«F-16» – што за самалёты чакае Украіна і дзе можа іх выкарыстаць?


Фармальна Украіне яшчэ ніхто не абяцаў перадаць амерыканскія самалёты «F-16», канчатковага рашэння на момант публікацыі няма. Але няма і сумненняў у тым, што Украіна іх атрымае: украінскіх пілотаў пачалі навучаць на «F-16». Расказваем, што гэта за самалёты і навошта яны.

F-16
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёты «F-16» паветраных сілаў Даніі. Фэрфорд, Злучанае Каралеўства. 14 верасня 2019 года.
Фота: Falcon® Photography / Flickr, CC BY-SA 2.0

Што за «F-16»

«General Dynamics F-16 Fighting Falcon» – шматфункцыйны лёгкі знішчальнік, які ў Злучаных Штатах распрацавалі ў 1970-х гадах. Першы палёт адбыўся амаль паўстагоддзя таму – у 1974-м, мадэль прынялі на ўзбраенне ў 1978-м. Пасля самалёт мадэрнізоўвалі, дадавалі дзясяткі розных модуляў. Гэта самы распаўсюджаны баявы самалёт у свеце, «F-16» розных версіяў вырабілі не менш за 4600. Цяпер самалёт – на ўзбраенні амаль трох дзясяткаў краінаў, ад Бахрэйну да Чылі.

Самалёты «F-16» маюць размах крыла каля 10 м, даўжынёю яны каля 15 м, важаць ад 9 т і могуць несці больш за 9 т нагрузкі. Могуць разганяцца да больш як 2100 км/г (максімальная хуткасць – 2,05, удвая больш за хуткасць гуку) і падымацца да 18,5 км у вышыню, лётаць на дыстанцыі больш за 4000 км. Экіпаж – адзін чалавек. Узброеныя могуць быць 20-мм кулямётамі, ракетамі «зямля – паветра» і «зямля – зямля», звычайнымі і «разумнымі» бомбамі. У залежнасці ад мадыфікацыі каштуюць ад некалькіх мільёнаў да некалькіх дзясяткаў мільёнаў долараў.

«F-16» – далёка не найноўшы самалёт. Цяпер існуюць знішчальнікі і наступнага, пятага пакалення, але «F-16» не лічацца зусім састарэлымі. Іх параўноўваюць з расейскімі самалётамі кшталту Су-35С, якія Расея пачала эксплуатаваць толькі ў 2014 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт «F-16» паветраных сілаў ЗША (бліжэй) і МіГ-29 паветраных сілаў Нямеччыны (далей). Італія, 1990-ыя гады.
Фота: Archives.gov

Расея пагражае Захаду «каласальнымі рызыкамі» за пастаўкі Украіне «F-16». А «Bloomberg» завочна адказвае: гэта варта рызык, бо самалёт універсальны, як швейцарскі нож, і ў Расеі няма чаго яму супрацьпаставіць.

Як тлумачыў «Foreign Policy», сучасныя самалёты патрэбныя Украіне для ўзмацнення паветранай абароны і захавання жыцця цывільных асобаў, для падтрымання сухаземных войскаў, для абароны «зерневага калідору» ў Чорным моры, для патэнцыйна карыснага Злучаным Штатам досведу наўпроставага бою амерыканскіх самалётаў з расейскімі і нарэшце – для перадухілення спробаў Расеі распачаць наступную спробу перамалёўваць межы Еўропы.

Мэм пра «вы знаходзіцеся тут»

У першыя гады вайны на Данбасе заходнія саюзнікі не пастаўлялі Украіне лятальнай зброі – абмяжоўваліся гуманітарнаю дапамогай і навучаннем, пастаўкамі браняваных аўтамабіляў. Хіба Літва давала Украіне кулямёты і патроны да іх, а Злучаныя Штаты – сістэмы барацьбы з мінамётным агнём. Толькі ў 2018 годзе ЗША пагадзіліся пастаўляць Украіне супрацьтанкавыя комплексы «Javelin» і гранатамёты RSRL-1, а таксама патрульныя катары. Да 2022 года самай «наварочанай» зброяй краінаў NATO, якую ўдалося здабыць Украіне, былі турэцкія ўдарныя беспілотнікі «Bayraktar».

І нават у пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне большая частка саюзнікаў не хацела пастаўляць Украіне вайсковую тэхніку. Сітуацыя змянілася пасля таго, як Расея пачала прайграваць у бітве за Кіеў. Саюзнікі паступова пагаджаліся пастаўляць тое, што раней лічылася немагчымым праз «чырвоныя лініі» Уладзіміра Пуціна. Асабліва спрэчнаю была тэма экспарту заходніх танкаў – іх пачалі пастаўляць у лютым 2023 года пасля доўгіх спрэчак, нават пагрозаў і флэш-мобаў.

Акцыя пратэсту ўкраінцаў у Берліне – супраць зацягвання паставак танкаў «Leopard». Натоўп крычыць «Вызваліце леапардаў!». А «вызваляць» іх праз два тыдні:

Да тэмы паставак зброі Украіне пасаваў мэм: спіс таго, што нібыта ні ў якім разе не паставяць, з пазнакаю «вы знаходзіцеся тут». Здавалася б, немагчымыя пастаўкі артылерыі, зенітных сістэмаў, савецкіх верталётаў і бранятэхнікі, рэактыўных сістэмаў «HiMARS», сістэмаў паветранай абароны «Patriot», заходніх бронемашынаў, заходніх танкаў, савецкіх самалётаў («вы знаходзіцеся тут» – гэта ўсё ўжо перадавалі), заходніх самалётаў. Іншая варыяцыя гэтага мэму, што блукае па інтэрнэце, – гэта адкрыццё новых тыпаў узбраенняў за 50, 100, 200 і 400 тысячаў забітых расейскіх вайскоўцаў. У гэтай варыяцыі за 400 тысячаў дадуць ядравую зброю (пра што па-за межамі жартаў гаворка не вядзецца).

Цяпер выглядае, што пытанне паставак заходніх самалётаў амаль развязанае: «самалётная кааліцыя» толькі пашыраецца. 22 траўня вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль заявіў, што трэнаванне ўкраінскіх пілотаў ужо пачалося.

Пасля таго як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пагадзіўся на навучанне ўкраінскіх пілотаў на «F-16», склад кааліцыі як мінімум такі: Злучаныя Штаты, Злучанае Каралеўства, Бельгія, Данія, Нідэрланды, Партугалія, а таксама Польшча, у якой сваіх «F-16» мала, але якая гатовая падтрымаць навучанне ўкраінскіх лётчыкаў і ўжо перадае савецкія МіГ-29.

Наступ будзе без «F-16». Але Украіне ўжо пастаўляюць савецкія самалёты

22 лютага 2023 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда дапусціў, што Украіне будуць перададзеныя савецкія самалёты МіГ-29, 17 сакавіка Польшча прыняла станоўчае рашэнне, у той жа дзень пастаўляць Украіне МіГ-29 пастанавіла Славаччына. Першыя МіГі прыляцелі ва Украіну ў пачатку красавіка, чакаюцца пастаўкі агулам трох дзясяткаў такіх самалётаў.

І гэта важна для Украіны. Цяпер у вайне абодва бакі не маюць дамінавання ў небе. Украіна захавала пяць брыгадаў (каля сотні) знішчальнікаў Су-27 і МіГ-29, а ў Расеі вайсковых самалётаў больш у 5-6 разоў. Ды прынамсі цяпер у вайне не чакаецца наўпроставых баёў расейскай і ўкраінскай авіяцыі (а ў такіх баях «F-16» мелі б перавагу), а самалёты могуць выкарыстоўвацца супраць ракетаў, дронаў, а таксама сістэмаў паветранай абароны на зямлі.

«F-16» справіліся б з такімі задачамі нават лепей, але без іх гэтыя задачы трэба на нечым выконваць, а «F-16» трапяць ва Украіну хіба ўвосень.

«F-16» будуць вызваляць Крым?

Палкоўнік Збройных сілаў Украіны ў запасе, вайсковы аналітык Раман Світан мяркуе , што самалёты «F-16» могуць спрычыніцца да пералому ў вайне. Пра гэта ён расказаў у праграме «Тыдзень» на «Белсаце».

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў казаў, што чакае першыя «F-16» ва ўкраінскім небе ў канцы верасня ці пачатку кастрычніка. Світан называе нават ранейшы тэрмін: ён чакае пастаўкі Украіне каля 40 самалётаў бліжэй да канца лета ці пачатку восені.

З гэтых 40 самалётаў удасца сфармаваць брыгаду, тры эскадрыллі, тлумачыць Світан. Калі самалёты з’явяцца, частку будуць выкарыстоўваць для перахопу ракетаў, самалётаў і беспілотнікаў на тэрыторыі Украіны. Другая частка мае выкарыстоўвацца для нанясення наземных удараў: самалёты будуць выкарыстоўвацца ў якасці штурмавікоў і бамбавальнікаў за лініяй фронту, супраць расейскага тылу.

Украіну, падкрэслівае Світан, прасілі не выкарыстоўваць «F-16» на тэрыторыі Расеі. Але самалётам хопіць і задачаў на тэрыторыі Украіны. Дарадца прэзідэнта ЗША кажа, што Крым – гэта Украіна. То бок па Крыме можна наносіць удары з ужываннем «F-16» і значыць, будзе наступ на Крым?

Эксперт адказвае: Крым – адзін з асноўных кірункаў наступу, які ўжо распачаўся. Ёсць рэчы, якія выконваюцца толькі перад наступам, і якраз такія рэчы ўжо пачалі рабіць з першай дэкады траўня. Па ўсім фронце ідзе выведка боем, рыхтуецца ўласна поле бою.

«Наступ ужо ідзе два тыдні прыкладна: падрыхтоўваецца поле бою, пачынаем знішчаць на далёкіх подступах расейскія войскі, – адзначае Світан. – Мэлітопаль, Марыупаль, Бярдзянск – і на Крым у тым ліку ў нас ёсць дальнія сродкі паражэння. Тое, што выкарыстоўвацца будуць самалёты для зачысткі Крыму пад канец лета, можа быць, пачатак восені, кажа пра тое, што асноўны наступ будзе для выканання задачы зачысткі Крыму.

Ну а другі этап наступу – гэта ўжо будзе вызваленне Данбасу. Ён можа выконвацца з дапамогаю самалётаў у тым ліку. І нават у кепскае надвор’е: гэта знішчальнікі на любое надвор’е, якія могуць выконваць баявыя задачы ў любых умовах».

Тое, чаго чакаюць мірныя людзі, – гэта не ўласна наступ, а прарыў, дадае Світан: калі пасля пэўных дзеянняў на лініі фронту войскі прарываюцца на 20–30 км да другой ці трэцяй лініі абароны. Эксперт прагназуе, што прарыў можа адбыцца да першай дэкады чэрвеня.

Аналітыка
Еўрапейскае турнэ Зяленскага: што Захад паабяцаў Украіне напярэдадні контрнаступу
2023.05.17 18:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў