«Я выходжу!» Святлана Ціханоўская заклікала далучацца да Дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў відэазвароце просіць увесь свет і кожнага аб падтрыманні ў Дзень салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада. У гэты дзень тры гады таму не стала Рамана Бандарэнкі, якога забілі прыслужнікі лукашэнкаўскага рэжыму.

Святлана Ціханоўская падчас выступу 2 кастрычніка 2023 года ў Варшаве.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Мы не зможам выйграць гэтую бітву ў адзіночку. Але з вашай дапамогай – мы пераможам!» – гаворыць Святлана Ціханоўская.

Яна заклікае ў гэты дзень рабіць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасці, дзяліцца навінамі з Беларусі пад тэгам #StandWithBelarus, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымання палітвязняў, а таксама – палка Каліноўскага.

У сваёй прамове Святлана Ціханоўская згадвае журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія былі затрыманыя падчас стрыму з плошчы Пераменаў 15 лістапада. Іх асудзілі на два гады калоніі, але палітзняволеная Кацярына Андрэева дагэтуль знаходзіцца за кратамі. Яе судзілі другі раз. Вырак – 8 гадоў і тры месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Зараз у Беларусі больш за паўтары тысячы палітвязняў, і дзяржава працягвае тэрор супраць грамадзянаў нашай краіны. Штодня па палітычных матывах затрымліваюць да 20 чалавек. Зняволеныя знаходзяцца ў жахлівых умовах, ізаляваныя ад адваката і блізкіх. Многія з іх – у крытычным стане здароўя, а некаторых ужо няма з намі», – гаворыць Святлана Ціханоўская.

Яна заклікае зрабіць так, каб 12 лістапада галасы беларускіх палітвязняў пачулі ва ўсім свеце.

Раман Бандарэнка – 31-гадовы мянчук, які загінуў пасля збіцця на плошчы Перамен у лістападзе 2020 годзе. Ягоная смерць выклікала масавыя пратэсты ва ўсёй краіне. У верасні 2021 года следчыя ініцыятывы «ByPol» агучылі імёны меркаваных забойцаў Бандарэнкі, які пакуль не панеслі ніякага пакарання. Генпракуратура прыпыніла ў 2021 годзе расследаванне крымінальнай справы, заведзенай па факце забойства мужчыны.

Гісторыі
«І пад’ехаў Рома на ровары…»  Шчымлівыя ўспаміны людзей, якія былі побач з Раманам Бандарэнкам
2022.11.12 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў