Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ўжо 1000 дзён застаецца за кратамі.
Жонка палітвязня Наталля Пінчук распавяла «Associated Press», што апошніх паўгода Бяляцкага трымаюць у адзіночнай камеры, нягледзячы на ягоныя хранічныя захворванні.
«Ад людзей, якія выйшлі з турмы, мне стала вядома, што стан Алеся працягвае пагаршацца і ён не атрымлівае пэўных лекаў, якія яму неабходныя», – сказала Пінчук.
Яна заклікала ААН «дзейнічаць больш актыўна», каб дапамагчы Бяляцкаму і іншым палітзняволеным у Беларусі.
Нагадаем, у сакавіку 2023 года лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў былі асуджаныя на 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.
Глеб Нержын belsat.eu