Чаму Пратасевіч стаў «сваім» для Лукашэнкі?

Адбылося нешта новае ў суверэннай беларускай праваахоўнай гісторыі. Мілавалі і раней, у вельмі асобных выпадках – тых, хто цалкам прызнаваў віну, выплачваў матэрыяльную шкоду і… адбыў палову тэрміну пакарання – такім было звычайнае патрабаванне. Унутры калоніяў і турмаў ёсць устаноўка на тое, што пісаць «памілуху» раней проста бессэнсоўна.

Раман Пратасевіч каментуе рашэнне аб памілаванні. Менск, Беларусь. 22 мая 2023 года.
Фота: Віталь Піваварчык / belta.by

Адзіны выпадак, які не ўкладаецца ў гэтую практыку, адбыўся больш за 15 гадоў таму. Тады самы гуманны суд у свеце пакараў былую кіраўніцу справамі прэзідэнта Галіну Жураўкову 4 гадамі калоніі за скрадзеныя ў дзяржавы $3,2 млн. Этапаваць яе нікуды не сталі. Памілавалі ў абстаноўцы поўнай сакрэтнасці.

Вішанькай на торце тады была інфармацыя пра тое, што чуллівыя сваякі Галіны хутка сабралі каля $2 млн для пагашэння шкоды. Вельмі добра і карысна, калі ў цябе ёсць такія сваякі.

Даўно гэта было. І часы з тых часоў некалькі змяніліся. Ну і, вядома, у нашай самай гуманнай краіне ніхто нікога проста так не мілуе. Звычайна памілаванымі аказваюцца «былыя» – міністры і іх намеснікі, дырэктары дзяржпрадпрыемстваў, службовыя асобы сілавых структур. Адным словам – «свае», гэта значыць тыя, за каго ёсць каму папрасіць. І нават называлася стаўка, колькі каштуе «занесці дакументы». Чуткі, вядома… напэўна.

Тым больш дзіўна выглядае «кейс Пратасевіча». І зразумела, што ўсе іншыя гледачы думалі пра такую імавернасць. Маўляў, ну нельга ж пасадзіць у турму вось такога перабежчыка, які шчыра зліў усіх, каго ведаў, з кім сябраваў і супрацоўнічаў, вывернуўся навыварат у старанні даказаць адданасць новаму гаспадару. Ён жа цяпер таксама «свой», не пасадзяць жа яго ўсур’ёз?

Я, як і многія іншыя прадстаўнікі грамадскасці, меў іншы пункт гледжання. Я быў перакананы, што з ім паступяць паводле закону. Дакладней – у адпаведнасці з існай практыкай, з традыцыямі, якія да законаў ніякага дачынення не маюць. І акурат адпаведна з такой практыкай немагчымае ужыванне любых амністый і памілаванняў пры наяўнасці матэрыяльнай шкоды памерам у 30 млн рублёў.

Павінны былі ўламіць яму палову ад максімуму, што і прадугледжвае «пагадненне са следствам», і адправіць з вачэй далоў. Куды-небудзь, у Бабруйск, Воршу або Наваполацк.

Не здарылася. Напляваўшы на ўсе традыцыі, памілавалі. Навошта?

Пра гуманнасць і любыя іншыя чалавечыя катэгорыі казаць не прыходзіцца. Дастаткова паглядзець на лёс Софʼі Сапегі. А калі ўспомніць пра Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча?

Міласэрнасць не зазірае ў Дразды. Ніколі. Ужо занадта яны там баяцца.

Хутчэй успамінаецца лёс генерала Уласава, які патрапіў у палон і шчыра перайшоў на бок нацысцкай Германіі, які ачоліў Рускую вызваленчую армію.

Пратасевіч, аказваецца, усё яшчэ патрэбны. Калі не КДБ, то АНТ, СТВ і БТ. У шэрагу азаронкаў і мукавозчыкаў яго не хапае. Іншых падстаў і прычын не відаць.

Але гэта, вядома, ілюзіі. Раман – проста малады хлопец; нядрэнны, кажуць, фатограф, якога хваля падзеяў вынесла ў тую самую NEXTA. Няма ў ім ні веры (у якую-небудзь ідэалогію), ні літаратурнага, журналісцкага таленту. Ні лютасці Азаронка, ні гнуткасці Мукавозчыка. Усё, што з ім магло адбыцца, ужо адбылося.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Раман Пратасевіч / Facebook.com

Мараль? На нашых вачах адбываюцца абсалютна біблейская гісторыя. Гераізм і здрада, ахвяра і адкупленне. Юда павесіўся.

Раман, напэўна, будзе жыць, тлумачачы сам сабе, што яно таго каштавала, што жыццё даражэй.

P.S.  А нам усім, прадказальнікам, навука. Калі маеш справы з хворымі на свядомасць людзьмі, якія распараджаюцца чужымі лёсамі, любыя прагнозы бессэнсоўныя.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў