«Ніякага контрнаступу няма і быць не можа». Лукашэнка выступіў перад Парламенцкай асамблеяй АДКБ


Лукашэнка, відаць, ачуняў і зноў вяртаецца ў публічную прастору. 18 траўня ён выступіў на паседжанні Парламенцкай асамблеі АДКБ, дзе выказаўся пра вайну ва Украіне, абвінаваціў Захад і Зяленскага ў эскалацыі канфлікту і нежаданні ісці на перамовы з Расеяй.

18 траўня Лукашэнка выступіў на паседжанні Парламенцкай асамблеі АДКБ.
Фота: БелТА

Краіны Захаду вінаватыя ў эскалацыі міжнароднай напружанасці, лічыць Лукашэнка. У якасці пацверджання сваіх словаў ён прывёў як прыклад уступленне Фінляндыі ў НАТО.

«Пасля нядаўняга ўваходжання ў альянс Фінляндыі і рыхтавання ўступлення Швецыі мы ў чарговы раз сталі сведкамі пашырэння Паўночнаатлантычнага блоку. Такога роду дзеянні ставяць свет на вельмі небяспечную мяжу глабальнага канфлікту», – зазначыў самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка казаў прадстаўнікам ОДКБ, што яны павінны самі шукаць, дзе лепш іхным народам, і нікога не слухаць. Паводле самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, калі Таджыкістану выгадна гандляваць сваёй высакаякаснай гароднінай і фруктамі, то гэта трэба рабіць, а Грузіі гэтак жа трэба лятаць у Расею, і нічога кепскага няма ў прамых рэйсах Масква – Тбілісі.

Лукашэнка абвінаваціў АБСЕ ў бяздзеянні.

«Калі АБСЕ – гэта арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе, калі ў Еўропе разгараецца гэты канфлікт, то час бы ўжо проста сабрацца на вышэйшым узроўні, паглядзець адзін на аднаго і прыняць нейкія рашэнні. Ці хаця б пагутарыць, калі не зможам прыняць», – сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь і Расея шмат разоў яшчэ да ўварвання Расеі ва Украіну прапаноўвалі АБСЕ сустрэчу, але яна так і не адбылася.

«Нуль. Ніякага абмеркавання не трэба. Гэта кажа пра тое, што трэба адно – вайна. І яны робяць усё дзеля таго, каб падвесці нас да гэтай вайны, каб развязаць гэтую вайнушку», – падкрэсліў Лукашэнка.

18 траўня Лукашэнка выступіў на паседжанні Парламенцкай асамблеі АДКБ.
Фота: БелТА

ААН і АБСЕ ён урэшце назваў «інстытутамі ціску і канфрантацыі», «падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаваў».

Лукашэнка ўзгадаў, што Расея мінулай вясной была гатовая заключыць дамову аб урэгуляванні канфлікту ва Украіне, а Беларусь прапанавала – давайце сядзем за стол перамоваў.

«Тры раўнды ў Беларусі прайшлі. Потым ці то цесна стала Зяленскаму, ці яшчэ што – з’ехалі ў Турцыю. Добра, давайце ў Турцыі. На стол паклалі праект дамовы. Калі б Расея цяпер яго чытала, яна б звар’яцела. Ён быў абсалютна нявыгадны Расеі. Але Расея пагадзілася. У мяне на стале ляжыць праект гэтай дамовы. І як толькі Расея пагадзілася на мірныя ініцыятывы, дамова, праект быў выкінуты ў сметніцу. Гэта людзі, магчыма, не ўсе ведаюць. Але спецыялісты ў гэтым удзельнічалі і ведаюць».

Пра контрнаступ Лукашэнка сказаў, што гэта можа быць дэзынфармацыяй:

«У любым баі дэзынфармацыя вельмі небяспечная. Узгадайце Курскую бітву, пад Сталінградам, калі мы паспяхова дэзынфармавалі праціўніка і выйгралі гэтую бітву».

Паводле Лукашэнкі, «ніякага контрнаступу няма і быць не можа»:

«Гэта проста вар’яцтва. Адзін на пяцёх на фронце ваяваць па тэхніцы і жывой сіле – гэта проста вар’яцтва. Не, трэба нагнятаць, трэба накручваць украінцаў дзеля таго, каб працягваць і ўтапіць нас у гэтым супрацьстаянні. У гэтым сёння сутнасць на фронце».

Зяленскі, паводле Лукашэнкі, сёння робіць усё, каб не было перамоваў.

«Усялякія папярэднія ўмовы, якія сёння Украіна, прэзідэнт Украіны высоўвае – гэта ўжо абсалютна зразумела – гэта з мэтай не дапусціць ніякіх перамоваў. Якія могуць быць папярэднія ўмовы? Трэба сесці за стол перамоваў і ўжо там выпрацоўваць усялякія ўмовы», – сказаў Лукашэнка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў