news
Аналітыка
Амністыя 2024 года ў Беларусі. Калі яна будзе і каго па ёй вызваляць, а каго – не
У Беларусі ўжо паўгода вядуцца размовы пра рыхтаванне масавай амністыі.
15.04.202409:46

У Беларусі ўжо паўгода вядуцца размовы пра рыхтаванне да масавай амністыі з нагоды вызвалення краіны ад нацыстаў улетку 1944 года. Аднак за гэты час афіцыйнага дакументу на гэты конт гэтак і не апублікавалі, а ўся інфармацыя пра магчымую амністыю грунтуецца выключна на заявах чыноўнікаў і розных злівах. «Белсат» сабраў усё, што вядома пра амністыю на гэты момант.

Старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі Валянцін Сукала (пасярэдзіне).
Фота: psu.by

Пра тое, што ў Беларусі рыхтуецца новая амністыя, з неафіцыйных крыніцаў сталася вядома яшчэ ў кастрычніку 2023 года. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі Валянцін Сукала на сустрэчы са сваякамі вязняў. Пры гэтым ён зазначыў, што спачатку трэба дачакацца выбараў, прызначаных на 25 лютага, бо ўлады былі занепакоеныя тым, як яны пройдуць. Пасля гэтага, у сакавіку, практычна першым нумарам на парадку дня будзе стаяць зацвярджэнне Закону аб амністыі, сказаў Сукала. Аднак цяпер ужо амаль сярэдзіна красавіка, а дакументу гэтак і не зацвердзілі.

Нетрадыцыйны падыход да амністыі

Афіцыйна ўлады паведамілі пра рыхтаванне амністыі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў толькі 11 студзеня 2024-га. З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка нават сабраў адмысловую нараду. У прыватнасці ён заклікаў «падысці да пытання амністыі нетрадыцыйна» і «больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных».

Таксама было даручана праверыць, «ці адпавядаюць прызначаныя меры пакарання цяжару злачынстваў і той небяспецы, якую ўяўляюць гэтыя людзі для грамадства». Паводле Лукашэнкі, трэба не паўтарыць хібаў мінулых амністыяў і быць больш «асцярожнымі пры вынясенні пакаранняў, асабліва ў судзе». Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што з прычыны нястачы кадраў вызваленых паводле амністыі трэба будзе абавязкова працаўладкаваць, бо «некаторыя енчаць, што ім два дзясяткі людзей на прадпрыемстве бракуе».

Адна з навацыяў гэтага года – прапанова зменшыць тэрмін шматдзетным і не пазбаўленым бацькоўскіх правоў жанчынам, асуджаным за забойства або нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло да смерці, без прыкметаў, якія абцяжарваюць адказнасць. У прыватнасці абмяркоўвалі выпадак, калі жанчына забіла мужа, які яе моцна збіваў. І гэта пры тым, што сам Лукашэнка ў 2018 годзе скасаваў прыняцце Закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.

Женская исправительная колония №4 в Гомеле
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гомельская жаночая папраўчая калонія № 4. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Карупцыянеры і забойцы – так, палітвязні – не

Ужо пасля нарады ў Лукашэнкі міністр унутраных справаў Іван Кубракоў назваў галоўнай асаблівасцю 2024 года амністыю жанчын з няпоўнагадовымі дзецьмі, а таксама мужчынаў, на выхаванні якіх застаюцца няпоўнагадовыя. Асаблівую ўвагу звернуць на шматдзетных маці.

«Прапанаванае новаўвядзенне – ужыць амністыю да асобаў, асуджаных за асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку забойствы і цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да смерці», – патлумачыў міністр.

Безумоўнае вызваленне ад пакарання могуць атрымаць асобы, якія здзейснілі злачынствы, што «не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх». Гэтак, пад амністыю могуць трапіць:

  • няпоўнагадовыя;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і самотныя мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, асобы пенсійнага веку;
  • людзі з інваліднасцю I і II групаў, хворыя на актыўныя формы туберкулёзу, хворыя на анкалагічныя хваробы і ВІЧ-інфікаваныя;
  • ветэраны баявых дзеяў на тэрыторыі іншых дзяржаваў;
  • грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, асобы з ільготамі.

Таксама прапануецца скараціць тэрмін на год асобам у веку да 18 гадоў, асуджаных за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ды іх прэкурсораў. На амністыю таксама могуць спадзявацца асуджаныя за карупцыйныя злачынствы.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, плануецца вызваліць з месцаў пазбаўлення волі каля 900 асобаў, з папраўчых установаў адкрытага тыпу – 460 і каля 2,5 тысячы асобаў прапануецца зняць з уліку крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Канкрэтных тэрмінаў амністыі кіраўнік МУС не назваў.

І калі за забойства амніставаць могуць, то палітычным вязням, усё злачынства якіх часта заключалася ў каментаванні ў інтэрнэце ці выхадзе на праезную частку, на амністыю разлічваць не варта, бо «яны не ўсвядомілі, што здзейснілі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vadim Rymakov / TASS / Forum

«Мы прапанавалі: экстрэмісты і тэрарысты, асуджаныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, – да іх амністыі не ўжываць. Нашую прапанову падтрымалі. Бо ўсе разумеюць, што здзейснілі гэтыя людзі. І на сёння праблема застаецца», – заявіў Кубракоў.

Паводле міністра, «экстрэмізм [чытай – палітычная нелаяльнасць рэжыму Лукашэнкі. – Заўвага рэд. belsat.eu] – гэта страшнае злачынства».

Хто канкрэтна «не заслужыў» амністыі?

У лютым аб’яднанне «BELPOL» пералічыла больш як 20 крымінальных артыкулаў, асуджаныя паводле якіх могуць не спадзявацца на амністыю. Гэтак, на свабоду не змогуць выйсці асуджаныя за:

  • генацыд (арт. 127 КК);
  • распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК);
  • рэабілітацыю нацызму (арт. 130-1 КК);
  • фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці (арт. 290-1 КК);
  • спрыянне тэрарыстычнай дзейнасці (арт. 290-2 КК);
  • масавыя закалоты (арт. 293 КК);
  • арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК);
  • паклёп на Лукашэнку (арт. 367 КК);
  • знявагу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) ды іншыя.

Амністыя не будзе таксама ўжывацца ў дачыненні асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу (328 КК).

Як заўважае «BELPOL», тым не менш амністыю прапаганда будзе падаваць свету як прыкмету дэмакратызацыі рэжыму і праяву яго гуманізму.

На што намякала Чупрыс?

У сакавіку намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс расказала, што на памілаванне ўсё ж могуць разлічваць тыя, каго асудзілі за «злачынствы пратэставага кірунку». Аднак агучаныя ёю лічбы ўжо памілаваных палітвязняў не адпавядалі вядомым фактам, і таму ўся ейная заява выглядае даволі сумнеўнаю. Ці разглядаюцца прашэнні аб памілаванні ад палітычных вязняў, яна так і не адказала.

Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс.
Фота: БелТА

Паводле Чупрыс, дакумент пра амністыю на момант размовы ўжо быў адпрацаваны і нават у першай рэдакцыі ўзгоднены з усімі зацікаўленымі:

«Ідзе дашліфоўванне. Далей законапраект паступіць ва ўстаноўленым парадку ў парламент».

За месяц, што мінуў з моманту ейных заяваў, ніякіх навінаў пра дакумент не было.

Варта адзначыць, што 13 сакавіка Лукашэнка памілаваў 15 асобаў, з якіх 11 – няпоўнагадовыя, 9 – жанчыны. Частцы з іх пакаранне замянілі на больш мяккае, астатнім скарацілі неадбыты тэрмін пакарання. Але імёны памілаваных і артыкулы, паводле якіх іх асудзілі, не называліся. Магчыма, вялося якраз пра тыя выпадкі супрацьстаяння хатняму гвалту, якія абмяркоўваліся на нарадзе ў студзені.

Амністыя і артыкул 328

Асобным пытаннем таксама ёсць амністыя ў дачыненні асобаў, асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу (328 КК). З аднаго боку, улады кажуць, што тыя на палёгку разлічваць не могуць, а з другога – прапануюць скараціць тэрмін на год няпоўнагадовым. У 2022-м амністыя зусім не закранала гэтага артыкулу, але ў 2019-м асуджаным паводле частак 1, 2, 3 артыкулу 328 КК скарацілі тэрмін пакарання на адзін год, а няпоўнагадовым – на два. Але дасюль ніводная амністыя не закранала частак 4 і 5.

На гэты раз актывісты Матчынага руху 328 сабралі больш як 800 подпісаў пад зваротам да ўладаў з просьбай ужыць амністыю да асуджаных за нарказлачынствы. У звароце яны ўказалі, што тэрміны зняволення несувымерныя са злачынствам, з прычыны чаго тысячы маладзёнаў, у тым ліку няпоўнагадовыя з 14 гадоў, трапілі ў калоніі ў сярэднім на 10 гадоў. Сваякі адзначалі, што асноўная маса асуджаная ўпершыню, і гэта моладзь да 30 гадоў, а каля 30 % вязняў калоніяў адбываюць пакаранне паводле артыкулу 328 КК.

Аўтары петыцыі прасілі змяніць заканадаўства ў бок змякчэння ніжніх і верхніх парогаў усіх частак артыкулу 328 КК і ўжыць амністыю таксама для ўсіх частак гэтага артыкулу ў якасці акту гуманнасці ад дзяржавы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі штабу Святланы Ціханоўскай сустрэліся з маці-328, якія абвесцілі галадаванне 16 ліпеня 2020 года. Жанчыны з Матчынага руху 328 змагаюцца за справядлівыя прысуды і змяншэнне тэрмінаў зняволення паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу РБ («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»). Пухавіцкі раён, Беларусь. 22 ліпеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І хоць зварот быў вытрыманы ў «падкрэслена пахвальным адносна ўладаў тоне», на сваякоў асуджаных ужо накінулася на старонках «СБ» прапагандыстка Алена Красоўская. Яна агулам здзівілася, што Матчын рух 328 усё яшчэ існуе ў Беларусі, хоць ён нібы «ўсімі сіламі дыскрэдытуе праваахоўныя і судовыя органы нашай краіны».

Таксама, паводле звестак праваабаронцаў, і пракурор Андрэй Швед адмовіўся надалей сустракацца з маці-328. А ягоны намеснік Аляксей Стук 29 лютага паведаміў сваякам асуджаных, што толькі няпоўнагадовым зменшаць тэрміны на адзін год, а тым, каму засталося сядзець да канца тэрміну менш за паўтара года, абяцаюць замяніць пакаранне больш мяккім.

«Іншых паслабленняў не плануецца. Такая пазіцыя пракуратуры наконт амністыі да 80-годдзя вызвалення Беларусі», – адзначалі праваабаронцы.

Помста за страхі і траўмы ўладаў

У каментары «Белсату» палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч адзначыў, што закон пра амністыю можа з’явіцца перад 3 ліпеня – афіцыйнай даты вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Нежаданне ўладаў залучыць у амністыю палітычных вязняў эксперт патлумачыў тым, што гэта «палітычныя ворагі рэжыму, і адносна іх ніякіх паслабленняў улады не робяць». У тым ліку таму, што баяцца паўтарэння пратэстаў 2020 года, але таксама і таму, што «жадаюць адпомсціць за тыя страхі і траўмы, якія яны перажылі».

«Нават калі глядзець афіцыйныя медыі: з кім вядуць барацьбу ўлады? Ні з забойцамі, ні з карупцыянерамі, а з палітычнымі праціўнікамі. Улады не хаваюць гэтага», – патлумачыў выбарачнасць амністыі палітычны аглядальнік.

Незалучэнне ж у прапанаваны дакумент асуджаных паводле артыкулу 328 КК, Карбалевіч звязаў з асабістым стаўленнем да іх Лукашэнкі. Суразмоўца падкрэсліў, што Беларусь – адна з рэдкіх краінаў у свеце, дзе караюць не толькі за распаўсюд, але і спажыванне наркотыкаў:

«У Беларусі ўсё палітычнае жыццё падпарадкаванае ўяўленням аднаго чалавека».

Не бачыць эксперт і прыкметаў таго, што зварот сваякоў асуджаных можа неяк паўплываць на іхнае залучэнне ў праект амністыі. Як падкрэсліў Карбалевіч, пасля 2020 года ўлады «ўвогуле адключылі ўсялякую зваротную сувязь з грамадствам». І таму зменаў у гэтым пытанні чакаць наўрад ці выпадае, заключыў аглядальнік.

Каментар
«У рэжыму няма матывацыі». Чаму не амністуюць палітвязняў?
2024.01.11 17:53

Макар Мыш belsat.eu