Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргі шасці віцяблянак на рашэнне суда Першамайскага раёну.
Жанчыны скардзіліся на дзеянні намесніка начальніка аддзелу міліцыі Першамайскага раёну падпалкоўніка Івана Доўгага.
У сярэдзіне студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў лесе шэсць жанчын: Людмілу Валадкевіч, Тамару Ільіну, Людмілу Камінскую, Алену Каснову, Раісу Кухту і Таццяну Севярынец, калі тыя выйшлі папрактыкавацца ў скандынаўскай хадзе.
Супрацоўнікі міліцыі палічылі заняткі спортам несанкцыянаваным мерапрыемствам.
Віцяблянак пратрымалі ў пастарунку 8 гадзінаў без ежы і магчымасці прыняць лекі. А пасля ўсіх іх – акрамя Таццяны Севярынец – накіравалі на ноч да суда ў ізалятар часовага ўтрымання.
У выніку суд спыніў справы, а жанчыны падалі пазовы на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі: затрыманне і змяшчэнне ў ІЧУ. Суддзя Першамайскага раёну Віцебску Жанна Васільева адхіліла ўсе 6 скаргаў і ўсклала на віцяблянак абавязак заплаціць судовыя выдаткі – па 4 руб. 85 кап. з кожнай.
З такім рашэннем жанчыны не згадзіліся і падалі скаргі ў абласны суд. Аднак безвынікова, бо суддзі палічылі, што Першамайскі суд увогуле не меў кампетэнцыі разглядаць справу як грамадзянскую.
Віктар Старавойтаў, belsat.eu