Гамяльчанку, якую затрымалі падчас размовы з настаўніцай у школе, асудзілі на 3 гады калоніі


Жыхарку Гомля Жанну Волкаву судзілі паводле пяці крымінальных артыкулаў. Вырак: тры гады калоніі. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: tv8.md

Праваабаронцы нагадваюць, што Жанну Волкаву затрымалі яшчэ ў траўні 2023 года ў гомельскай школе № 63, куды яе паклікала для размовы настаўніца ейнай дачкі. Паводле «Гомельскай Вясны», «сілавікі», каб затрымаць гамяльчанку, змовіліся з настаўніцай.

Жанну Волкаву судзілі адразу паводле пяці крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 367 КК («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі»); ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»); ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»); ч. 1 арт. 368 КК («Знявага Лукашэнкі»); ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Hавiны
У Гомлі проста ў школе затрымалі маці аднаго з вучняў
2023.05.14 14:36

Крымінальную справу ў Гомельскім абласным судзе разглядаў Алег Харошка. Так званы суддзя праводзіў паседжанні ў закрытым рэжыме.

Як паведамляюць праваабаронцы, пасля выраку палітзняволеная Жанна Волкава накіравала скаргу ў Вярхоўны Суд. Яна ўтрымліваецца ў СІЗА № 3 Гомля. Жанчына – маці двух няпоўнагадовых дзяцей.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ўдакладняе, што Волкаву затрымалі спачатку за каментар пад артыкулам пра забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка («справа Зельцара»).

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», толькі за кастрычнік 2023 года паводле «пратэставых» крымінальных справаў у Беларусі асудзілі не менш за 45 чалавек. На 11 лістапада ў Беларусі палітычнымі вязнямі афіцыйна прызнаныя 1456 чалавек. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне – 1679 палітзняволеных. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.

Агляд
Хапун у Лідзе, арышт баранавіцкага праваабаронцы. Рэпрэсіі ў Дзень салідарнасці з Беларуссю
2023.11.12 22:49

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў