Святлана Ціханоўская: «Званок Мэркель Лукашэнку меў гуманітарны характар»


Выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель зрабіла другі званок Аляксандру Лукашэнку з нагоды міграцыйнага крызісу. Што б гэта значыла? Лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская выказала ў эфіры «Белсату» меркаванне, што званок Мэркель насіў гуманітарны характар і не меў на мэце легітымізацыю дыктатара.

«Званок спадарыні Мэркель меў, хутчэй за ўсё, гуманітарны характар – для таго каб спыніць той жах, які адбываецца на мяжы, калі мігранты закідваюць камянямі і бярвёнамі іншы бок. Гэта недапушчальна. Гінуць людзі, і гэта ўсе разумеюць. І, напэўна, гэтым званком хацелі развязаць менавіта гэтую сітуацыю, а ніяк не легітымізаваць дыктатара», – сказала Святлана Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што з дыктатарам размаўляць нельга, і ў гэтым сэнсе пазіцыя Еўразвязу застаецца цвёрдай і кансалідаванай.

«Пазіцыя Еўразвязу ды іншых дэмакратычных краін не змянілася. Гэтая пазіцыя такая ж кансалідаваная. Уляф Шольц, найбольш верагодны будучы канцлер Нямеччыны, выразна заяўляе пра тое, што Лукашэнка – дыктатар і што ніхто яго прызнаваць не збіраецца», – дадала беларуская лідарка.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў