Менскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю на прысуд журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч. Перагляд судовай справы запатрабаваў пракурор, які палічыў, што прысуд для Кацярыны занадта мяккі. Тым не менш, суд пакінуў у сіле ранейшы прысуд журналістцы – 6 месяцаў турэмнага зняволення.
2 сакавіка Кацярыну Барысевіч суд Маскоўскага раёна прызнаў вінаватай у разгалошванні медычнай таямніцы і прысудзіў журналістцы шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Пракуратура палічыла такое рашэнне мяккім – і падала пратэст. Абарона Кацярыны Барысевіч настойваюць, што яна не вінаватая, і патрабуюць яе апраўдання.
Менгарсуд разгледзеў апеляцыю пракуратуры на ранейшы прысуд Кацярыне Барысевіч і пакінуў апеляцыю пракуратуры без задавальнення. Кацярына Барысевіч надалей застанецца пад вартай і выйдзе на волю 19 траўня.
«Я адчула нейкую палёгку, як бы парадаксальна не гучала гэта ў існай сітуацыі. Але мы задаволеныя, што хаця б 19 траўня Каця будзе на волі. Насамрэч складана было нешта прагназаваць, мы проста чакалі сёння, а загадзя такія рэчы немагчыма прагназаваць», – распавяла «Белсату» галоўны рэдактар TUT.by Марына Золатава.
У працэсе Кацярына Барысевіч прымала ўдзел па відэасувязі з жодзінскага СІЗА.
«Мы радыя, што ранейшы прысуд застаўся ў сіле. Далей нашыя захады мы ўзгоднім з Кацярынай», – распавялі адвакаты Кацярыны Міхаіл Баднарчук і Андрэй Мачалоў.
Журналістку Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна абвінавацілі ў разгалошванні медычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы. У дачыненні да іх 19 лістапада летась распачалі крымінальную справу.
СК belsat.eu