У Літве хочуць увесці адказнасць за перавозку тавараў з сімваламі аўтарытарных ці таталітарных рэжымаў


У парламент Літвы паступіла прапанова аб увядзенні адміністратыўнай адказнасці за перавозку тавараў, на якіх ёсць выява сімвалаў аўтарытарных ці таталітарных рэжымаў. Гэта значыць, што па тэрыторыі Літвы нельга будзе перавозіць тавары з нацысцкай або савецкай сімволікай, піша выданне «Delfi».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: 15min.lt

Адпаведная прапанова была ўнесеная ў парламент на мінулым тыдні, адзначае выданне.

Паводле саміх аўтараў праекту, у ім фактычна няма новых установак, а прысутнічае толькі дапаўненне існых фармулёвак.

«У праекце, па сутнасці, няма новых установак, толькі прапаноўваецца дзейныя фармулёўкі дапоўніць новым паняццем «перавозка», каб яна ахоплівала перавоз тавараў праз мытню, каб літоўскае грамадства было абароненае ад дэзынфармацыі і маніпуляцыяў з дапамогай інфармацыі», – адзначаюць Лаўрынас Касчунас і Вітаўтас Юазапайціс, якія выступілі ініцыятарамі праекту.

Нагодай для распрацоўкі такога праекту стаў зварот Літоўскай мытні ў Службу інспектараў па журналісцкай этыцы, у якім яны прасілі ацаніць пасылку з кнігамі і перыядычнымі выданнямі, якая прыйшла ў Літву. Згодна з высноваю Службы інспектараў па журналісцкай этыцы, большая частка літаратуры ў гэтай пасылцы ўтрымлівала прапаганду і дэзынфармацыю.

«З улікам геапалітычнай сітуацыі і выклікаў, якія ўзнікаюць перад нацбяспекай, было вырашана спыніць шлях пранікнення розных правакацый і спробаў прапагандаваць ідэалогію «русского мира», таму і зарэгістравалі папраўкі да кодэксу», – гавораць аўтары праекту.

1 траўня 2023 года ў Літве пачаў дзейнічаць закон, згодна з якім з публічнай прасторы неабходна прыбраць таталітарныя і аўтарытарныя сімвалы: помнікі і іншыя мемарыяльныя аб’екты, назвы вуліц, плошчаў і інш.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў