаў, Аляксандр Бубен.

Разбор
Каардынацыйную раду амаль дарэфармавалі. Чаму так доўга? І ці раскажуць, каго ўзялі?
2023.02.06 14:18

Чаму спіс часткова закрыты і хто выбіраў гэтых людзей

З самога пачатку Каардынацыйную раду вырашылі не рабіць максімальна публічнай праз пагрозу рэпрэсіяў чальцам у Беларусі і тым, хто за мяжой, але мае ў Беларусі блізкіх, расказваў «Белсату» Мацкевіч – сябра прадстаўнічай працоўнай групы ў справе рэформе КР. Хтосьці мае сваякоў у Беларусі, якім можа пагражаць небяспека, а чыесьці арганізацыі працягваюць дзейнасць у Беларусі. Дэлегатам у анкеце прапаноўвалі варыянты: назваць імя і арганізацыю, толькі арганізацыю, толькі імя.

Наўпроставыя выбары, як у парламент, з удзелам усіх ахвочых грамадзянаў Беларусі выбарчага ўзросту вырашылі не праводзіць з меркаванняў бяспекі і праз немагчымасць зладзіць верыфікацыю выбарнікаў у Беларусі. Дый Каардынацыйная рада, тлумачыць Мацкевіч, – гэта прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, таму за дэлегатаў галасавалі дэмакратычныя сілы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Дэлегатаў ад арганізацыяў і ініцыятываў выбіралі самі арганізацыі і ініцыятывы ў групах, разбітых па напрамках дзейнасці. Потым гэтыя выбраныя дэлегаты і чальцы старога складу КР ладзілі рэйтынгавае галасаванне па свабодных вылучэнцах, якія не прадстаўлялі арганізацыі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў