Беларускія ўлады дайшлі да ліквідавання арганізацыі-партнёра ЮНЕСКА і рэпрэсуюць беларусаў нібыта за заклікі да санкцыяў. «Белсат» працягвае фіксаваць парушэнні правоў беларусаў у штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.
Фінансавага кансультанта Уладзіміра Нікіціна вінавацяць у «закліках да санкцыяў». Мужчыне пагражае ад 4 да 12 гадоў зняволення. Некаторы час ён жыў у Польшчы. Імаверна, яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь. Суд над Уладзімірам пачнецца 29 красавіка ў Менскім гарадскім судзе.
У тым жа вінавацяць бізнесоўца Уладзіміра Балабановіча. Суд над ім пачнецца 2 траўня.
Раней Балабановіч папрацаваў дырэктарам дэпартаменту бяспекі ў групе кампаній «Белагра», дырэктарам кампаніі «Молпак», якая вядзе аптовы гандаль малочнымі прадуктамі.З 2018 года звязаны з міжнароднай кампаніяй «Industrial Kinetic Lab», якая вырабляе абсталяванне для апрацоўкі каменя.
Дата яго затрымання невядомая. У канцы студзеня 2024 года ў Беларусі прызналі экстрэмісцкім суполку «Трыэліт». Паводле звестак КДБ, да іх сярод іншых быў датычны Балабановіч. Сутнасць справы супраць Уладзіміра невядомая.
Хрысціянскую актывістку і журналістку Аксану Ючкавіч пачнуць судзіць на наступным тыдні. Аксана вядомая ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі. Яе затрымалі 23 студзеня ў межах крымінальнай справы нібыта за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Справу будзе весці суддзя Юлія Крэпская 26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёну Менску.
Культурніцкага менеджара, стваральніка крамы Symbal.by і заснавальніка «Арт Сядзібы» Паўла Белавуса будуць зноў судзіць у Менскім гарадскім судзе. У графе «артыкулы Крымінальнага кодэксу /сутнасць матэрыялу» ніякіх артыкулаў не пазначана. Паседжанне адбудзецца ў сувязі з «іншымі пытаннямі, звязанымі з прывядзеннем прыгавору, вызначэння, пастановы ў выкананне».
4 красавіка суддзя суда Ушацкага раёну Вольга Лаюшка за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый аштрафавала на 1200 рублёў Антона Дзербасава. У судзе быў агучаны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, з якога вынікала, што Антон у сацыяльнай сетцы «Instagram» меў на сваёй старонцы інфармацыйную прадукцыю старонкі, унесенай у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».
У Беларусі ліквідуюць аддзяленне Міжнароднага саюзу лялечных тэатраў, які зарэгістраваны ў Беларусі з 1997 года. Справу аб ліквідаванні будуць разглядаць 23 красавіка. Арганізацыя ўваходзіць у Міжнародны саюз дзеячаў тэатру лялек пры ЮНЕСКА.
Арсен Рудэнка belsat.eu