Расследавальнікі расказалі, хто ўвозіць грузавікі праз Беларусь у Расею ў абыход санкцыяў


Расследавальніцкае «Бюро» расказала, як еўрапейскія грузавікі трапляюць у Расею праз Беларусь у абыход санкцыяў, хто ім у гэтым дапамагае і як гэта варта спыніць.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: buromedia.io

Паводле расследавальнікаў, падсанкцыйныя еўрапейскія грузавікі ў Расею возяць дзясяткі беларускіх кампаніяў. Сярод папулярных аўтамабільных брэндаў – «Volvo», «Scania», «Mercedes-Benz», DAF, MAN, «Renault». Краінай паходжання грузавікоў пазначаныя Швецыя, Бельгія, Нідэрланды, Францыя, Нямеччына і Польшча.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Еўразвяз забараніў прадаваць грузавікі ў Расею і Беларусь, але тэхніка трапляе ў гэтыя краіны ў абыход санкцыяў. Дзякуючы розным схемам у 2023 годзе з Беларусі ў РФ прадалі больш як 600 цягачоў на 60 мільёнаў долараў.

Хто прадае грузавікі

У тройку лідараў у продажы аўтамабіляў з Беларусі ў РФ увайшлі «Белшынгандальсэрвіс», «Аўтабай Лізінг» і «НМП Лагістык». Яны падзялілі між сабой амаль 60 % шэрага аўтарынку.

У «Белшынгандальсэрвісу» летась выручка вырасла ў пяць разоў – амаль да 46 мільёнаў долараў. Чысты прыбытак павялічыўся ў 24 разы – да 390 тысяч долараў. Бенефіцыярам «Белшынгандальсэрвісу» выступае беларускі бізнесовец Уладзімір Сержановіч. Ён расказаў «Бюро», што падтрымлівае санкцыі, уведзеныя за ўварванне Расеі ва Украіну. Паводле яго, трэба змагацца з кампаніямі, што займаюцца продажам у Расею тавараў двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя на вайне. Пры гэтым у продажы спажывецкіх тавараў, сказаў Сержановіч, няма нічога кепскага. Ён пацвердзіў, што «Белшынгандальсэрвіс» прадае еўрапейскія грузавікі ў Расею, але не лічыць гэта абыходам санкцыяў.

«Мы не працуем з Еўразвязам. Мы працуем унутры Еўразійскага эканамічнага саюзу. Там гэтыя машыны перамяшчаюцца свабодна, там няма абмежаванняў. А як яны туды [у ЕАЭС] заехалі, хрэн яго ведае», – сказаў Сержановіч.

Журналісты праверылі VIN-коды грузавікоў, якія «Белшынгандальсэрвіс» прадаваў у Расею з Беларусі. Як высветлілася, некаторыя цягачы пабывалі да гэтага ў Літве. Адтуль яны нібыта паехалі ў Казахстан, але ў выніку трапілі ў Расею.

Выручка кампаніі «Аўтабай Лізінг», якой кіруе нарадзінец Крыму з беларускім пашпартам Сяргей Лытко, з дапамогай сугучнай расейскай кампаніі «Аўтабай» беларуса Ігара Дзятко летась перавысіла 14 мільёнаў долараў.

Грузавік, які прапаноўвае для продажу «Аўтабай».
Фота: autoby.ru

У кампаніі «НМП Лагістык», што з’явілася праз пару месяцаў пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцыяў, за год выручка вырасла ў 10 разоў – да 7 мільёнаў долараў. Дырэктар і адзіны ўладальнік «НМП Лагістык» – нарадзінец Кобрына Глеб Чарнышоў. Адзіны пакупнік грузавікоў «НМП Лагістык» у Расеі – кампанія «Про Авто». Летась яна паказала рэкордную выручку на 10 мільёнаў долараў і ўпершыню за доўгі час скончыла год з чыстым прыбыткам 300 тысяч долараў. «Про Авто» ўваходзіць у «ПП-Холдинг», які звязваюць з буйной нафтавай кампаніяй «Татнефть». Дырэктар і сузаснавальнік «ПП-Холдинга» Аляксандр Праскурын адказаў журналістам, што не абыходзіць санкцыяў, бо іх паміж Расеяй і Беларуссю няма. Ён таксама запэўніў, што незнаёмы з кіраўніцтвам кампаніі «НМП Лагістык», якая, паводле яго, ніяк не звязаная з «Про Авто». Аднак кіраўнік «НМП Лагістык» Чарнышоў раней працаваў начальнікам юрыдычнага аддзелу «Про Авто». Журналістам ён сказаў, што больш не займаецца продажам еўрапейскіх грузавікоў у Расею, бо «ёсць пэўныя абмежаванні з боку дзяржавы».

Неблагія паказнікі паказалі і некаторыя ІП. Гэтак, летась ваўкавыскі прадпрымальнік Арцём Піскуноў прадаў у Расею грузавікі «Mercedes-Benz», DAF і «Iveco» на больш як 5,4 мільёна долараў.

Дзіркі ў санкцыях

Усе тры кампаніі са згаданага топу прадавалі ў Расею, акрамя грузавікоў, і легкавыя аўтамабілі. Як высветлілася з матэрыялаў суда кампаніі «Аўтабай» з расейскай мытняй, адбываецца гэта ў тым ліку з дапамогай мноства пасярэднікаў у краінах Еўразвязу.

«Праз увядзенне дзяржавамі ЕЗ санкцыяў у дачыненні РФ і яе рэзідэнтаў […] для імпарту транспартных сродкаў на тэрыторыю Расеі ТАА «Аўтабай» супрацоўнічае з пасярэдніцкімі кампаніямі ў Беларусі і ЕЗ», – сказана ў дакументах суда.

У прыватнасці, згадвалася дапамога літоўскай кампаніі «Skani Siunta», што купляла аўтамабілі ў Нямеччыне.

У пачатку гэтага года мытныя органы Літвы, Латвіі і Эстоніі дамовіліся ўзмацніць кантроль грузаў на мяжы з Беларуссю і Расеяй, каб перадухіліць продаж тавараў у абыход санкцыяў. Дзейснай захадай у гэтым кірунку эксперты лічаць уніфікацыю абмежаванняў супраць Беларусі і Расеі.

«Любая санкцыйная мера, прынятая супраць Расеі, павінна быць прымененая і супраць рэжыму Лукашэнкі, бо любая розніца дае магчымасць для з’яўлення пралазаў з боку Лукашэнкі, віртуознага кантрабандыста на дзяржаўным узроўні», – сказаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле падлікаў нарвежскай кансалтынгавай арганізацыі «Corisk», ёсць больш за 3000 тавараў, якія нельга экспартаваць у Расею, але можна спакойна прадаць у Беларусь. Сярод такіх тавараў – пазадарожнікі, якія могуць выкарыстоўвацца ў вайне супраць Украіны.

«Каб экспартны кантроль быў эфектыўным, санкцыі ў дачыненні Беларусі павінны быць люстэркавым адбіткам санкцыяў у дачыненні Расеі. Сёння беларускі пралом дастаткова вялікі, каб армада грузавікоў, легкавікоў і іншых тавараў магла прайсці з Захаду ў Расею і, магчыма, далей на палі бою ва Украіне», – сказаў старэйшы дарадца Нарвежскага Хельсінкскага камітэту Оге Боркгрэвінк.

Паводле звестак «Corisk», у цэлым на Беларусь прыпадае прыкладна траціна ад ценявога экспарту ў Расею – больш як 10 мільярдаў еўраў у 2022–2023 гадах.

Разбор
Лавачка закрылася. ЕЗ узяўся за пастаўкі аўто праз Беларусь у РФ. Што ад таго беларусам?
2024.03.27 19:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў