З адпачынку – у самае пекла. Што чакае расейскіх міратворцаў, якіх выводзяць з Карабаху


Расея пачала выводзіць свой міратворчы кантынгент з тэрыторыі Нагорнага Карабаху. Там расейскія вайскоўцы мусілі ў тым ліку ахоўваць армянскае насельніцтва, якое з прычыны вайны з Азербайджанам амаль цалкам пакінула рэгіён. Цяпер жа міратворцаў могуць скіраваць у іншы гарачы пункт – на вайну з Украінаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цяжкавік з расейскімі міратворцамі на армянскім кантрольна-прапускным пункце ў памежнай вёсцы Карнідзор, Арменія. 27 верасня 2023 года.
Фота: Irakli Gedenidze / Reuters / Forum

16 красавіка Расея пачала выводзіць міратворцаў з Нагорнага Карабаху, якія былі там з канца 2020 года згодна з трохбаковымі дамоўленасцямі РФ, Азербайджану і Арменіі. Першыя падраздзяленні расейцаў ужо пакінулі рэгіён. Чакаецца, што рэшту выведуць паступова.

Што за міратворцы

Расейскі міратворчы кантынгент застаецца ў Нагорным Карабаху згодна з трохбаковымі пагадненнямі, якія заключылі Азербайджан, Арменія і Расея ў выніку 44-дзённай вайны ў лістападзе 2020 года. Паводле пагаднення, расейскі міратворчы кантынгент размясцілі ўздоўж лачынскага калідору, які злучае Карабах з тэрыторыяй Арменіі, і лініі судакранання ў Карабаху, штаб камандавання міратворчымі сіламі – у раёне аэрапорту Хаджалы.

Лачынскі калідор злучае Арменію і Нагорны Карабах.
Крыніца: wikipedia.org

Меркавалася, што расейскі міратворчы кантынгент застанецца ў рэгіёне на 5 гадоў з моманту падпісання пагаднення. Дакумент мог быць аўтаматычна прадоўжаны на чарговы 5-гадовы перыяд, калі ніводны з бакоў пагаднення не заявіць за 6 месяцаў да канца тэрміну пра намер спыніць місію.

Hавiны
У Нагорным Карабаху застаецца не больш як 40 армянаў. Усе астатнія ўжо ўцяклі ў Арменію
2023.10.05 09:54

Але 19–20 верасня 2023 года Азербайджан цалкам узяў пад кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаху. У выніку самаабвешчаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка спыніла існаванне, а спрэчны рэгіён пакінулі 120 тысяч армянаў.

Пасля Трэцяй карабахскай вайны ў 2023 годзе паўстала пытанне далейшага перабывання расейскіх міратворцаў. Па выніках перамоваў паміж прэзідэнтамі Расеі і Азербайджану ў кастрычніку мінулага года Уладзімір Пуцін паведаміў, што расейскія міратворцы фармальна маюць заставацца ў Карабаху да лістапада 2025 года, але праз змяненне сітуацыі пытанне іхнага далейшага размяшчэння ў рэгіёне будзе вырашацца.

І ў выніку кіраўнікі дзвюх краінаў пачалі выводзіць кантынгент, паведаміў памочнік прэзідэнта Азербайджану Хікмэт Хаджыеў. Расейскія ўлады патлумачылі гэта прызнаннем Нагорнага Карабаху часткай Азербайджану з боку прэм’ер-міністра Арменіі.

Украіна важнейшая за Карабах

Расейскія медыі ставяць у заслугу расейскім міратворцам тое, што яны дапамаглі дамовіцца пра поўнае спыненне агню прадстаўнікам Азербайджану і Нагорнага Карабаху. А таксама кантралявалі рух аўтамабіляў на дарогах, эвакуявалі жыхароў, сачылі за парушэннямі рэжыму спынення агню. Аднак мясцовыя армяне не верылі ў іхную здольнасць гарантаваць бяспеку і амаль цалкам пакінулі тэрыторыю самаабвешчанай рэспублікі, якая таксама спыніла сваё існаванне.

Палітычны эксперт Рубэн Мэграб’ян у каментары «Белсату» ахарактарызаваў вынікі дзейнасці расейскіх міратворцаў як «маральна-палітычнае фіяска, або банкруцтва». На ягоную думку, іхны вывад з Нагорнага Карабаху быў заканамерным, і пытанне заключалася толькі ў даце.

На думку эксперта, Расея выводзіць міратворчы кантынгент, зыходзячы з уласных унутраных і вонкавых прычынаў, «а не таму, што іх адтуль выправадзілі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы з Нагорнага Карабаху рэгіструюцца ў цэнтры дапамогі ў памежным сяле Карнідзор, Арменія. 26 верасня 2023 года.
Фота: Irakli Gedenidze / Reuters / Forum

«Расея мае патрэбу ў большай кансалідацыі свайго вайсковага патэнцыялу. Што прадугледжвае пазбаўленне ад другасных актываў. У сукупнасці гэта прывяло да такога рашэння, у выніку якога яны пакінулі Нагорны Карабах», – адзначыў Мэграб’ян.

На думку эксперта, такое рашэнне РФ можа прывесці да эфекту даміно, паставіўшы пад сумнеў мэтазгоднасць перабывання расейскіх войскаў у Арменіі – як памежных войскаў, гэтак і 102-й базы. Дарэчы, расейскіх памежнікаў з аэрапорту ў армянскай сталіцы ўжо папрасілі.

Куды пашлюць вайскоўцаў?

Пра тое, што расейскіх вайскоўцаў з Нагорнага Карабаху могуць перавесці ва Украіну, мяркуе і ўкраінскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Каваленка. Расейскі міратворчы кантынгент у Нагорным Карабаху налічваў 1960 асобаў і фармаваўся на базе 15-й асобнай мотастралковай брыгады. Аналітык адзначае, што гэты кантынгент не мае на ўзбраенні цяжкай тэхнікі тыпу танкаў, але мае поўную штатную камплектацыю браняваных машынаў, у асноўным БТР-82А – 90 адзінак. Да таго ж браняваныя падраздзяленні цалкам укамплектаваныя аўтамабільнай і спецыяльнаю тэхнікаю, каля 400 адзінак.

Гэтак аналітык ацэньвае камплектацыю тэхнікаю падраздзяленняў расейскіх міратворцаў у лепшы бок ад тых, што цяпер у зоне баявых дзеянняў ва Украіне – «механізаванай кампаненты тут больш як дастаткова».

Таксама міратворчыя падраздзяленні сфармаваныя з кадравых вайскоўцаў, у той час як астатнія вайсковыя фармаванні РФ «фармуюцца цяпер з першых-лепшых». Аднак, адзначае аналітык, у міратворцаў няма таго досведу баявых дзеянняў, які ёсць у тых, хто даўно на фронце.

«У цэлым для дзвюх тысяч шчасліўчыкаў з РМК [расейскі міратворчы кантынгент. – Заўвага рэд. belsat.eu] перабыванне ў Карабаху было адпачынкам, а зараз іх з надзвычай высокай верагоднасцю закінуць у самае пекла», – мяркуе Каваленка.

Паводле суразмоўцы, дзве тысячы вайскоўцаў нямоцна паўплываюць на абстаноўку ў зоне баявых дзеянняў, але ў той зоне, дзе яны зʼявяцца, пэўны ціск усё ж павысіцца. Аналітык мяркуе, што гэта могуць быць або ваколіцы Аўдзееўкі, або ліманскі кірунак. Таксама ён не выключае з’яўлення іх у раёне Часавага Яру «з улікам росту важнасці для камандавання» расейскіх войскаў.

Каментар
«Дыктат Баку ў каардынацыі з Масквой». Чаму Арменія чакае новай вайны ад Азербайджану
2024.02.24 09:59

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў