Якое месца займае Беларусь у геапалітычных планах Пуціна?


Якое месца ў імперскіх планах Крамля займала і займае Беларусь? Калі Уладзімір Пуцін пачаў рыхтаваць беларускі кірунак для ўварвання ва Украіну?Belsat.eu аналізуе. 

Падпісанне Дамовы аб утварэнні Саюзу Расеі і Беларусі. На здымку – Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын.
Фота: Vladimir Rodionov  / CC-BY-SA 3.0 / be.wikipedia.org

З чаго ўсё пачыналася

Адпраўным пунктам агрэсіўнай вонкавай палітыкі пуцінскай Расеі лічаць мюнхенскую прамову Уладзіміра Пуціна ў лютым 2007 года, у якой ён фактычна агучыў свой намер перагледзець сусветны парадак. Але спробы Расеі аднавіць свой уплыў і кантроль над постсавецкай прастораў пачаліся задоўга да мюнхенскай прамовы. Прычым пачыналіся гэтыя працэсы якраз з Беларусі.

Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы падпісалі 8 снежня 1999 года, калі прэзідэнтам РФ быў яшчэ Барыс Ельцын. Пуцін бачыў характар далейшай інтэграцыі абсалютна адназначна – як далучэнне Беларусі да Расеі. Улетку 2002 года ён прапанаваў Лукашэнку правесці агульны рэферэндум, а потым выбары парламенту і прэзідэнта. Ішлося пра аб’яднанне на падставе Канстытуцыі РФ, дзе Беларусь проста станецца адным з федэратыўных рэгіёнаў. З гэтаю канцэпцыяй у Менску катэгарычна не пагадзіліся. У 2005–2007 гадах на найвышэйшым узроўні яшчэ абмяркоўвалі магчымасць прыняцця Канстытуцыйнага акту і адзінай валюты, але дэ-факта праект Саюзнай дзяржавы быў паступова замарожаны.

Hавiны
«Мухі асобна», досвед СССР і 90-ая губернія. Топ-6 пытанняў і адказаў пра Саюзную дзяржаву
2019.12.07 06:00

У канцы нулявых – пачатку 2010-х беларуска-расейскую інтэграцыю ў парадку дня Крамля змяніла еўразійская інтэграцыя,

якая на той стадыі разглядалася расейскім кіраўніцтвам як больш амбітны механізм пашырэння ўплыву ў рэгіёне. РФ, Беларусь і Казахстан спачатку заснавалі Мытны саюз, а потым Еўразійскі эканамічны саюз, да якога далучыліся Арменія і Кыргызстан.

Крэмль усяляк імкнуўся ўцягнуць у гэты праект Украіну. У канцы 2013 года пад ціскам Масквы ўкраінскі прэзідэнт Віктар Януковіч у апошні момант адмовіўся ад дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ, чым справакаваў Еўрамайдан. Скарыстаўшыся слабасцю Украіны пасля рэвалюцыі, Расея ў 2014-м анексавала Крым і паспрабавала адвярнуць ад Украіны ўвесь паўднёвы захад, інспіраваўшы там прарасейскія выступленні. На Данбасе гэтыя дзеянні прывялі да вайны і стварэння марыянеткавых «ДНР» і «ЛНР», якія ў 2014 годзе ўтрымаліся толькі за кошт расейскага ваеннага ўмяшання. Але падпарадкаваць сябе Украіну і прымусіць Кіеў адмовіцца ад курсу на збліжэнне з Захадам Крэмль так і не здолеў.

З таго часу Украіна пераўтварылася ў галоўную перашкоду для рэалізацыі геапалітычных планаў Пуціна – аднавіць СССР.

Ніхто цяпер не здольны сказаць, калі Пуцін канчаткова пастанавіў развязаць украінскае пытанне менавіта шляхам поўнамаштабнага ўварвання. Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц лічыць, што гэтае рашэнне прынялі як мінімум за год да пачатку вайны. Некаторыя дзеянні ва ўнутранай палітыцы (напрыклад, атручванне Аляксея Навальнага) указваюць на тое, што гэта магло адбыцца не пазней за 2020 год. А, напрыклад, амерыканскае выданне The Washington Post пісала, што значнае павелічэнне актыўнасці ФСБ ва Украіне стала назірацца з 2019 года, што можна лічыць першым крокам у межах рыхтавання да ўварвання. Калі гэта сапраўды так, пастанову пра вайну маглі прыняць яшчэ раней.

У любым выпадку ў планах Пуціна для аднаўлення імперыі без Беларусі было не абысціся.

Інтэграцыйны манеўр

У 2018–2019 гадах у стасунках Масквы і Менску пачалі адбывацца трывожныя падзеі. Спачатку амбасадарам і спецпрадстаўніком прэзідэнта РФ у Беларусі прызначылі былога сілавіка Міхаіла Бабіча, якога медыі празвалі «амбасадарам вайны» і «прафесійным дыверсантам». Ён паводзіў сябе ў Беларусі як губернатар у расейскай федэральнай акрузе: прытрымліваўся ментарскага тону ў сваіх выступах, крытыкаваў Лукашэнку, ездзіў па прадпрыемствах і нават сустракаўся з былымі кандыдатамі на прэзідэнта. Адкрытая канфрантацыя Бабіча з афіцыйным Менскам прывяла да таго, што праз 8 месяцаў пасля прызначэння яго адклікалі. Але падобна на тое, што місія Бабіча была ў тым, каб проста прыстрашыць афіцыйны Менск напярэдадні важных падзеяў. Бо паралельна пасля доўгага забыцця Расея раптам пастанавіла вярнуцца да ідэі пабудаваць Саюзную дзяржаву.

Пратэсты супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Менск, Беларусь. 20 снежня 2019 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У канцы 2018 года з’явіўся так званы ўльтыматум Крамля: расейскія ўлады заявілі, што Беларусь можа разлічваць на эканамічныя датацыі толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў шантажы ды заявіў, што Беларусь ніколі не ўвойдзе ў склад Расеі, але на перамовы наконт «паглыбленай інтэграцыі» ўсё ж пагадзіўся.

Урады дзвюх краінаў пачалі працаваць над дарожнымі мапамі. Канкрэтны змест і нават поўны пералік дарожных мапаў (праграмаў) бакі захоўвалі ў сакрэце. Выданне «Коммерсант», якое атрымала доступ да папярэдніх дакументаў, называла праект «радыкальным», які прадугледжвае эканамічную інтэграцыю на ўзроўні канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржавы. Больш за тое, высветлілася, што існавала яшчэ 31-я мапа, якая закранае пытанні наднацыянальных органаў улады, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру. Хаця Лукашэнка пры гэтым падкрэсліваў, што яны з Пуціным пастанавілі пакуль адкласці гэтую тэму.

Даціснуць Лукашэнку ў 2019 годзе не ўдалося. У якасці помсты за непадатлівасць на перамовах Расея ў пачатку 2020-га амаль на два месяцы спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Потым тэма «паглыбленай інтэграцыі» надоўга знікла з парадку дня.

Рыхтаванне плацдарму

Раптоўную актыўнасць Крамля ў інтэграцыйным пытанні шэраг экспертаў і медыі тлумачылі намерам Пуціна праз паглынанне Беларусі развязаць праблему захавання асабістай улады. Нібыта расейскі кіраўнік планаваў абысці забарону быць на пасадзе прэзідэнта больш за два тэрміны запар, стварыўшы новую дзяржаву з новаю Канстытуцыяй. Але цяпер куды больш пераканаўча выглядае думка пракрамлёўскага палітолага Андрэя Суздальцава, які яшчэ ў самым пачатку інтэграцыйнай эпапеі ў снежні 2018 года звязваў рэзкую пазіцыю Крамля з украінскаю праблемаю.

«Калі б мы адчувалі локаць нашага саюзніка на вонкавай арэне, пытанняў бы не ўзнікала», – казаў тады эксперт.

Нельга выключаць, што ўльтыматум Крамля ў канцы 2018-га ўзнік менавіта ў кантэксце планаў Пуціна захапіць Украіну. Лукашэнка скарыстаўся падзеямі ў Крыме і Данбасе ў 2014–2015 гадах, каб узмацніць свае пазіцыі на міжнароднай арэне – палепшыць стасункі з Захадам і трошкі знізіць сваю залежнасць ад Расеі. Пуціну ж трэба было перад вялікаю вайною прывязаць Лукашэнку да сябе і забяспечыць такім чынам падтрыманне расейскай агрэсіі з боку Беларусі. Да таго праект Саюзнай дзяржавы мог разглядацца як платформа для будучага паглынання заваяваных тэрыторыяў і афармлення новай імперыі, якая без Украіны і Беларусі проста немагчымая.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас падарожжа ля ўзбярэжжа Чорнага мора, Расея. 29 траўня 2021 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

На карысць апошняй версіі сведчаць выказванні самога Лукашэнкі. У пачатку лютага 2022 года ў праграмным інтэрв’ю прапагандысту Уладзіміру Салаўёву, дзе Лукашэнка агучыў усе патрэбныя Крамлю тэзісы наконт будучай вайны, ён у тым ліку выказаў упэўненасць, што ў Саюзную дзяржаву з часам увойдзе Украіна ды іншыя постсавецкія краіны. Раней, у студзені, падчас звароту да Нацыянальнага сходу ён таксама намякнуў на нейкі славянскі саюз, паабяцаўшы: «Мы вернем нашую Украіну ў лона нашага славянства».

Тую ж ідэю можна знайсці ў праграмным артыкуле галоўнага дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости» – «Наступленне Расеі і новага свету», які падрыхтавалі загадзя і памылкова апублікавалі на трэці дзень вайны з разліку на тое, што Украіна на той момант ужо будзе разбітая. У гэтым артыкуле адзначаецца: Саюзная дзяржава РФ і Беларусі – гэта адна з магчымых формаў замацавання саюзу Расеі з новай Украінай.

«Расея аднаўляе сваю гістарычную паўнату, збіраючы «русский мир», «рускі» народ разам – ува ўсёй яго сукупнасці вялікаросаў, беларусаў і маларосаў», – гаворыцца ў матэрыяле.

Як распавядаў журналістам Оляф Шольц, перад самым пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Пуцін яму заявіў, што Беларусь і Украіна наагул не павінны існаваць як незалежныя дзяржавы.

Плацдарм створаны – інтэграцыя можа пачакаць

Выглядае на тое, што праект «паглыбленай інтэграцыі» быў для Расеі найперш сродкам ціску, а не мэтаю. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Лукашэнка трапіў у поўную залежнасць ад Расеі і нават быў вымушаны прасіць Пуціна сфармаваць рэзерв сілавікоў для магчымай інтэрвенцыі ў Беларусь у выпадку перамогі пратэстаў. Хаця цяпер само існаванне рэжыму Лукашэнкі цалкам залежала ад Расеі, Крэмль не спяшаўся даціскаць Беларусь у пытаннях інтэграцыі. Саюзныя праграмы на 2021–2023 гады (якія прыйшлі на змену дарожным мапам) былі падпісаныя толькі 4 лістапада 2021-га і сфармуляваныя больш мякка, чымся ў першапачатковым варыянце 2019 года. Пра палітычны складнік інтэграцыі ў тых праграмах гаворкі зусім не было.

На фоне слабасці рэжыму Лукашэнкі пасля падзеяў 2020 года такі вынік для Крамля можна было б палічыць вельмі сціплым. Але, як цяпер ужо ясна, Пуцін на той момант атрымаў ад Лукашэнкі значна больш, чымся саюзныя праграмы – ён ужо мог разлічваць на беларускі плацдарм у вайне супраць Украіны.

Аналітыка
Зігзагі дыктатуры. Як змянялася рыторыка Лукашэнкі падчас расейска-ўкраінскага канфлікту
2022.05.02 16:31

Яшчэ ўвесну 2021 года з’явіліся прыкметы зменаў рыторыкі Лукашэнкі ва ўкраінскім пытанні. Паралельна была дасягнутая дамоўленасць у стварэнні супольнага расейска-беларускага навучальна-баявога цэнтру ў Горадні, пад прыкрыццём якога ў Беларусі сталі з’яўляцца падраздзяленні зенітна-ракетных войскаў РФ і самалёты. А разам з саюзнымі праграмамі на паседжанні Найвышэйшага дзяржаўнага савету 4 лістапада 2021 года зацвердзілі новую Вайсковую дактрыну дзвюх краінаў, якую, дарэчы, расейскі бок падрыхтаваў яшчэ ў 2018-м.

З канца лістапада рыторыка Лукашэнкі набыла адкрыта мілітарысцкі характар. Ён абяцаў быць на баку Расеі ў выпадку вайны з Украінаю, прагназаваў, што Украіна пратрымаецца «максімум 3-4 дні», і пагражаў дайсці да Ла-Маншу, калі Захад захоча ўмяшацца ў канфлікт. 17 студзеня абвесцілі аб правядзенні пазапланавых расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць», пад прыкрыццём якіх адбывалася маштабнае перакідванне расейскай арміі ў Беларусь і рыхтаванне да ўварвання ва Украіну. Ужо тады выказвалася думка, што дэ-факта такім чынам адбываецца акупацыя Беларусі. Размовы пра страту суверэнітэту пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання толькі ўзмацніліся.

Вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022» у Беларусі. Люты 2022 года.
Фота: mil.ru

Аднак дэ-юрэ Беларусь застаецца незалежнаю дзяржаваю. Да вайны некаторыя расейскія журналісты і палітолагі выказвалі меркаванне, што Пуцін разлічвае далучыць Беларусь да Расеі да 2024 года, каб на хвалі «народнай любові» пераабрацца на чарговы тэрмін. Але цяпер прывязванне да электаральных кампаніяў выглядае беспадстаўным. Імаверна, цяпер усё будзе залежаць ад вайны ва Украіне – любыя далейшыя геапалітычныя планы Пуціна, у тым ліку наконт Беларусі, завязаныя толькі на гэта.

Паводле крыніцаў «Медузы» сярод прадстаўнікоў расейскіх уладаў, у Крамлі ў прыватнасці абмяркоўвалі ідэю адначасова правесці «рэферэндум» на акупаваных тэрыторыях Украіны ды плебісцыт пра «зліццё» Беларусі і Расеі. «Але гэта калі ўдасца праціснуць Лукашэнку, які ад такога сцэнара ўсяляк сыходзіць», – падкрэсліваў адзін з суразмоўцаў выдання ў траўні.

Праўда, цяпер сітуацыя на фронце і ў тыле для Расеі такая, што нават магчымасць правесці псеўдарэферэндумы на акупаваных тэрыторыях Украіны пад вялікім пытаннем. Вынік вайны пакуль застаецца няясны, Беларусь працягвае разглядацца Крамлём у першую чаргу як вайсковы плацдарм.

Аналітыка
Ад выбуху дамоў да «сірыізацыі». Як Пуцін ператварыўся ў новага Гітлера
2022.04.16 17:15

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў