Арцём Шрайбман распавёў, што Уладзімір Макей у 2020-м быў гатовы сысці ад Лукашэнкі


Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у YouTube-шоў «Часики тикают» распавёў пра сваю сакрэтную перапіску з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем у жніўні 2020 году.

Шрайбман сцвярджае, што перапісваўся з Макеем у Telegram 14 ці 15 жніўня 2020 году. Аналітык кажа, што першы напісаў міністру.

«Я яму нешта такое пафаснае напісаў на тэму таго, што гэта гістарычны момант, ёсць магчымасць увайсці ў гісторыю альбо так, альбо як ён у выніку і ўвайшоў. І сказаў яму, што я ведаю людзей, якія зараз збіраюць Каардынацыйную раду. Калі ён раптам захоча звязацца, калі ён захоча наладзіць дыялог, то я дапамагу яму знайсці кантакт.

І ён мне напісаў, што плануе сам ісці да Лукашэнкі (ён напісаў «наверх», гэта значыць да таго, хто вышэйшы за яго) і ініцыяваць дыялог. Вось гэтае слова «дыялог» я запомніў», – адзначыў Шрайбман.

Гэта было перад маршам 16 жніўня, зазначае аналітык.

«Я кажу: а калі не? Калі Лукашэнка скажа, што ніякага дыялогу – «мочым». Макей адказаў: «Тады далей без мяне…» Са шматкроп’ем. І на гэтым перапіска наша скончылася», – распавёў Шрайбман.

Hавiны
Уладзімір Макей распавёў, што яму прапаноўвалі перайсці на бок народу
2021.08.08 20:29

«Дыялог быў пасланы куды далей, відаць, і Макей застаўся, – канстатуе эксперт, – З гэтага моманту я зразумеў, што ў слова гэтага чалавека ёсць зразумелая цана».

Нагадаем, міністр замежных справаў Уладзімір Макей падчас палітычнага крызісу 2020 году падтрымаў Аляксандра Лукашэнку. Ён публічна апраўдваў палітыку масавых рэпрэсіяў унутры краіны і абвастрэння стасункаў з Захадам. Макей памёр 26 лістапада 2022 года. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», прычынай смерці магло стаць самагубства.

Інтэрв’ю
Стваральнікі YouTube-шоў «Часики тикают»: Вяртаючыся ў 2020-ы, мы можам прапусціць нешта больш важнае ў будучыні
2023.07.30 09:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў