Вольга Івашына: Трэба вызваляць палітвязняў любымі дасяжнымі сродкамі


Увечары 12 сакавіка 2021 года супрацоўнікі КДБ у Горадні затрымалі журналіста і валанцёра міжнароднай супольнасці InformNapalm Дзяніса Івашына. Жонка Дзяніса Вольга была вымушаная з’ехаць у Польшчу, яна не бачыла мужа з таго самага дня. Мы паразмаўлялі з ёй пра тое, якімі былі гэтыя тры гады без каханага чалавека побач. 

Гадавіна Слуцкага збройнага чыну
Вольга Івашына, жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына, прымае ўдзел у шэсце да Дня беларускіх герояў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Дзянісу Івашыну 44 гады, жыў у Горадні, быў рэдактарам-валанцёрам беларускай версіі сайта міжнароднай расследацыйнай супольнасці InformNapalm і пазаштатным карэспандэнтам беларускага выдання «Новы Час». Ён вядомы расследаваннямі аб уплыве «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, аб скандальным будаўніцтве рэстарана каля ўрочышча Курапаты ў Менску, а таксама аб службе былых супрацоўнікаў украінскага падраздзялення «Беркут» у сілавых структурах Беларусі. Менавіта апошняе, як мяркуюць калегі і блізкія журналіста, стала падставай для яго затрымання.

Дзяніса асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі. Спачатку яго накіравалі ў Магілёўскую калонію, але пазней зрабілі больш жорсткім рэжым утрымання: з чэрвеня 2023 года Дзяніс знаходзіцца ў Жодзінскай турме. У трэцюю гадавіну з дня арышту журналіста мы паразмаўлялі з яго жонкай Вольгай Івашынай.

«Я нават не ведаю, ці ўмее Дзяніс крычаць»

Усур’ёз журналістыкай Дзяніс зацікавіўся пасля апошняга Майдану. Яго бацька – украінец, у Дзяніса ёсць карта замежнага ўкраінца. Журналіст паехаў у Кіеў, дзе пазнаёміўся з хлопцамі з InformNapalm, якія адсочвалі расейскую агрэсію ва Украіне. Дзяніс спачатку займаўся там перакладамі, пасля пачаў пісаць пра Беларусь і з галавой заглыбіўся ў гэтую працу.

На хвалі салідарнасці з Украінай Дзяніс пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай – Вольгай. Калі Расея анексавала Крым і пачала вайну на ўсходзе Украіны, Вольга, заўважыўшы ў Горадні машыну з расейскімі нумарамі, клала пад дворнікі ўлёткі з тэкстам кшталту: «Вярніце Крым», «Рукі прэч ад Украіны». Рабіла так некалькі месяцаў, пакуль яе не заўважыў «неабыякавы грамадзянін». Дзяўчыну затрымалі, склалі на яе пратакол, прызначылі суд. Пра гэта напісалі ўсе незалежныя СМІ. Дзяніс даведаўся пра гэта і зацікавіўся Вольгай, знайшоў яе праз Facebook, а потым яны пабачыліся на курсах «Мова нанова». Неўзабаве пачалі сустракацца.

«Дзяніс даволі адкрыты, шчыры, сумленны. Ён заўсёды адказна ставіўся да сваёй працы, быў упэўнены ў тым, што робіць нешта патрэбнае. А яшчэ ён вельмі рамантычны. Ён заўсёды называў мяне сонейкам і зайчыкам, мы часта ездзілі да яго на вёску і ноччу глядзелі на зоркі ў тэлескоп», – распавядае Вольга Івашына.

Дзяніс зрабіў ёй прапанову ў 2018 годзе гэтак жа рамантычна: падчас паездкі ў Вільню на гары Трох крыжоў, стаўшы на адно калена. Маладзёны ладзілі вяселле ў нацыянальных традыцыях, шылі спецыяльныя строі з арнаментам, а святкаваць вырашылі ў вёсцы.

«У сямейных стасунках Дзяніс вельмі адказны і надзейны. Для яго няма праблемы з дапамогай па дому. Я нават не ведаю, ці ўмее ён крычаць. У нас поўныя павагі і кахання адносіны. Зараз ён вельмі сумуе і шкадуе аб часе, які ў нас забралі», – кажа Вольга.

Дзяніс і Вольга Івашыны падчас шэсця Дзяды. Кастрычнік 2018 года. Фота з сямейнага архіву

Арышт і «драконаўскі» прысуд

Вольга не бачыла мужа з самага моманту яго затрымання – 12 сакавіка 2021 года. У той дзень да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар абшукалі жыллё Дзянісавай маці, а 15 сакавіка прыйшлі з ператрусам да ягонай 95-гадовай бабулі. Супрацоўнікі КДБ вымалі ўсё, што звязвае Дзяніса з Украінай.

«Заставацца ў Беларусі быў наш свядомы выбар. І хоць мы не раз абмяркоўвалі тое, што Дзяніса могуць затрымаць, тое, што гэта здарылася, стала шокам. Я была разгубленая», – узгадвае тыя падзеі Вольга.

Напярэдадні журналіст зрабіў і апублікаваў на старонках выдання «Новы час» вялікае расследаванне аб былых супрацоўніках расфармаванага ва Украіне спецпадраздзялення «Беркут», якія пасля ўцёкаў з Украіны перайшлі на службу рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Перад затрыманнем, 11 сакавіка, ён даваў інтэрв’ю ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время» пра трэцюю частку гэтага расследавання.

Заклікі спыніць палітычны пераслед Дзяніса Івашына ды іншых беларускіх журналістаў выказалі дыпламаты розных краін. Таксама да публічных заяваў з патрабаваннем вызваліць і спыніць палітычны пераслед Івашына далучыліся медыі з Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы ды іншых краінаў.

14 верасня 2022 года суддзя Валер Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК РБ («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных справаў») і ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяцу калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. КДБ абвінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскаю выведкаю. Вядома, што ў першы дзень перад пачаткам суда Дзяніс Івашын выкрыкнуў у калідоры «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Расследаванне «Новага часу».
Фота: Дзяніс Івашын

Перад пачаткам суда дзяржаўныя медыі апублікавалі версію абвінавачвання ад КДБ. У ёй гаворыцца, што «украінскі бок» «заахвочваў» журналіста за працу: напрыклад, Граматай намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова і картай замежнага ўкраінца. Сілавікі распавялі, што Івашын «пад непасрэдным куратарствам з Кіева» збіраў звесткі пра расейска-беларускае вайсковае, палітычнае, эканамічнае, культурнае супрацоўніцтва, пра пастаўкі ў анексаваны Крым і самаабвешчаныя ДНР і ЛНР беларускай прадукцыі, а таксама інфармацыю пра сілавікоў, «аб’яднанні казакоў» і былых беркутаўцаў.

«Аўтарам рэгулярна ажыццяўляліся інфармацыйныя ўкіды адносна так званых варожых дзеянняў Расеі ў дачыненні да Украіны і Беларусі», – сцвярджалі ў КДБ.

Дзяніс Івашын правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 18 месяцаў. За гэты час ён перажыў сэрцавы прыступ, перахварэў на невядомую інфекцыю. На вязня ціснулі: яму блакавалі ліставанне з роднымі, яго неаднаразова кідалі ў карцар. У траўні 2021 года ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі на пахаванне.

Пасля прысуду Дзяніса адправілі адбываць пакаранне ў Магілёўскую калонію №15. Аднак там ён сутыкнуўся з ціскам з боку адміністрацыі, яго ўвесь час кідалі ў ШІЗА. У сваякоў ёсць сведчанні, што журналіста збівалі. Але ў чэрвені 2023 года Дзяніса таемна судзілі ў калоніі і на тры гады адправілі ў крытую турму Жодзіна.

Даведка
Даведка. Турэмны рэжым – гэта камерныя ўмовы ўтрымання, дзе, у адрозненне ад калоніі, зняволеныя ўвесь час сядзяць у чатырох сценах. У камерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж людзьмі колькасцю ад 3 да 12 чалавек. У турме ёсць два рэжымы – строгі і агульны. Адразу пасля прыбыцця ў турму зняволены трапляе на строгі турэмны рэжым, а на агульны яго могуць перавесці толькі праз паўгода паводле рашэння начальніка ўстановы. Строгі рэжым прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага.

Каханне як жыццё, надзея і мэта

За кратамі Дзяніс стараецца не марнаваць час, шмат чытае, аналізуе інфармацыю, якая яму дасяжная, робіць прагнозы на будучыню. За час зняволення ён вельмі схуднеў, але на здароўе і ўмовы не скардзіцца.

«За кратамі Дзяніс прыйшоў да Бога, стаў практыкуючым вернікам. Вера дапамагае яму трываць усе выпрабаванні. Хоць яму і перашкаджаюць у малітвах, выкарыстанні рэлігійных атрыбутаў: ружанец у яго забіралі двойчы, малітоўнік перадалі толькі пасля нагадвання пра канстытуцыйныя правы, а Евангелле па-беларуску, замоўленае для яго праз інтэрнэт, не прынялі ў турме. У нас з ім ёсць час для супольнай малітвы, і гэта дапамагае падтрымліваць духоўную сувязь нават на адлегласці», – кажа Вольга.

Зараз ад Дзяніса родным даходзяць лісты і паштоўкі, а раз на месяц ён ім тэлефануе. Праўда, тэлефанаванне за люты чамусьці перанеслі на сакавік.

Дзяніс Івашын.
Фота: Дзяніс Івашын / Facebook

«Маці бачыла Дзяніса двойчы: пасля прысуду і першай апеляцыі ўвосень 2022 году. Упершыню Дзяніс пазваніў сёлета ў траўні. Размова доўжылася 4,5 хвіліны. Мы практычна нічога не паспелі за гэты час. Але абодва былі шчаслівыя пачуць адзін аднаго ўпершыню за больш як два гады. Ён сказаў, што сумуе. Ягоны голас не змяніўся, ён такі ж баявы і пяшчотны», – узгадвае Вольна Івашына.

У сваіх лістах Дзяніс шмат разважае, аднойчы правёў мовазнаўчы аналіз творчасці Васіля Быкава. Піша ўспаміны пра вёску, пра падарожжы, а таксама вершы пра каханне.

«Дзякуй, Волечка, што ты ёсць у маім жыцці. Дзякуй за нашае ўзаемажыццё, у якім мы з табою – часткі аднаго цэлага. Я ніколі не стамлюся дзякаваць Пану нашаму за цябе! За тое, што злучыў нашыя лёсы, нашыя сэрцы й душы. Кожнага дня малюся за цябе, для мяне гэта ўжо неад’емная частка жыцця», – пісаў Дзяніс у адным з лістоў.

«P.S.S. Майму Сонейку – Воленьцы перадайце, што яна для мяне жыццё, якім я жыву, надзея, якой я сябе натхняю, мэта, да якой я бязмежна імкнуся», – пісаў Дзяніс пра жонку бацькам.

«Як жа ж хочацца занурыцца цалкам у жыццё нашага маёнтку! Адчуць вясновыя пахі, пабачыць уласнавоч, як жыццё паноўна прачынаецца ад зімовага сну. Дапамагаць Вам. Спрачацца, рэфлексаваць, гавэндзіць на разнастайныя тэмы ў альтанцы. Спаўзіраць і натхняцца жыццём. Спадзяюся на Пана Госпада нашага, што неўзабаве ў нас гэта ўсё атрымаецца! Ужо бачу, як матуля выносіць і нясе да нас паднос з гарбатаю, кубачкамі і сочывам», – пісаў Дзяніс пра вясковы дом пад Горадняй.

Журналіст даведваецца навіны з лістоў ад родных, тэлефонных званкоў і выпісаных выданняў. Хоць у камеры няма тэлевізара, важныя навіны ён даведваецца хутка. Так, праз два дні пасля атакі Хамасу на Ізраіль, ён напісаў ліст, у якім пытаўся, што з блізкімі і сябрамі, якія жывуць у Ізраілі.

Артыкулы
«Зрабіць з яго баевіка не атрымаецца»: хто такі журналіст Дзяніс Івашын, якога КДБ затрымаў у Горадні
2021.04.21 08:30

«Баяцца і нічога не рабіць – гэта не варыянт»

Вольга адзначае, што Дзяніс усё гэтак жа не губляе духу і аптымістычна глядзіць у будучыню. Сама ж яна больш думае аб тым, якім чынам можна вызваліць палітвязняў.

«На чацвёрты год трэба прызнаць, што рэальнай сілы мы не ўяўляем. І з нам і ніхто размаўляць не збіраецца – у рэжыму ўсё нармальна. А закладнікі – нашыя родныя, якія пакутуюць за кратамі. Адзінае, што можа напэўна зрабіць, гэта спрабаваць прымусіць рэжым да перамоваў, але не з намі, а з тымі, хто хоць штосьці можа прапанаваць ці запалохаць. Кшталту мы зачыняем усе межы, пакуль вы не вызваліце ўсіх палітвязняў. Мы нічога не можам зрабіць, але можам прасіць тых, хто можа. Трэба спусціць пытанне палітвязняў з палітычнага на гуманітарны ўзровень. Трэба вызваліць людзей – любымі дасяжнымі сродкамі», – разважае Вольга Івашына.

Цяпер многія родныя палітвязняў хаваюць інфармацыю пра сваіх блізкіх за кратамі, каб ім нібыта не нашкодзіць. На думку нашай суразмоўцы, гэта не зусім слушна.

«Ад таго, што родныя палітвязняў хаваюць пра іх інфармацыю, лепш дакладна не становіцца. І хаця б не стала горш. Спачатку пра Алеся Пушкіна пісалі вельмі шмат. Пасля судзілішча пра яго не было ніякіх звестак, і праз нейкі час яго забілі. І гэта не адзіны выпадак. Тое самае з Ігарам Леднікам, пра якога з моманту затрымання нічога не пісалі. А яго давялі да смерці.

Страшна нічога не казаць, нічога не пісаць, бо гэта небяспечна для вязняў. Хоць я разумею, што бываюць розныя сітуацыі. Адміністрацыя магілёўскай калоніі спрабавала ціснуць на нас, каб я нічога не пісала пра Дзяніса. З самага пачатку адвакаты былі пад падпіскай аб неразгалошванні, каб не дай Божа нехта штосьці не даведаўся. Мы ж вырашылі дзейнічаць ад адваротнага: максімальна поўна паведамляць аб тым, што адбываецца з Дзянісам. Ён сам у нейкім інтэрв’ю калісьці казаў, што баяцца і нічога не рабіць – гэта не варыянт. Часта сваякоў запалохваюць, што вязню будзе толькі горш. Але куды ўжо горш – чалавека несправядліва пазбавілі волі, з яго здзекваюцца, яго катуюць. Ад маўчання родных яму не будзе лягчэй. З ім што захочуць, тое і зробяць. Калі мы будзем маўчаць – мы проста развяжам рэжыму рукі», – перакананая Вольга.

Гадавіна Слуцкага збройнага чыну
Вольга Івашына, жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына, выступае з прамовай падчас святкавання Дня беларускіх герояў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сама дзяўчына зараз жыве ў Польшчы. Усе тры гады яна кожны дзень піша навіны аб заключэнні мужа, вядзе адмысловую групу ў Фэйсбуку і тэлеграм-канал. Гэта для яе – адмысловая форма змагання, якая дапамагла вытрываць гэтыя тры гады.

«Некалькі апошніх месяцаў я адчуваю пэўную стому. Увесь гэты час я знаходжуся ў падвешаным стане чакання. Разумею, што пакуль нельга нешта змяніць, на нешта паўплываць. Але спрабую трымацца годна, наколькі гэта дазваляюць сілы. А трымацца дапамагае каханне і разуменне, што праўда за намі. Робіш што можаш, а ў астатнім давяраеш Богу. Мне як хрысціянцы прасцей, я разумею, што гэта ўсё для чагосьці, не проста так», – падсумавала Вольга.

Hавiны
«Выстаўце ўльтыматум Лукашэнку». Ціханоўская заклікала ўмяшацца ў сітуацыю з палітвязнямі
2024.03.08 16:52

СП belsat.eu

Стужка навінаў