16 чэрвеня ў швейцарскай Жэневе мае адбыцца сустрэча прэзідэнта ЗША Джоўзэфа Байдэна з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Чакаецца, што на ёй будзе абмяркоўвацца і Беларусь.
Джоўзэф Байдэн прыбыў на еўрапейскі кантынент 10 чэрвеня. Ён правёў перамовы з брытанскім прэм’ерам Борысам Джонсанам. Затым яны «зверылі гадзіннікі» з калегамі «Вялікай сямёркі» – кіраўнікамі Канады, Японіі, Францыі, Італіі, Нямеччыны і Еўрапейскага Звязу. 14 чэрвеня адбудзецца саміт NATO, дзе міжнародныя пытанні будуць абмяркоўвацца ў яшчэ шырэйшым коле.
Што на саміце G7, што на саміце Паўночнаатлантычнага альянсу абмяркоўвалася, сярод іншага, пытанне і Беларусі. Гэтак, кіраўнікі «Вялікай сямёркі» заклікалі да новых выбараў у нашай краіне, а ў парадку дня сустрэчы вайсковага боку значыцца пытанне «паветранага пірацтва» з боку афіцыйнага Менску. У абодвух выпадках на парадку дня і магчымыя санкцыі супраць Менску.
Галоўным пунктам еўрапейскага турнэ прэзідэнта ЗША стане сустрэча 16 чэрвеня з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. І хоць прэс-сакратар Пуціна кажа, што той не будзе наўмысна падымаць пытанне Беларусі, у Белым доме заявілі, што плануюць абмеркаваць і Беларусь, і нормы грамадзянскай авіяцыі.
Больш за тое, былы дарадца папярэдняга прэзідэнта ЗША Джон Болтан у артыкуле ў «The Washington Post» прапанаваў амерыканскім уладам абмяняць вызваленне Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі ды інтэграцыі з Расеяй на газаправод «Паўночная плынь – 2», які, на ягоную думку, «можна спыніць пры жаданні».
Пакуль жа кіраўнік афіцыйнага МЗС Уладзімір Макей называе заходніх палітыкаў «гаваркімі галавамі» без глузду ды «пігмеямі», а правы чалавека і дэмакратыю – мішурой, карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з экспертамі, чаго варта чакаць Беларусі ад будучай сустрэчы Пуціна і Байдэна.
Палітолаг, эксперт аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч адзначыў, што не чакае важных рашэнняў ад гэтай сустрэчы. Ён нагадаў, што тэма Беларусі будзе на ёй толькі адной з некалькіх і не самай галоўнай. Не верыць ён і ў магчымы «вялікі размен» дзеля Беларусі.
«Акрамя абмежаванага часу, ёсць і іншыя рэчы, якія перашкаджаюць прыняццю нейкіх рашэнняў. Напрыклад, недавер паміж кіраўнікамі Расеі і ЗША. Для прыняцця любых рашэнняў патрэбны давер, а яго цяпер няма. І гэта важная праблема», – адзначыў ён, дадаўшы, што няма і сведчанняў адносна таго, што такі размен прапрацоўваецца.
Паводле яго, Расея ўспрымае Беларусь як сваю дзялянку, на якую яна не хоча пускаць краіны Захаду. У той самы час для ЗША наша краіна «не самая важная ў расейска-амерыканскіх стасунках».
«Я б хутчэй чакаў нейкіх аўтаномных дзеянняў з боку ЗША. Было ж абяцанне ўвесці новыя санкцыі, у дадатак да ўжо ўведзеных. Гэта, мне падаецца, будзе важным», – мяркуе Валер Карбалевіч.
Не чакае нічога асаблівага ад сустрэчы Пуціна і Байдэна і кіраўнік Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
«Наўрад ці будзе нейкая вялікая здзелка паміж Вашынгтонам і Масквой падчас гэтых перамоваў. Сітуацыя ў стасунках даволі напружаная. Расея знаходзіцца пад санкцыямі. Была даволі рэзкая рыторыка з абодвух бакоў адносна палітыкі дзяржаваў. Таму максімальна, чаго можна чакаць ад гэтай сустрэчы – гэта набліжэння да нейкіх дамоўленасцяў», – заявіў палітолаг.
На ягоную думку, калі бакі знойдуць тэмы, якія маглі б зацікавіць адно аднаго, то сустрэча ў Жэневе «можа быць першым актам з серыі такіх перамоваў, якія потым адбудуцца, магчыма, з нейкім іншым працягам».
Аляксей Макаркін, першы віцэ-прэзідэнт расейскага Цэнтру палітычных тэхналогіяў, таксама сумняецца ў верагоднасці заключэння нейкай угоды ў стылі «жорсткай Realpolitik» паміж ЗША і Расеяй. Ён падкрэсліў, што для падобных угодаў трэба або пагроза вялікай вайны і нежаданне народаў ісці на яе (як у выпадку Мюнхенскай змовы 1938 года ці Карыбскага крызісу 1961–1962 гадоў), або адсутнасць у краінах магчымасці публічна выказваць грамадскае меркаванне (як падчас дамовы Нямеччыны і СССР у 1939 годзе). А «ў Амерыцы прэзідэнцтва Трампа паказала, што прэзідэнт можа далёка не ўсё», дадаў палітолаг.
Ён адзначыў, што падчас перамоваў Пуціна і Байдэна будзе абмяркоўвацца вельмі шмат пытанняў – ад барацьбы з глабальным пацяпленнем ды сітуацыі ў Афганістане. У выпадку Украіны, якую ЗША разглядаюць як краіну-партнёрку, бакі могуць акрэсліць чырвоныя лініі: гэтак, Масква будзе настойваць на неўступленні Кіева ў NATO, а Вашынгтон можа назваць гэта непрымальным, хоць і не будзе «моцна стымуляваць» далучэнне Украіны да Альянсу. Адносна ж Беларусі не будзе і гэтага, мяркуе Аляксей Макаркін.
«У выпадку Беларусі, я думаю, што Байдэн пазначыць пазіцыю Злучаных Штатаў, звязаную з неабходнасцю абароны правоў чалавека, нелегітымнасцю мінулых прэзідэнцкіх выбараў, непрызнаннем Лукашэнкі ў якасці законнага прэзідэнта Беларусі. Пуцін абазначыць сваю пазіцыю: Беларусь – суверэнная краіна, любое ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы і каляровыя рэвалюцыі недапушчальныя, а сам Лукашэнка з’яўляецца законным прэзідэнтам Беларусі», – лічыць эксперт.
На ягоную думку, Пуцін можа прызнаць неабходнасць правядзення канстытуцыйнай рэформы, «а якой яна можа быць – хай ужо вызначае беларускае грамадства і беларускі прэзідэнт». Агулам, адзначыў Аляксей Макаркін, бакі абмяняюцца пазіцыямі, зафіксуюць пратакол рознагалоссяў, але нават не пазначаць чырвонай лініі. Дый увагі Беларусі, заявіў палітолаг, шмат надавацца не будзе.
У сваю чаргу дырэктар беларускага Цэнтру стратэгічных і заходнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі мяркуе, што на сустрэчы ў Жэневе можа быць падрыхтаваная глеба для заключэння вялікая дамовы ў будучыні, у якой «у тым ліку будзе фігураваць і развязанне беларускага крызісу». На ягоную думку, у адказ на магчымы сыход Расеі з Данбасу Крамлю могуць прапанаваць у якасці «кампенсацыі», сярод іншага, і Беларусь.
«Відавочна, што і Масква, і Вашынгтон цяпер шукаюць магчымасць заключэння вялікай дамовы. І гэта сведчыць пра тое, што бакі гатовыя ісці на пэўныя кампрамісы. А з улікам таго, што Злучаныя Штаты ніякі не ўплываюць на ўнутрыпалітычную дынаміку беларускага крызісу і не маюць нейкіх эфектыўных інструментаў для гэтага, то саступіць у Беларусі дзеля таго, каб заахвоціць Расею пайсці на саступкі ў тых праблемах, якія хвалююць Вашынгтон, – гэта цалкам рацыянальны крок», – зазначыў Арсень Сівіцкі.
Ён дадаў, што супольнае амерыкана-расейскае развязанне беларускага крызісу адвакатуюць у тым ліку каманда Святланы Ціханоўскай і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Пры гэтым, на ягоную думку, у выпадку такой дамовы гаворкі пра ўключэнне Беларусі ў склад Расеі не будзе ісці. Захаванне суверэнітэту Беларусі – чырвоная лінія для Вашынгтону, падкрэсліў палітолаг.
Разам з тым у Расеі ў выніку з’явіцца больш інструментаў для палітычнай і эканамічнай экспансіі ў Беларусь. Для гэтага можа быць выкарыстаная і прапанаваная Крамлём схема трансфармавання Беларусі з суперпрэзідэнцкай у парламенцкую ці парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку, мяркуе Арсень Сівіцкі. Такая схема, паводле яго, можа атрымаць зялёнае святло ад ЗША.
«Гэты план так ці інакш прадугледжвае пэўную лібералізацыю палітычнай сістэмы, а значыць, адпавядае і тым каштоўнасным падмуркам вонкавай палітыкі Злучаных Штатаў, якую праводзіць адміністрацыя Джоўзэфа Байдэна», – заявіў палітолаг.
Пры гэтым ЗША могуць абяцаць не перацягваць Беларусь у Еўразвяз і NATO, хоць гандлёва-эканамічныя стасункі Беларусі з Захадам могуць умацавацца. А гэта можа быць выгадна і самой РФ, бо дазволіць ёй эканоміць свае сродкі, падсумаваў Арсень Сівіцкі.
МГ belsat.eu