Польшча гатовая дапамагчы Украіне вяртаць мужчынаў прызыўнога веку, Нямеччына – не


Польшча гатовая дапамагчы ўладам Украіны ў справе вяртання ўкраінцаў прызыўнога веку, якія застаюцца на польскай тэрыторыі. Пра гэта заявіў міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш у інтэрв’ю тэлеканалу «Polsat». Гэтак ён пракаментаваў прыпыненне ўкраінскімі консульствамі абслугоўвання мужчынаў прызыўнога веку.

Міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш. Брусель, Бельгія. 15 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«Я не здзіўлены, што міністр замежных справаў Украіны прыняў такую пастанову. Украінскія ўлады робяць усё, каб даставіць новых жаўнераў на фронт, бо патрэбы велізарныя», – сказаў Владыслаў Касіняк-Камыш.

На ягоную думку, украінскія вайскоўцы на фронце «маюць абгрунтаваную прэтэнзію да сваіх раўналеткаў, раскіданых па свеце», а грамадзяне Польшчы абураюцца, «калі бачаць у кавярнях маладых украінскіх мужчынаў і чуюць пра тое, колькіх высілкаў каштуе нам дапамога Украіне».

Паводле міністра абароны, Польшча даўно прапанавала ўкраінскаму боку дапамагчы выяўляць тых, хто падлягае вайсковаму прызыву і мусіць ехаць ва Украіну.

«Форма гэтай нашай дапамогі, аднак, больш залежыць ад украінскага боку», – дадаў ён.

Пытанне, зададзенае тэлеканалам міністру, было звязана з тым, што МЗС Украіны абвясціла пра спыненне афармлення дакументаў за мяжой грамадзянам Украіны ў веку 18–60 гадоў. Гэты крок звязаны з прынятым нядаўна ва Украіне новым законам аб мабілізацыі.

Паводле статыстычнай службы Еўразвязу, у студзені 2024 года ў краінах ЕЗ былі каля 4,3 млн грамадзянаў Украіны, у тым ліку каля 860 тыс. мужчынаў. Польшча афіцыйна дала часовы прытулак 950 тысячам украінцаў, саступаючы паводле гэтага паказніку толькі Нямеччыне.

Пры гэтым улады Нямеччыны заявілі, што адмова ў аказанні консульскіх паслугаў не паўплывае на статус украінскіх мужчынаў, якія застаюцца ў краіне як уцекачы.

«Я ўпэўнены ў тым, што гэта не паўплывае на статус уцекачоў з Украіны, якія маюць патрэбу ў абароне незалежна ад таго, вядзецца пра жанчын, якіх сярод такіх уцекачоў пераважная большасць, ці пра мужчынаў», – заявіў DW афіцыйны прадстаўнік нямецкага МУС Максімільян Каль.

Паводле яго, такі абаронены статус украінскія ўцекачы маюць ва ўсіх краінах Еўрапейскага Звязу, бо былі змушаныя пакінуць радзіму, ратуючыся ад расейскай агрэсіі.

Hавiны
Зяленскі падпісаў Закон аб мабілізацыі. Што змяняе дакумент для ўкраінцаў?
2024.04.16 16:06

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў