Стралялі з аўтамата ў сабаку. Жонка затрыманага экс-спецназаўца расказала пра візіт сілавікоў


Аднаго з інкасатараў «Белгазпрамбанку», затрыманых у верасні, дапытвалі зусім не наконт «абразы Лукашэнкі», як меркавалі раней, а нібыта за тое, што ён «фашыст» і збіраўся ехаць ва Украіну, расказала жонка.

Ян і Настасся Папковічы.
Фота: асабісты архіў Папковічаў / Медиазона

Настасся Папковіч, жонка затрыманага былога спецназаўца Яна Папковіча, расказала «Медиазоне» пра жорсткае затрыманне іхнай сям’і. Папковіч – адзін з дзясятка затрыманых у пачатку верасня інкасатараў «Белгазпрамбанку».

Паводле Настассі, муж звольніўся з працы 31 жніўня, а ўжо ў ноч на 3 верасня яны збіраліся з’ехаць у Польшчу, дзе жыве брат Яна, Станіслаў Папковіч. Ды ранкам 2 верасня ў кватэру, дзе жылі Ян і Настасся, уварваліся сілавікі. Уваходныя дзверы адчынілі ключом, а дзверы ў пакоях ужо выбівалі нагамі. Два сілавікі ў поўным рыштунку і з аўтаматамі ўварваліся ў пакой, дзе спалі Настасся і Ян, а таксама іхны сабака.

Сабака пачаў брахаць на незнаёмцаў – і адзін з сілавікоў стрэліў па ім з аўтамата, расказвае. Ян схапіў сабаку, паклаўся на яго і прасіў не страляць. Адна з куляў трапіла ў пысу, але раненне аказалася няцяжкім, пазней сабаку наклалі швы. Пасля страляніны сілавікі шукалі стрэляныя гільзы.

Ян зразумеў, што прыйшлі па яго. Адвёўшы акрываўленага сабаку на гаўбец, ён паклаўся на падлогу і склаў рукі за галаву. Сілавікі сталі крычаць, патрабаваць тэлефоны і паролі да іх. Затым пары дазволілі апрануцца, звялі Яна ў іншы пакой і доўга збівалі. Дапытвалі і жонку, пагражалі забраць дзяцей у прытулак, а яе пасадзіць на 10 гадоў. Сілавікі заяўлялі жанчыне, што ейны муж – «фашыст», дык «фашысткаю» мусіць быць і яна. Жанчыне было цяжка патлумачыць сілавікам, што татуяванне ў яе на шыі – не свастыка.

Затым затрыманых адвезлі ў частку Унутраных войскаў на вуліцы Маякоўскага. Настассю спачатку пакінулі звонку, затым завялі ў кабінет, дзе муж ляжаў на падлозе ў кайданках. Следчы пытаў жанчыну, навошта яны з мужам збіраліся ехаць ва Украіну – нібыта ён збіраўся стаць там наймітам, а яна – медсястрою, што муж – «адбіты, фашыст, супраць дзяржавы, мае няправільныя думкі, за гэта будзе сядзець вельмі доўга». Аргументы пра арандаваны дом у Польшчы ды падпісаную дамову арэнды не пераканалі следчага.

Пасля допыту сілавікі паехалі ў кватэру бацькоў Яна, дзе той быў зарэгістраваны. Там аказаўся старэйшы брат Яна, Алесь, які таксама збіраўся з’язджаць у Польшчу. Яго таксама пабілі і затрымалі. Затым Настассю адпусцілі, параіўшы «нікуды не з’язджаць». Праз 4 дні ёй паведамілі, што мужа перавялі ў СІЗА КДБ «за намер учыніць злачынства», але якое, не сказалі.

Ці мае Ян Папковіч дачыненне да «справы інкасатараў «Белгазпрамбанку», невядома. Яго затрымалі 2 верасня, іншых інкасатараў — 6 верасня.

Hавiны
«Зламалі плячо або руку». У Белгазпрамбанку затрымалі тузін інкасатараў, нібыта за абразу Лукашэнкі
2022.09.09 20:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў