Першая адстаўка ў беларускім футболе. З берасцейскага «Дынама» звольнілі былога трэнера зборнай Беларусі


Перад Ігарам Крыўшэнкам кіраўніцтва Берасцейскага аблвыканкаму ставіла задачу змагацца за месца ў першай пяцёрцы найвышэйшай лігі чэмпіянату краіны па футболе. Але рэальнасць аказалася іншай, «Дынама» паўтарыла найгоршы вынік у сваёй гісторыі і займае апошняе месца ў чэмпіянаце – прагуляўшы ўсе чатыры матчы з агульным лікам 0:7.

Ігар Крыўшэнка, былы галоўны трэнер берасцейскага «Дынама».
Фота: dynamo-brest.by

Пры гэтым берасцейскі клуб пакуль не гуляў з камандамі, якіх можна аднесці да лідараў беларускага футболу: «Дынама» саступіла дома па 0:1 «Тарпеда-БЕЛАЗ» і «Славіі», а ў гасцях «Іслачы» (0:3) і (0:2) «Слуцку» ў мінулыя выходныя. У выніку бела-блакітныя з нулём пунктаў аселі на апошнім месцы.

Раней берасцейскім «Дынама» кіраваў бізнесовец і «гаманец Лукашэнкі» Аляксандр Зайцаў, пры ім футбольнае «Берасце» перажыло найлепшыя часы ў сваёй гісторыі. Каманда выйграла шэраг трафеяў, у тым ліку ў 2019 годзе чэмпіёнства. Але пасля 2020 года і першых санкцыяў Зайцаву стала не да футболу, і каманду пачаў фінансаваць берасцейскі гарвыканкам.

Аналітыка
Экс-памочнік Віктара Лукашэнкі стварыў беларускі футбольны суперклуб. А пасля кінуў яго і ўклаўся ў іншы
2021.01.22 11:05

Больш за тое, Зайцаў пакінуў пазыку памерам 600 тысяч долараў. Гэтую суму «Дынама» было вінаватае былому абаронцу клубу Яўгену Хачэрыдзі. Ужо на пачатку 2021-га ён пакінуў берасцейскі клуб і падаў на «Дынама» ў суд. Спачатку ён патрабаваў 1 мільён долараў, але ў выніку сума зменшылася. У траўні 2021 года Спартовы арбітражны суд (CAS) забавязаў «Дынама» (Берасце) выплаціць Яўгену Хачэрыдзі 600 тысяч долараў. Улады Берасцейскай вобласці забавязалі разлічыцца таго, хто запрасіў футбаліста і абяцаў яму такія грошы. У выніку Зайцаў закрыў пазыку.

Курыраваць «Дынама» пачаў намеснік старшыні аблвыканкаму Валянцін Зайчук, якога яшчэ «абралі» кіраўніком мясцовай федэрацыі футболу. Новым галоўным трэнерам берасцейскага «Дынама» стаў 58-гадовы Ігар Крыўшэнка, які з 2017-га да 2019-га трэнаваў нацыянальную зборную Беларусі і нават вывеў яе ў дывізіён С Лігі нацыяў. Пазней трэнер працаваў у Інданезіі, а апошні год не меў ніякай працы, таму пагадзіўся на сціплыя, але стабільныя ўмовы берасцейскага «Дынама». Так камандзе ўдалося пакінуць у сябе былых лідараў каманды Міхаіла Гардзейчука і Эльгарда Аляхновіча. З менскага «Дынама» ў Берасце вярнуўся Сяргей Кісляк. Цікава гісторыя гэтага трансферу ў тым, што Кісляк і Зайчук з адной вёскі, гэта і стала асновай да вяртання. Таксама ў «Дынама» прыйшоў чэмпіён Беларусі Дзмітрый Бага, і яшчэ шэраг не апошніх у беларускім рэаліях гульцоў. У Крыўшэнкі было футбалістаў на два склады, але справа так і не пайшла. У выніку 17 красавіка Крыўшэнка быў выкліканы ў аблвыканкам, дзе яму Зайчук заявіў, што ім далей не па дарозе.

18 красавіка «Дынама» паведаміла аб гэтым на сваёй афіцыйнай старонцы, рыхтаваць каманду да наступнай гульні будзе Андрэй Пракапюк. А імя галоўнага новага галоўнага трэнера абяцаюць назваць у найбліжэйшы час. У нядзелю 23 красавіка «Дынама» прымае барысаўскі БАТЭ.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў