«Давядзецца прымаць непапулярныя рашэнні». Станіслаў Салавей – пра рэформу сістэмы аховы здароўя ў Беларусі


Аб’яднаны пераходны кабінет будзе распрацоўваць рэформу сістэмы аховы здароўя на час, калі ў Беларусі адбудуцца змяненні. Каардынаваць гэтую працу будзе беларускі доктар Станіслаў Салавей, надоечы прызначаны намеснікам прадстаўніцы АПК у сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай. Пасля ўзмацнення рэпрэсіяў у Беларусі Станіслаў з’ехаў ва Украіну, працаваў там доктарам, пераехаў у Польшчу. Паводле медыка, распрацоўваць рэформу неабходна ўжо цяпер, каб у пераходны перыяд не сутыкнуцца з поўным паралічам сістэмы аховы здароўя. Пагутарылі на гэтую тэму, а таксама пра тое, як будзе выглядаць медыцына ў Новай Беларусі.

Доктар і намеснік прадстаўніцы ў справе сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей. Кракаў, Польшча. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Караліна Новіцка / Белсат

Параліч праз нястачу кадраў

– Спадару Станіслаў, якое вашае асноўнае заданне ў Аб’яднаным пераходным кабінеце?

– Мой абавязак – распрацоўваць канцэпцыю рэформаў пераходнага перыяду. Гэта тыя крокі, што мусяць быць зробленыя пры вяртанні нашай краіны ў нармальнасць, каб не дапусціць канчатковага развалу сістэмы аховы здароўя і спынення надавання медычнай дапамогі людзям.

Іншыя задачы перасякаюцца з гэтай, а менавіта збор і аналіз інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі. Там статыстыка фальсіфікуецца і на нізавых узроўнях, і на ўзроўні Мінздароўя. Таму, каб мець поўную карціну таго, што адбываецца, трэба самастойна збіраць інфармацыю і аналізаваць яе.

Яшчэ адзін кірунак – адвакацыя правоў медыкаў як у Беларусі, гэтак і за мяжою.

– Вы кажаце, «не дапусціць развалу сістэмы аховы здароўя ў пераходны перыяд». А чаму яна павінна разваліцца?

– Яна не павінна, яна разваліцца праз тую сітуацыю, што цяпер складваецца ў краіне. У нас шмат трымаецца на парушэннях законаў, рэпрэсіях, гвалце. Калі гэта прыбіраецца, далей узнікае просты парадокс: немагчымасць працаваць як раней.

Напрыклад, у лякарнях большасць дактароў і медсясцёр працуюць 32 гадзіны запар, што парушае дзейнае працоўнае заканадаўства. Паводле закону чалавек мае права працаваць максімум 24 гадзіны, пасля чаго ён абавязаны 48 гадзінаў адпачываць. Калі мы прыбіраем гэтыя перапрацоўванні, узнікае сітуацыя, калі не закрываюцца стаўкі ў шпіталях – проста фізічна не стае на гэта людзей.

Яшчэ добры прыклад – фальсіфікацыі ў справе ковіду, у якіх прымусова брала ўдзел вельмі шмат дактароў. Калі прыйдзе дэмакратычная ўлада, можна тэарэтычна ўсіх гэтых медыкаў прыцягваць да адказнасці. Але адначасова трэба памятаць, што гэта рабілася пад прымусам, бо чалавек разумеў: калі адмовіцца, то ў найлепшым выпадку страціць працу.

Калі здымуцца ўсе абмежаванні на выезд медыкаў з краіны, на пачатку гэта можа выклікаць хвалю ад’ездаў, бо ясна, што пасля пераменаў у Беларусі ўсё не стане цудоўна ў адзін момант, і тыя ж заробкі не зробяцца адразу параўнальнымі з заходнімі. Таму людзі будуць з’язджаць. У выніку параліч сістэмы наступіць праз нястачу кадраў.

«Простага рашэння няма»

– І як вы будзе развязваць гэтую праблему? Дзе браць медыкаў?

– Вось у гэтым уся праблема, бо ў адрозненне ад, напрыклад, эканомікі, дзе можна ўзяць крэдыт, у медыцыне ты не пойдзеш і не набудзеш сабе пары тысячаў дактароў. Але варыянты рашэння ёсць, і іх трэба прапрацоўваць: ад змяншэння нагрузкі на медычную сістэму да значнага павелічэння заробкаў, калі гэта можна будзе рэалізаваць з пункту гледжання эканомікі. Простага рашэння тут, на жаль, няма, і давядзецца шукаць кампраміс, які задаволіць большасць.

Hавiны
У Менску бракуе амаль кожнага чацвёртага медыка
2024.04.07 10:37

– Будзе гэта распрацоўванне рэформы з нуля ці вы будзеце абапірацца на нейкія прыклады?

– Будзе вонкавая экспертыза, досвед краінаў, якія праходзілі падобную трансфармацыю ў мінулым, напрыклад, былога сацлагеру.

Я спадзяюся, што ў траўні – максімум у чэрвені будзе апублікаваны прыкладны план нашых дзеянняў. У верасні плануем сабраць экспертныя групы, на якіх будзе абмяркоўвацца, да чаго ў будучыні мы хочам прыйсці. На жаль, простых рашэнняў не будзе, бо ёсць шмат папулізму, які выкарыстоўваюць улады, і нам давядзецца прымаць вельмі непапулярныя рашэнні.

Захаванне дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя і свабода прыватнага бізнесу

– Што найперш у беларускай сістэме аховы здароўя трэба змяніць?

– Мы разумеем, што ўсе змяненні, якія мы будзем прапаноўваць, мусяць ісці ў парадыгме міфічнай бясплатнай аховы здароўя. Я сам за захаванне дзяржаўнай сістэмы надання медычнай дапамогі, але пры гэтым за поўную свабоду прыватнага бізнесу. Я зыходжу з канцэпцыі, што права на медычную дапамогу – гэта не прывілей, які трэба заслужыць, яно ад нараджэння, бо ты чалавек. І я лічу, што ўсе беларусы маюць атрымліваць аднолькава якасную медычную дапамогу.

Асабіста мне больш імпануе, калі дзяржава дае пэўныя гарантыі ў наданні экстраннай і планавай дапамогі, і пры гэтым не «душыць» прыватнага бізнесу. Таксама трэба даць свабоду лякарням – не Мінздароўя павінна вызначаць, якая апаратура мусіць купляцца, а лякарня.

Чаму ў Польшчы медыцына лепшая?

– Вы ставіце ў прыклад Польшчу, але тым часам часта даводзіцца чуць скаргі ад беларусаў, якія жывуць у Польшчы, што да доктара не трапіць: доўгія чэргі, на дом не выклікаць і гэтак далей. Нам сапраўды трэба арыентавацца на такую мадэль?

– У нашай краіне вельмі доўга стваралася ілюзія даступнасці. У Польшчы, калі сітуацыя не экстранная, напрыклад, не адкрыты пералом, чалавек будзе чакаць прыёму ў адмыслоўца  3-4 тыдні, але ў выніку атрымае кансультацыю добра падрыхтаванага медыка, а не ўчорашняга выпускніка ВНУ.

Доктар і намеснік прадстаўніцы ў справе сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей. Кракаў, Польшча. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Караліна Новіцка / Белсат

Далей. Як доўга чалавек будзе чакаць чаргі на МРТ у Польшчы і ў Беларусі? У Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, нават невялікія раённыя клінікі маюць МРТ, КТ, іншую апаратуру і спакойна робяць такія аперацыі, як эндапратэзаванне суставаў.

Яшчэ ў нас змяншаюць час на прыём аднаго пацыента, які цяпер складае 5–7 хвілінаў. За змену ў выніку доктар можа прыняць 60 пацыентаў ці нават больш. Але якая верагоднасць, што падчас пяціхвіліннай размовы медык не прапусціць нейкага сімптому? Улады імкнуцца стварыць прыгожую карцінку, але яна рассыпаецца аб пяцігадовыя чэргі на замену суставаў, аб тое, што на ўсю краіну – адзін апарат ПЭТ-КТ, што ў нас практычна няма імунатэрапіі для анкахворых.

Таму так, у Беларусі чалавек вельмі хутка трапіць да доктара, але карысці з гэтага прыёму будзе менш, чымся ў Польшчы.

Акрамя таго, у Беларусі дактары загружаныя працай, якая не патрабуе медычнага ўмяшальніцтва, фактычна адміністрацыйнаю: выдача бальнічных, іншых папераў. Шмат пытанняў вырашаецца на далекарскім, медсястрынскім узроўні. Напрыклад, у маладзёна без фактараў рызыкі прастуда, у яго нармальныя паказнікі – яму трэба шмат піць цёплай вадкасці і парацэтамол пры тэмпературы, і не трэба дзеля гэтага прыходзіць да доктара.

Трэба разумець, што доктар – гэта абмежаваны рэсурс, і з кожным годам яго становіцца ўсё менш. На канец 2023 года было 42 600 дактароў-практыкаў у Беларусі, а на канец 2022 – 48 тысячаў. Мінус 6 тысячаў. Нават афіцыйная статыстыка фіксуе, што дактароў стала менш.

Хуткая дапамога – не сацыяльнае таксі

– Нядаўна ў тэлеграм-канале «Белые халаты» была дыскусія на шмат каментароў захоўваць у Новай Беларусі сістэму выклікаў доктара на дом ці скасаваць яе. Што вы пра гэта думаеце?

– Гэтая практыка павінна быць выкараненая. Выключэнне можа быць для асобаў з цяжкімі захворваннямі і фізічнымі абмежаваннямі.

Доктар прыходзіць дамоў да чалавека на тэмпературу: што ён можа зрабіць? Нічога. Мінімальна паслухаць і паглядзець? Гэта вельмі мала з пункту гледжання інфарматыўнасці. Няма лабараторных магчымасцяў. А за той час, які доктар будзе дабірацца да аднаго чалавека, ён можа прыняць 8.

Тое ж з хуткай дапамогай, якая не сацыяльнае таксі і існуе толькі для аднаго – давезці чалавека, які можа памерці, да шпіталю, і не дазволіць яму памерці. У іншых сітуацыях чалавек мусіць сам дабірацца да доктара. Я разумею, што гэта гучыць непапулярна, але ў нас няма такога рэсурсу і, напэўна, нідзе ў свеце няма.

Можна, напрыклад, прыдумаць такую сістэму, калі за паездку таксоўкаю ў шпіталь дзяржава будзе кампенсаваць кошты чалавеку. Такім чынам атрымаецца ашчадзіць і разгрузіць хуткую дапамогу.

Доктар і намеснік прадстаўніцы ў справе сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей. Кракаў, Польшча. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Караліна Новіцка / Белсат

«Радыкальна змяняць сістэму мы не маем права»

– Ці ёсць штосьці, што вы лічыце перавагаю беларускай сістэмы аховы здароўя, тое, што б пакінулі пасля рэформаў?

– Шмат што можна пакінуць і працаваць з гэтым.  Радыкальна змяняць сістэму мы не маем права, ды і сэнсу ў гэтым няма.

Мне падабаецца ідэя стварыць міжрэгіянальныя цэнтры, якую апошнім часам прасоўваюць. Немагчыма забяспечыць добрую клініку ў кожным мястэчку, бо гэта дорага, таму робіцца міжраённы цэнтр, які ахоплівае некалькі раёнаў.

Агулам у нас някепская сістэма аховы здароўя. Сістэма працуе, але яна дэградуе і дэградуе хутка.

Каментар
«Дармаедам» зрэжуць медпакет? Лукашэнка хоча забраць у тых, хто з’ехаў, танную медыцыну
2024.04.03 18:41

– Ці можа Аб’яднаны пераходны кабінет дапамагчы беларусам у эміграцыі з доступам да медычнай дапамогі і якім чынам?

– У кожнай краіне беларусы атрымліваюць медычную дапамогу згодна з мясцоваю заканадаўчаю базаю. Безумоўна, падтрыманне трэба тым, хто нядаўна пераехаў, ва ўразлівым становішчы – ім трэба растлумачыць, куды звяртацца. Таксама дапамога патрэбная ў выпадку сур’ёзных хваробаў за мяжой. Але гэта хутчэй праваабарончая і гуманітарная дзейнасць, а не медычная, бо мы не можам змяняць сістэмы аховы здароўя ў тых краінах, дзе цяпер жывём, ці лячыць там без ліцэнзіі.

– Ці магчыма стварыць нейкую мапу ці рэсурс са спісам беларускіх дактароў у розных краінах свету?

– Гэта добрая і карысная ідэя. Фактычна гэта фармаванне лекарскай дыяспары. Толькі ў Польшчы за 2022 год іх больш за тысячу ўладкавалася. Магчыма, такую мапу можна было б убудаваць у аплікацыю «Новая Беларусь». Але я не задумваўся над такім праектам, бо ў мяне фокус больш на ўнутрыбеларускія справы. Тымі, хто з’ехаў, актыўна займаецца Фонд медычнай салідарнасці, як і адвакацыяй правоў медыкаў за мяжой. Не трэба дубляваць функцыі, трэба ўзмацніць іхную працу, а не рабіць тое ж.

Доктар і намеснік прадстаўніцы ў справе сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей. Кракаў, Польшча. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Караліна Новіцка / Белсат

«Мы не ў той сітуацыі, каб скардзіцца, што не можам запомніць прозвішча доктара»

– Адно з вашых заданняў у АПК – абарона правоў беларускіх медыкаў у замежжы. Якія менавіта правы трэба абараняць?

– Гэта датычыць сітуацыяў, калі беларускі доктар за мяжою не мае патрэбных для пацвярджэння дыплому, працы дакументаў, бо беларускае Мінздароўя іх проста не выдала. Нашае заданне – даносіць да профільных ведамстваў іншых краінаў, што нейкія дакументы не даюцца медыкам не таму, што яны, скажам, чагосьці не вывучалі, а таму, што нашае Мінздароўя іх прынцыпова не выдае, каб людзі не маглі з’ехаць.

Мы мусім дапамагчы беларускім медыкам убудавацца ў сістэмы аховы здароўя ў іншых краінах, легалізавацца з выкананнем усіх фармальнасцяў.

Разбор
Хто будзе лячыць беларусаў? Ці заменіць Лукашэнка нелаяльных беларускіх медыкаў на мігрантаў?
2024.04.09 07:00

– У той час як усё больш беларускіх медыкаў з’язджае, на іхнае месца прыязджаюць выхадцы з усходніх краінаў. Беларусы скардзяцца, што немагчыма запомніць імені тэрапеўта, асцерагаюцца, што тыя не зразумеюць мясцовых асаблівасцяў. Што вы думаеце пра гэта?

– Уявіце, што ў чалавека моцна баліць спіна, гэтак, што ён не можа разагнуцца. Ці прынцыпова для яго, якое прозвішча ў ягонага доктара? У нас праблема з нястачаю лекараў. Улады робяць цалкам лагічныя крокі, спрабуючы прыцягваць замежных мігрантаў, якія вучыліся ў нашых медычных установах, маюць тыя ж веды, што беларусы.

Мы не ў той сітуацыі, каб скардзіцца, што не можам запомніць прозвішча. Што лепш: калі ў вас ёсць доктар – выхадзец з Туркменістану ці Індыі, ці калі на кабінеце вісіць шыльда «доктара няма» і вам трэба ехаць у іншы горад? У Нямеччыну таксама едуць працаваць індусы, егіпцяне, і гэта ў інтарэсах Нямеччыны. І гэта тое, што Мінздароўя робіць абсалютна слушна, гэта трэба будзе працягваць і пазней. І чым больш замежных студэнтаў застанецца ў краіне і будзе працаваць, тым лепш.

Доктар і намеснік прадстаўніцы ў справе сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей. Кракаў, Польшча. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Караліна Новіцка / Белсат

Ці ўзнікне фонд дапамогі беларускім медыкам за мяжою?

– Працэс пацвярджэння дыплому, вяртання ў прафесію за мяжою няпросты і няхуткі. Магчыма, варта было стварыць штосьці кшталту фонду, які б падтрымліваў беларускіх медыкаў за мяжою на гэты пераходны перыяд?

– Гэтая ідэя была – ці фонд падтрымання, ці нейкія праекты, якія будуць даваць часовую працу, якая будзе аплочваць базавыя патрэбы – жытло, харчаванне. Кропкава магчыма дапамагчы і цяпер – праз тыя ж зборы праз «BYSOL», Фонд медычнай салідарнасці. Для стварэння касаў узаемадапамогі патрэбныя матываваныя калегі, якія могуць уносіць туды грошы і разумеюць, дзеля чаго яны гэта робяць. Я пакуль не вельмі веру, што такі праект бліжэйшым часам можа быць рэалізаваны. У беларусаў даволі моцная салідарнасць, але пакуль не настолькі выбудаваная, каб мы закрывалі такія аб’ёмы.

– У адным з інтэрв’ю вы казалі, што хацелі б застацца доктарам-практыкам, а не чыноўнікам. Чаму ў такім выпадку вы пайшлі ў АПК?

– Тут толькі пытанне асабістых перакананняў і пазіцыі. Я разумею, што гэта трэба рабіць: вось і ўся мая матывацыя. Але пры гэтым я атрымліваю большае задавальненне ад працы звычайным доктарам. Мне падабаецца лячыць людзей, апераваць. І я не хачу губляць сувязі з практычнай аховай здароўя. Цяпер буду вучыць польскую мову, рабіць медычныя дакументы, а там далей будзе відаць.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў