Пакуль за акіянам паказваюць новыя 13-я «айфоны», у Беларусі працягваюць затрымліваць, садзіць і судзіць з палітычных матываў. «Белсат» пераказвае галоўнае за 14 верасня – 400-ы дзень беларускага паслявыбарчага пратэсту.
Юзаф Станеўскі стаў новым беларускім мітрапалітам. Ён шэсць гадоў адказваў за рыхтаванне маладых святароў Гарадзеншчыны, з 2015 года быў Генеральным сакратаром Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Прызначэнне сталася шмат для каго нечаканым.
Былы кіраўнік Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў таксама атрымаў новую працу – Аляксандр Лукашэнка прызначыў яго «сенатарам» у Савет Рэспублікі. Міжнародная федэрацыя хакею адхіліла яго ад спорту за палітычны ціск на спартоўцаў і не выключае ягонага ўдзелу ў забойстве Рамана Бандарэнкі.
Віктару Бабарыку ў калоніі таксама прызначылі новую працу, умовы сталі істотна горшымі. Раней быў апольнікам у пякарні (за месяц зарабіў аж 1 рубель 60 капеек), стаў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. Цяпер нельга выходзіць з пякарні, дзе спёка нават пры выключаных печах.
А палітвязень Аляксандр Васілевіч напісаў за кратамі кнігу казак для дачкі. Кнігу бясплатна раздаюць у электронным выглядзе – гатовай да друку.
Гарадзенская тытунёвая фабрыка засталася без брэндаў «British American Tobacco» – тая кампанія спыніла супрацу праз санкцыі. ГТФ зараз страціць магчымасць выпускаць цыгарэты марак «Kent», «Pall Mall», «Rothmans» і іншых.
Праблемы, падобна, і ў падсанкцыйнага «гаманца» Лукашэнкі Аляксандра Зайцава: у ягоным футбольным клубе «Рух» тры месяцы не плацілі заробкі.
Палітычныя затрыманні і суды, падобна, не спыняюцца ні на дзень. Жыхара Ляхавічаў асудзілі на паўтара года калоніі за «арыенціроўку» на Лукашэнку. У Магілёве затрымалі сківічнага хірурга, пакаралі штрафам у 30 базавых. Менскага настаўніка абвінавацілі ў абразе памерлага міліцыянта. Стала вядома пра суд над восьмай групай у «карагоднай справе», у якой за год пакаралі ўжо 81 чалавека.
У бацькоў палітуцекача Андрэя Шарэнды правялі ператрусы – казалі, сыну трэба прасіць памілавання. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч, які месяц таму выйшаў на волю, з’ехаў з Беларусі.
Агулам у Беларусі ўжо 671 чалавек прызнаны палітвязенем.
Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай у справах Еўразвязу і Канстытуцыі Аўстрыі. Міністарка ўразілася «адвагай і дзейнасцю» Ціханоўскай. А заўтра Ціханоўская вылятае ў Парыж на запрашэнне міністра замежных справаў.
Праваабаронцы прасілі не пускаць Лідзію Ярмошыну назіральніцай на выбары ў Грузію. Беларускі ЦВК адказаў, што яна і не збіралася, але з Грузіі паведамілі, што «заяўка прыйшла менавіта з прозвішчам Лідзіі Ярмошынай», «пра іншыя прозвішчы гаворка не ішла».
Літва ж адмовіла ў прытулку 570 мігрантам, якія нелегальна прыйшлі праз Беларусь – усім, чые заявы ўжо разглядзела. На чарзе яшчэ больш як дзве тысячы заяваў.
А ў новых «iPhone» – без рэвалюцыяў. Большыя батарэі, хутчэйшыя працэсары, лепшыя камеры і меншая «грыўка» над экранам. Цэны на новыя «айфоны» на Захадзе засталіся звычайнымі, а ў Беларусі «айфоны» ўжо даўно прадаюцца па найвышэйшых або адных з найвышэйшых у свеце – можна чакаць, што і 13-я серыя будзе істотна даражэйшай за тыя цэннікі, што паказвалі на прэзентацыі.
АА belsat.eu