«Лукашэнка трошкі прыкусіць язык». Навошта Польшчы ядравая зброя?


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў аб гатовасці размясціць на тэрыторыі рэспублікі амерыканскую ядравую зброю. Эксперты ў размове з «Белсатам» паразважалі, навошта яна Варшаве, ці дапаможа гэта ўзмацніць бяспеку ў нашым рэгіёне ці, наадварот, стане толькі горай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступае на прэс-канферэнцыі ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх падчас саміту і бізнес-форуму «Ініцыятывы трох мораў» у Вільні, Літва. 11 красавіка 2024 года.
Фота: Mindaugas Kulbis / AP Photo / East News

Прэзідэнт суседняй краіны Анджэй Дуда ў інтэрв’ю выданню «Fakt» заявіў, што Варшава даўно абмяркоўвае з Вашынгтонам размяшчэнне амерыканскай ядравай зброі ў Польшчы.

«Я не хаваю, што, калі мяне пыталі пра гэта, я казаў пра нашую гатовасць. Расея ўсё больш мілітарызуе Крулевецкі рэгіён, нядаўна яна перасунула сваю ядравую зброю ў Беларусь», – растлумачыў Дуда.

Даведка
У траўні летась Камісія стандартызацыі геаграфічных назваў за межамі Польшчы пастанавіла называць Калінінград Крулеўцам (Królewiec), што адпавядае даўняй назве гораду Кёнігсбэрг.

Зрэшты, пакуль згоды партнёраў няма, прызнаў польскі прэзідэнт.

«Калі з боку нашых хаўруснікаў будзе прынятая такая пастанова ў рамках супольнага выкарыстання ядравай зброі на нашай тэрыторыі дзеля ўзмацнення ўсходняга фланга NATO, мы да гэтага гатовыя», – запэўніў Дуда.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск, каментуючы гэтую заяву, сказаў, што абмяркуе ідэю на асабістай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы:

«Я хацеў бы, каб такія ініцыятывы былі вельмі добра падрыхтаваныя і каб мы ўсе былі ўпэўненыя, што мы хочам гэтага. Гэтая ідэя вельмі маштабная, вельмі сур’ёзная, і я мушу ведаць усе акалічнасці, якія схілілі прэзідэнта зрабіць гэтую заяву.

На словы Дуды адрэагавалі ў Маскве.

«Вайскоўцы, вядома, у выпадку рэалізацыі такіх планаў будуць аналізаваць сітуацыю і ў любым выпадку будуць рабіць усё неабходнае, усе неабходныя крокі ў адказ, каб гарантаваць нашую бяспеку», – сказаў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Спікерка МЗС Марыя Захарава назвала заяву польскага лідара правакацыйнай, сказала, што Масква «ва ўласным вайсковым планаванні ставіцца да Польшчы з асаблівай увагаю і адпаведна пагрозам, якія ўзнікаюць для Расеі»:

«Польскі чыннік, безумоўна, таксама ўлічваўся намі і беларускімі сябрамі ў працэсе ўхвалення дадатковых захадаў ва ўмацаванні бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Прадстаўніца расейскага ведамства таксама папярэдзіла, што Варшава «прыцягне яшчэ большую ўвагу вайсковых планіроўшчыкаў у расейскім Генштабе»:

«У выпадку з’яўлення амерыканскай ядравай зброі на тэрыторыі Польшчы адпаведныя аб’екты неадкладна папоўняць пералік легітымных цэляў для паражэння ў сітуацыі наўпроставага вайсковага сутыкнення з NATO».

Hавiны
Анджэй Дуда: Польшча гатовая размясціць у сябе ядравую зброю
2024.04.22 11:22

«Насамрэч ніякай сенсацыі няма», – канстатаваў палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. У каментары «Белсату» ён падкрэсліў, што заявы пра жаданне займець ядравую зброю польскія ўлады рабілі і раней:

«Гэта быў проста адказ на пытанне журналіста, які дакопваўся да розных закулісных нюансаў. І гэта хутчэй прызнанне Дуды, а не нейкая праграмная заява. І Дуда не сказаў нічога новага, бо ён і раней выказваў гатовасць Польшчы да размяшчэння ядравай зброі, колішні прэм’ер Матэвуш Маравецкі таксама пра гэта гаварыў. То бок гэта проста канстатацыя, што Варшава будзе не супраць».

У Польшчы гэтая тэма ўзнікла пасля абвяшчэння планаў перасунуць расейскую ядравую зброю ў Беларусь – дагэтуль у суседняй краіне пра гэта не казалі. «Таму гэта выглядае такім змушаным крокам, як пэўная процівага», – заўважыў Класкоўскі.

Пры гэтым, як падкрэслівае суразмоўца «Белсату», асаблівага імпэту з боку ЗША няма – амерыканцы не спяшаюцца пашыраць «ядравую геаграфію»:

«Амерыканцы ў гэтым сэнсе вельмі асцярожныя, там, напэўна, дамінуе такая лінія, што не варта надта дражніць Расею. Гэтую лінію, зрэшты, мы бачым ва ўкраінскім пытанні, мы бачым пэўны момант нерашучасці, дыскусіяў. Ёсць меркаванне, што Захад не хоча паразы Украіны, але не хоча паразы і Расеі, каб тая не развалілася і каб ядравая зброя не апынулася ў руках яшчэ большых імперцаў, зусім ужо адмарожаных».

Аналітык не бачыць сігналаў, што амерыканцы завязуць нашым суседзям ядравую зброю «заўтра або цягам некалькі месяцаў». Калі ж уявіць, што яна ўсё ж з’явіцца ў Польшчы, то з аднаго боку нічога добрага гэта не дасць.

«Гонка ўзбраенняў – заўжды кепская рэч, падвышае небяспеку вайны, нездарма кажуць, што калі ружжо вісіць на сцяне, то ў нейкім акце п’есы яно стрэліць», – разважае Класкоўскі.

Hавiны
Ядравая зброя можа захоўвацца пад Асіповічамі
2024.03.15 08:40

Пры гэтым досвед Халоднай вайны, калі процілеглыя бакі стрымлівала наяўнасць ядравай зброі адно ў аднаго, сведчыць, што такое ўзбраенне сапраўды можа астудзіць «гарачыя галовы»:

«Ядравая зброя ў Польшчы можа трохі збіць імперскі імпэт з той жа Масквы, дый Лукашэнка, які цяпер казырае, што стаў кіраўніком ядравай дзяржавы, можа, трошкі прыкусіць язык, таму што будзе разумець, што ў палякаў ёсць чым адказаць і тут ужо надта, так бы мовіць, кідаць панты не выпадае».

«Гэта больш палітычная гульня», – так заяву прэзідэнта Дуды растлумачыў у размове з «Белсатам» палітолаг Рыгор Ніжнікаў. Ён мяркуе, што гэта звязана з унутрыпольскім супрацьстаяннем паміж кааліцыйным урадам на чале з Тускам і кіраўніком дзяржавы – прыхільнікам партыі «Закон і справядлівасць», якая прайграла апошнія парламенцкія выбары.

«Дуда хоча засталбіць за сабою пазіцыю лідара партыі «PiS», мае трыбуну, што дае гэтай партыі магчымасць захоўваць свой палітычны ўплыў і паказваць, што ўрад і Туск робяць недастаткова», – кажа эксперт.

Ніжнікаў пагаджаецца, што амерыканская ядравая зброя ў Польшчы – гэта адказ на расейскую ядравую зброю ў нашай краіне. ЗША пры гэтым лічаць, што даваць яе Варшаве немэтазгодна, бо і не паспрыяе дээскалацыі ў рэгіёне, і ўласна Польшчу не абароніць:

«Калі ў на тваёй тэрыторыі маецца ядравая зброя, гэта больш спроба застрашыць апанента, каб ён не выкарыстаў яе. Але, як Беларусь не можа кантраляваць расейскую ядравую зброю і яе выкарыстанне, гэтак і ў Польшчы не будзе такой магчымасці. Польшча стане яшчэ адной цэллю для ядравай зброі Масквы як тэрыторыя, адкуль можа пайсці ўдар у адказ. Таму я не бачу, што Польшча будзе абаронена лепш, чым цяпер».

Сітуацыя была б іншай, калі Польшча распачала сваю ядравую праграму і магла, як, напрыклад, Ізраіль казаць, што будзе ўжываць гэтую зброю паводле свайго меркавання, аднак «такога не будзе», упэўнены палітолаг.

Аналітыка
Саюзнікі, ядравая зброя і досвед Казахстану. У чым сэнс зменаў Вайсковай дактрыны?
2024.01.22 16:59

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў