Масавыя затрыманні ў Гомлі: Каля 20 чалавек застаюцца ў жорсткіх умовах


Праваабаронцы і СМІ паведамляюць пра масавыя затрыманні ў Гомлі. Гаворка пра мінімум 20 чалавек, якіх трымаюць у жорсткіх умовах.

Затрыманых у Гомлі сілавікі фатаграфуюць і здымаюць іхныя вымушаныя прызнанні на відэа.
Фота: viasna96 / Telegram

14 сакавіка «Вясна» паведаміла, што ў Гомлі прайшла аблава, падчас якой сілавікі праверылі больш за 30 чалавек «на прадмет спрыяння экстрэмісцкім фармаванням». У сваю чаргу, радыё «Свабода» паведамляе, што затрыманых катуюць жорсткімі ўмовамі.

Паводле праваабаронцаў, з 30 схопленых падчас аблавы ў Гомлі сілавікі «выявілі сувязі замежных удзельнікаў экстрэмісцкіх фармаванняў і прыцягнулі больш за дваццаць чалавек да адказнасці», пакараўшы іх адміністратыўнымі арыштамі на 15 содняў кожнага. На праўладных Тэлеграм-каналах зʼявіліся адпаведныя фота і відэапрызнанні, запісаныя пад прымусам.

Паводле інфармацыі радыё «Свабода», сваякі арыштаваных не могуць перадаць ім неабходных рэчаў, бо перадачаў адмыслова не прымаюць. У выніку вязні застаюцца за кратамі без бялізны, матрацаў і сродкаў гігіены. Вядома, што кожныя дзве гадзіны праводзяць у камерах праверкі. Апроч таго, уначы затрыманых замест сну пераводзяць з камеры ў камеры, і яны не могуць адпачываць. Выданне звязвае затрыманні з распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі правесці «жэстачайшую зачыстку» пасля інцыдэнту ў Мачулішчах. Паводле звестак МУС, з 9 сакавіка схапілі каля 60 чалавек.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў