Падрыхтоўка да СССР 2.0 ці руцінныя перамовы? Чаго чакаць ад перамоваў Лукашэнкі і Пуціна


Аляксандр Лукашэнка 17 лютага сустракаецца з Уладзімірам Пуціным у Маскве. Сустрэча адбываецца за тыдзень да гадавіны пачатку вайны, да чаго Крэмль можа прымеркаваць важныя палітычныя рашэнні – адпаведныя чуткі і прагнозы цяпер актыўна распаўсюджваюцца ў медыях і інтэрнэце. Што гэта можа значыць для Беларусі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Што абмяркоўваецца

Афіцыйна ніякіх прарыўных рашэнняў падчас перамоваў у Маскве не анансавалася. Прэс-служба Крамля распавяла пра маючы адбыцца візіт Лукашэнкі даволі руцінна: «плануецца разгледзець ключавыя пытанні далейшага развіцця расейска-беларускіх стасункаў стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва, а таксама інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы». Фактычна такі анонс падыходзіць ледзь не да кожнай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна.

Праўда, сам Лукашэнка больш змястоўна распавёў пра парадак дня перамоваў. Адказваючы на пытанне журналістаў 16 лютага, ён адзначыў, што падчас сустрэчы ў Маскве яны з Пуціным будуць абмяркоўваць пытанні бяспекі і, магчыма, сумеснай расейска-беларускай вайсковай групоўкі. «Але галоўнае (я ўжо казаў, што мы недзе ў красавіку-траўні рыхтуем пасяджэнне Найвышэйшага дзяржаўнага савету) – абмяркуем пытанні і эканамічнага, і вайсковага, і палітычнага характару, якія будуць абмяркоўвацца на Найвышэйшага дзяржаўнага савету», – падкрэсліў ён.

Такім чынам, паводле Лукашэнкі, сустрэчу ў Маскве варта разглядаць у кантэксце вясенняга паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы. Імаверна, маецца на ўвазе, што цяпер на перамовах мусяць быць прынятыя рашэнні, якія потым будуць фармалізаваныя на ўзроўні адпаведных дакументаў. Аналагічным чынам, напрыклад, у 2021 годзе адбывалася падпісанне 28 саюзных праграмаў: 9 верасня падчас сустрэчы ў Маскве Лукашэнка і Пуцін дасягнулі прынцыповай дамоўленасці і абвесцілі пра гэта, а на паседжанні Найвышэйшага дзяржаўнага савету 4 лістапада падпісалі адпаведныя дакументы.

Пры гэтым не факт, што пасля перамоваў 17 лютага пра прынятыя рашэнні ў прынцыпе абвесцяць. Сустрэча мусіць адбыцца ў фармаце тэт-а-тэт, а практыка паказвае, што пасля гэтага Лукашэнка і Пуцін часцяком не робяць наогул ніякіх публічных заяваў – проста моўчкі раз’язджаюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Тым больш не варта чакаць публічнага абвяшчэння рашэнняў, калі яны будуць тычацца ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. Сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў выказаў меркаванне, што падчас перамоваў у Маскве Пуцін зноў паспрабуе пераканаць Лукашэнку наўпрост уступіць у вайну. Аднак нават калі ў Пуціна атрымаецца гэта зрабіць, то Масква і Менск пастараюцца захаваць рашэнне ў тайне, каб не губляць эфект нечаканасці.

СССР 2.0?

Разам з тым, перамовы ў Маскве маюць адбыцца за тыдзень да першай гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі і Украіны, 24 лютага. Адмыслова да гэтай даты Крэмль прымеркаваў дзве важныя падзеі: зварот Пуціна на Федэральнага сходу, які запланаваны і пазачарговае сумеснае паседжанне Дзярждумы і Савету Федэрацыі. Прычым зварот Пуціна запланаваны на 21 лютага (гадавіна падпісання ўказу аб прызнанні незалежнасці «ДНР» і «ЛНР»), а сумеснае паседжанне на 22 лютага (гадавіна ўхвалення гэтага ўказу Пуціна расейскімі парламентарыямі).

Такі дэманстратыўны сімвалізм стварае завышаныя чаканні ад гэтых падзеяў – некаторыя лічаць, што Крэмль рыхтуецца абвесціць пра важныя палітычныя рашэнні ў гэтыя дні. На ўзроўні экспертных прагнозаў і проста чутак агучваюцца розныя варыянты: нібыта Пуцін можа ўвесці ваеннае становішча ў РФ, заявіць аб пераводзе эканомікі на ваенныя рэйкі, абвесціць новую хвалю мабілізацыі і закрыць межы.

Але ёсць таксама версія, якая наўпрост звязаная з Беларуссю. Напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Маскву ў расейскіх медыях сталі з’яўляцца ўкіды наконт магчымага аб’ядання Беларусі і РФ. Дэпутат Дзярждумы, сябра камітэту па абароне Дзмітрый Кузняцоў 15 лютага заявіў, што неўзабаве будзе вырашана пытанне аб «гістарычным уз’яднанні».

«Хачу спадзявацца, што 21 лютага вырашыцца менавіта гэта. Ужо гадоў 25 спадзяюся. Павінна ж спраўдзіцца? Яшчэ ёсць Паўднёвая Асеція і Абхазія. Можа ўвогуле СССР 2.0 і Уладзімір Уладзіміравіч геніяльна пераварочвае шахматную дошку? Калі пажывем – убачым», – рэзюмаваў ён. Пракрамлёўскае выданне «Московский комсомолец» з гэтай нагоды апублікавала артыкул, дзе эксперты сцвярджаюць, што прагноз дэпутата «можа быць недалёкі ад сапраўднага геапалітычнага раскладу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Згадка пра Паўднёвую Асецію і Абхазію зусім не выпадковая. Лідар самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія з 14 лютага знаходзіцца ў Маскве з працоўным візітам і, як папярэджвала яго прэс-служба, прабудзе там на працягу 7-10 дзён. 7 лютага ў Маскву прыбыў і прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асеція Алан Гаглоеў – паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён прабудзе ў Маскве як мінімум да 22 лютага.

Публічная рыторыка Лукашэнкі наконт стасункаў з РФ не змяняюцца ўжо некалькі гадоў. Ён паўтарае, што інтэграцыя не пагражае суверэнітэту, у гэтым няма неабходнасці, але калі з’явіцца патрэба ў паглыбленні інтэграцыі – адпаведныя крокі могуць быць зроблены.

«Калі нам трэба будзе яшчэ больш шчыльная вайсковая, палітычная, іншы кірунак возьмем, эканамічная інтэграцыя, мы гэта зробім імгненна, як толькі адчуем запыты нашых людзей у Беларусі і ў Расеі», – казаў на гэты конт Лукашэнка ў верасні 2021 года.

Тую ж думку ён паўтарыў у студзені 2023 года, адзначыўшы, што пры неабходнасці будзе абмяркоўвацца паглыбленне інтэграцыі, «калі бакі ў перспектыве ўбачаць, што нечага не хапае».

То бок Лукашэнка ў прынцыпе нічога не выключаў. Цяпер засталося толькі зразумець, ці з’явілася ў Менску і Масквы ў гэтым патрэба.

Што не так з расейскімі ўкідамі

Напярэдадні снежаньскага візіту Пуціна ў Менск таксама выказваліся асцярогі наконт магчымага паглынання Беларусі Расеяй. Прычым тады ў значнай ступені нагнятаў атмасферу сам Лукашэнка. Падчас нарады 16 снежня ён папярэдзіў, што пасля маштабных перамоваў з Пуціным «ўсе будуць казаць, што ўсё, ужо ў Беларусі няма ўлады, тут ужо расейцы пешшу ходзяць і кіруюць краінаю». Чаму раптам маюць з’явіцца такія размовы, не патлумачыў. Аднак Лукашэнка палічыў неабходным некалькі разоў паўтарыць, што інтэграцыйныя праграмы «ні ў якім разе не закранаюць незалежнасці, суверэнітэту ні Беларусі, ні Расеі».

Але ў снежні 2022 года алармісцкія прагнозы не спраўдзіліся: падчас менскіх перамоваў усе падазрэнні наконт магчымага паглынання Беларусі Пуцін і Лукашэнка катэгарычна зняпраўдзілі. Па сутнасці, нічога новага ў плане інтэграцыі заяўлена тады не было. Цяпер імавернасць прарыўных інтэграцыйных рашэнняў фармальна яшчэ ніжэй. Пашыраны фармат перамоваў у Менску дапускаў падпісанне тых ці іншых дакументаў, а цяперашняя сустрэча ў Маскве (прынамсі зыходзячы з таго, як яна анансавалася) – не. Таму паўстае пытанне, як гэта можна будзе звязаць са зваротам да Федэральнага сходу 21 лютага.

Год таму лёсавызначальныя рашэнні афармляць было вельмі лёгка: Пуцін проста падпісаў указ аб прызнанні «ЛДНР», а парламентарыі гэта ўхвалілі. Аднак аднаасобна стварыць СССР 2.0 прэзідэнцкім указам Пуціна немагчыма. Афіцыйна Масква лічыць і Беларусь, і Абхазію, і Паўднёвую Асецію незалежнымі дзяржавамі. Таму спачатку мусяць з’явіцца двухбаковыя пагадненні, на падставе якіх адбудзецца паглынанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падчас акцыі перад амбасадай Расеі ў Дзень саборнасці Украіны чатырох мужчын у турэмных камбінезонах з маскамі з тварамі Уладзіміра Пуціна, Сяргея Шайгу, Сяргея Лаўрова і Аляксандра Лукашэнкі адвезлі на імітацыйны суд у клетцы для вынясення прысуду. Варшава, Польшча. 22 студзеня 2023 года.
Фота: Jaap Arriens / NurPhoto / AFP / East News

Тэарэтычна Крэмль можа пайсці іншым шляхам – расцягнуць гэтыя рашэнні ў часе. Спачатку дасягнуць прынцыповых негалосных дамоўленасцяў з Лукашэнкам, Бжаніяй і Гаглоевым, а падчас звароту да Федэральнага сходу 21 лютага абвесціць курс на стварэнне СССР 2.0. Напрыклад, заявіць, што надышоў час «гістарычнага ўз’яднання» з Беларуссю, Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй, а потым доўга займацца юрыдычнай фармалізацыяй паглынання.

Праўда, такое анансаванне звязана з пэўнымі рызыкамі: нават калі ўявіць, што Лукашэнка ў Маскве на словах пагадзіцца на вялікія інтэграцыйныя саступкі, яшчэ не факт, што ён не будзе іх потым сабатаваць (аналагічных прыкладаў у гісторыі двухбаковых стасункаў шмат). У выніку праект СССР 2.0. забуксуе і Пуцін са сваёй амбітнай дэкларацыяй будзе выглядаць недарэчна. Таму больш лагічна з боку Крамля дамагчыся ад Лукашэнкі рэальных, пацверджаных саступак у інтэграцыйных пытаннях і толькі потым рабіць гучныя заявы. Адбыцца гэта можа хутчэй падчас вясенняга паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету, а не цяпер.

А можа нагнятанне беспадстаўнае?

Насамрэч варта прызнаць, што ўсе нагнятанне ідзе вакол сімвалізму датаў – алармісцкія здагадкі будуюцца толькі на гэтым, а не на нейкіх бясспрэчных фактах. Пры гэтым любоў расейскага кіраўніцтва да прыгожых датаў таксама не варта перабольшваць. Напрыклад, летась шмат хто чакаў важных рашэнняў 9 траўня – хадзілі чуткі, што Пуцін афіцыйна абвесціць вайну і прызначыць мабілізацыю. Але ў выніку ягоная прамова на Дзень Перамогі аказалася абсалютна шараговая. Мабілізацыя была прызначана толькі ў верасні, прычым без усялякай прывязкі да сімвалічных датаў. Нарэшце і ключавыя падзеі лютага 2022 года – прызнанне незалежнасці «ЛДНР» і пачатак уварвання ні да якіх юбілеяў прымеркаваныя не былі. 21, 22 і 24 лютага толькі цяпер набылі сімвалічны сэнс.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу на тое, што апошнім часам падчас сімвалічных гадавінаў і датаў Пуцін выступаў з непрыкметнымі зваротамі. Аналітыкі ISW і цяпер не чакаюць ад расейскага прэзідэнта нейкіх сур’ёзныя палітычных ініцыятываў і рашэнняў. На іх думку, усё абмяжуецца захадамі па інтэграцыі ўжо акупаваных тэрыторыяў Украіны і Пуцін будзе прэзентаваць гэта як новае дасягненне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў