Ці ёсць у вас сваякі за мяжой?

У савецкі час станоўчы адказ на такое нескладанае пытанне гарантаваў грамадзяніну «асаблівае стаўленне». І яго, пытанне гэтае, задавалі. Пры прыёме на працу (прасоўванні ў службе), альбо ўступленні ў партыю, пры жаданні наведаць дружалюбныя (і не вельмі) краіны і ў масе іншых выпадкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтавакзал «Warszawa Zachodnia». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Першая ў свеце дзяржава рабочых і сялянаў» адчувала да ўласных грамадзянаў крайнюю ступень недаверу. Таму які-небудзь стрыечны дзядзька ў далёкім Парыжы, сам таго не жадаючы, мог з гэтага Парыжу моцна сапсаваць жыццё савецкаму пляменніку. Здавалася б, гэткі суровы час даўно мінуў і цяперашнія «ўсенародналюбімыя» мучаць народ крыху іншымі метадамі. Але гэта толькі здавалася.

Дырэктар адной з беларускіх школаў папярэдзіў завуча гэтай жа школы, што калі тая хоча застацца на сваёй пасадзе, то «ніякіх шэнгенскіх візаў і паездак у недружалюбныя краіны». Як вам? Шакуе? Ці ўжо нармальна?

У іншым выпадку аддзел кадраў буйнога дзяржпрадпрыемства правярае супрацоўнікаў на наяўнасць адміністратыўных і крымінальных спагнанняў за ўдзел у падзеях 2020 года і заадно задае роўна тыя ж пытанні: «Ці ёсць у вас сваякі за мяжою? Чым яны там займаюцца? Ці часта вы іх наведваеце? Пра што размаўляеце?» І не пашлеш жа, не адкажаш: «А ці вашая гэта справа?»…

Новы час наступае, і сама наяўнасць блізкіх, якія здолелі шчасліва пазбегчы блізкіх стасункаў з сістэмаю гвалту шляхам перамяшчэння за мяжу, яшчэ крыху – і станецца складам крымінальнага злачынства. А такіх шмат. Калі верыць ацэнкам чыноўнікаў, каля 350 тысячаў, так што дарослых сваякоў у Беларусі ў іх набярэцца відавочна больш за 1 мільён. Сама па сабе лічба, 350 тысячаў чалавек, – гэта, вядома, катастрофа.

З гэткаю хуткасцю людзі нават з Савецкага Саюзу не разбягаліся ніколі.

Паводле асобных ацэнак, пасля кастрычніцкага перавароту краіну пакінулі крыху больш за 2 мільёны чалавек (каля 2,3 % насельніцтва Расейскай імперыі ў межах 1917 года), з якіх траціна вярнулася назад. Беларускі «сыход» у адносных лічбах удвая страшнейшы.

Таму і сваякоў «на вялікай зямлі» засталося вельмі і вельмі шмат. Дзеці і бацькі, дзядулі і бабулі, браты і сёстры. І ў гэты момант, не ўсведамляючы памераў з’явы, дзяржаўная сістэма ўзяла відавочны курс на зачыстку.

Яно, вядома, правільна. Як можа эфектыўна займацца адукацыйным працэсам завуч беларускай сярэдняй школы, які наведаў да гэтага востраў Крыт альбо дабраўся да «Мона Лізы» ў Люўры? Якія ідэалагічныя ўстаноўкі ён зможа данесці настаўнікам? Або працаўнік МАЗу – як ён будзе тачыць каленвал, ведаючы, што роўна за такую ж працу ягоны таварыш на блізкім Захадзе атрымлівае ў чатыры разы больш і без праблемаў дазваляе сабе з сям’ёю на тыдзень выбрацца на той жа Крыт? Ці дастаткова роўным будзе гэты каленвал? Ці не павядзе спецыяліста да вельмі непатрыятычных думак?

Так што, вядома, такія абмежавальныя ініцыятывы ўладаў застаецца толькі падтрымліваць. Ну і што, што чэргаў з ахвочых папрацаваць не назіраецца ні ў школах, ні на гэтым самым МАЗе, дзе недакамплект рабочых складае ўжо 13 %. Хіба гэта можа спыніць «службу зачысткі»?

Ёсць, вядома, і іншы шлях. Можна жыццё ва ўласнай дзяржаве зрабіць такім, каб «з таго боку» пачалі хвалявацца за маральную ўстойлівасць грамадзянаў, якія раптам пачалі актыўна рабіць дзіркі ў плоце, каб падзівіцца на беларускі дабрабыт.

Але да гэтага пакуль няблізка, дый рэцэпт такога шчаслівага жыцця пакуль не знойдзены адмыслоўцамі з Акадэміі навук. Пакуль шукаюць. Знойдуць? Абавязкова! А пакуль, у чаканні, давядзецца ахоўваць чысціню шэрагаў, дбаць пільна. Але гэта ж таксама паўмеры.

Канчатковы пункт гэтага трэнду – аднаўленне добрай савецкай практыкі выязных візаў, допуску да кантактаў з варожаю заходняю цывілізацыяй толькі правераных (КДБ, партыйнымі органамі, раённаю паліклінікай і МАРГам) грамадзянаў. Каб, значыцца, строгі дзелавы гарнітур, чырвона-зялёны бляск у вачах і метадычка Мукавозчыка за пазухаю. Каб не ўзяць іх было ніякімі сваякамі!

Ты ім: «Ну паглядзі, як прыгожа, спакойна, добра!» А ён у адказ толькі сціснуў зубы, вочы ў падлогу і мармыча: «А ў нас лепш…»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў