Расследаванне: як беларускі алігарх спрабаваў абысці санкцыі пры дапамозе каталіцкай царквы


Журналісты  «Рабочага руху» даведаліся, якім чынам уладальнік кампаніі «Брэміна груп» Аляксандр Зайцаў спрабаваў выйсці з-пад санкцый і пры чым тут каталіцкая царква, піша «Еўрарадыё».

Аляксандр Зайцаў. Крыніца: motolko.help / Telegram

Аляксандр Зайцаў – адзін з самых вядомых беларускіх прадпрымальнікаў. Па некаторых ацэнках, ён уваходзіць у дзясятку самых паспяховых бізнесменаў у краіне. У розныя гады займаў дзяржаўныя пасады. Быў памочнікам прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, а таксама Віктара Лукашэнкі. Таксама вядомы тым, што зʼяўляўся спонсарам футбольнага клуба «Дынама-Берасце». Праз падтрымку рэжыму Лукашэнкі і расейскай агрэсіі супраць Украіны, кампаніі Зайцава знаходзяцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША, акрамя таго, ён знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі многіх краін.

8 лістапада стала вядома, што Еўрапейскі суд адмовіў у іску Аляксандру Зайцаву, які спрабаваў скасаваць уведзеныя супраць яго санкцыі ЕЗ.

Як стала вядома «Рабочаму руху», Зайцаў спрабаваў абысці еўрапейскія санкцыі вельмі нестандартным спосабам. Большасць еўрапейскіх суддзяў прытрымліваюцца каталіцкай веры. І менавіта праз царкву хацеў зняць накладзеныя на яго санкцыі.

Да іску аб скасаванні санкцый у якасці дадатку былі прымацаваныя дакументы, якія пацвярджаюць сувязь Зайцава з каталіцкай царквой.

Напрыклад, сярод іх аказалася апостальскае блаславенне Папы Рымскага Бенедыкта XVI ад 2011 года, пасведчанне аб прысваенні рыцарскага крыжа ордэна «За заслугі перад Венгрыяй», атрыманага ад былога прэзідэнта Венгрыі Янаша Адэра. Акрамя гэтага, ён падаў пасведчанне аб уручэнні рыцарскага ордэна Святога Георгія, якім яго ўзнагародзілі летась у Менску не без дапамогі дзейнага каталіцкага святара.

Як высветлілі журналісты «Рабочага руху», у верасні 2021 года нейкі Ігар Лашук, зʼяўляючыся дзейным ксяндзом, заснаваў кампанію ТАА «АЛІС МА».

З прычыны ўведзеных на кампанію Зайцава «Брэміна груп» санкцый частка маёмасці была перапісаная менавіта на кампанію святара. У прыватнасці, як сцвярджаюць журналісты, такім чынам з-пад санкцый спрабавалі вывесці аэрадром «Орша» у пасёлку Балбасава, арандатарам якога і зʼяўлялася падсанкцыйная «Брэміна груп». Мяркуючы па дакументах, якія трапілі ў рукі расследавальнікаў, праектам распараджэння Лукашэнкі планавалася замена арандатара на нядаўна створаную ТАА «АЛІС МА».

Такім чынам, у лістападзе 2022 года кампанія, якая належала Лашуку, стала арандатарам таго самага аэрадрому «Орша», вывеўшы яго з-пад еўрапейскіх санкцый.

Аб’ектыў
Куды ідзеш, ойча?
2023.04.23 00:07

Як расказвае «Рабочы рух», Ігар Лашук і Аляксандр Зайцаў – не чужыя адзін аднаму людзі. Паводле хадайніцтва да апостальскага нунцыя ў Беларусі аб прысваенні Зайцаву рыцарскага ордэна Святога Георгія, бізнесмен і ксёндз знаёмыя больш за 13 гадоў.

Яны пазнаёміліся дзякуючы паслу Мальтыйскага ордэна ў Беларусі барону Паўлю фон Фурхеру. Зайцаў тады працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі і прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі прыезду ў Беларусь сакратара Святога Пасаду Тарчызіа Бертонэ. Па словах Лашука, Зайцаў быў своеасаблівым мостам у адносінах з адміністрацыяй Лукашэнкі.

Абгрунтоўваючы неабходнасць узнагароды для бізнесоўца ў гэтым жа хадайніцтве, Лашук прывёў інфармацыю, што Зайцаў ахвяраваў у парафію Святога Міхаіла Архангела ў вёсцы Багданава больш за 300 тысяч долараў, яшчэ 35 тысяч Зайцаў выдаткаваў на аднаўленне касцёлу Святога Станіслава ў Нясвіжскім раёне.

Пазней на просьбу мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, Зайцаў пагадзіўся дабудаваць касцёл Святога Казіміра ў Стоўбцах, у гэты праект бізнесовец уклаўся больш, чым на 250 тысяч долараў.

Усяго, як выявіў «Рабочы рух», Зайцаў выдаткаваў на беларускую каталіцкую царкву сама меней 585 тысяч долараў.

Аўтары расследавання паведамляюць, што дзеянні Лашука могуць быць звязаныя са шчырымі намерамі атрымаць грашовую дапамогу на будаўніцтва храмаў для вернікаў.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў