Прысуд «групе Аўтуховіча», справа супраць Паліны Шарэнда-Панасюк. Хроніка пераследу за 17 кастрычніка


Больш за два гады рэжым у Беларусі працягвае пераслед грамадзянаў краіны. Штодня суддзі агучваюць палітычныя прысуды, сілавікі працягваюць катаванні людзей. belsat.eu сабраў вядомыя факты пераследу 17 кастрычніка.

У будынку турмы № 1 у Горадні агучылі прысуд па «справе Аўтуховіча». Суддзя прызначыў Мікалаю Аўтуховічу 25 гадоў зняволення. Баранавіцкага інваліда Уладзіміра Гундара засудзілі на 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вользе Маёравай – 20 гадоў калоніі. Віктару Снегуру прызначылі 19 гадоў зняволення. Галіну Дзербыш і Паўла Саву засудзілі на 20 гадоў.

Любоў Разановіч засудзілі на 15 гадоў, Сяргею Разановічу прызначылі 16 гадоў, Паўлу Разановічу прысудзілі 19 гадоў.

Ірыну Мерхель засудзілі на 17 гадоў калоніі, ейнага мужа Антона – на 2,5 года калоніі. Ірыне Гарачкінай прызначылі 6 гадоў і 1 месяц калоніі.

Hавiны
Праваабаронца: Прысуд па «справе Аўтуховіча» – гэта палітычная расправа
2022.10.17 19:58

У Менску затрымалі 44-говага Дзяніса Нікіціка. Актора і ўладальніка фотастудыі абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і абразлівых каментарах у сеціве, піша «Наша ніва». Дзяніс Нікіцік здымаўся ў масоўцы розных серыялаў, а таксама ў фільме «Мы браты / Код Каіна».

Супраць палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк завялі крымінальную справу.

«Стала вядома, што 9 кастрычніка Паліна выйшла з ШІЗА пасля 40 содняў знаходжання там. Але ўжо былі падрыхтаваныя новыя паперы па змяшчэнню яе ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на два месяцы. Магчыма Паліна ўжо знаходзіцца там.

Таксама стала вядома, што на Паліну заведзена чарговая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 411 (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Пасля адбыцця тэрміну ў ПКТ, Полю могуць перавесці ў СІЗА-3 г. Гомля», – напісаў у Facebook муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Артыкулы
Андрэй Шарэнда змог вывезці з Беларусі сваіх сыноў, якіх не бачыў паўгода
2022.05.25 18:24

У Менску агучылі прысуд палітзняволенай Алены Андрошчык. Суддзя Дзмітрый Астапенка прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў ёй 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – «хатняй хіміі». Жанчыну вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Палітвязня з Менску Дзяніса Коршуна асудзілі да «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту. Суддзя Юлія Шчоткіна пакарала Дзяніса абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2,5 гады.

У Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Антонам Сташэўскім, Юліяй Сырых, Таццянай Астроўскай і Марынаю Дуброўскаю, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Усе яны валанцёры фонду «Краіна для жыцця».

Hавiны
Пачаўся суд над валанцёрамі фонду «Краіна для жыцця»
2022.10.17 12:11

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў