У Менск прыбыла дэлегацыя прадстаўнікоў ураду абвешчанай на акупаванай Расеяй тэрыторыі Украіны Данецкай Народнай Рэспублікі. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў старшыня ўраду «ДНР» Яўгеній Сонцаў.
«Найбліжэйшыя дні будзем працаваць у Рэспубліцы Беларусь. Праграма шырокая. Наведаем шэраг вытворчасцяў, пазнаёмімся з беларускай прадукцыяй, абмяркуем з калегамі перспектывы супрацы», – напісаў Сонцаў.
У сярэдзіне чэрвеня сёлета Беларусь і «ДНР» падпісалі камюніке аб пашырэнні партнёрства ў сельскай гаспадарцы, машынабудаўніцтве, вугальнай галіне, продажы харчовых прадуктаў. Пагадненне падпісалі амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой і кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Дзяніс Пушылін падчас Міжнароднага эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбурзе.
18 красавіка 2023 года ў Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Дзяніса Пушыліна, кіраўніка падкантрольнай Расеі «Данецкай Народнай Рэспублікі». На ёй Лукашэнка заявіў пра гатовасць даць дапамогу і падтрымаць, каб «нечужыя людзі там [у акупаванай Данецкай вобласці. – Belsat.eu] нарэшце перасталі пакутаваць».
Неўзабаве пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пушыліна Кіеў адклікаў свайго амбасадара Ігара Кізіма з Менску.
Марыя Міхалевіч belsat.eu