Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што суд Савецкага раёна Менска 10 лютага вынес прысуд 50-гадоваму палітзняволенаму Аляксею Кірэеву за ўдзел у пратэстах 2020 года.
Суддзя Аляксандр Воўк прысудзіў палітвязню пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывіста «Народнай Грамады» абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Аляксея Кірэева затрымалі 28 кастрычніка 2022 года і пасля 10 содняў у ізалятары перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага па крымінальнай справе.
Вядома, што Аляксей удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Яго затрымлівалі ад пачатку выбарчай кампаніі каля дзесяці разоў, тройчы ён быў пакараны адміністратыўнымі арыштамі на тэрміны ад 5 да 15 содняў.
Глеб Нержын belsat.eu