Ізраільская рэпатрыянтка: Не бачу прычынаў, каб я зноў здолела звыкнуцца з жыццём у Беларусі. Гэта як эміграваць зноў


Ізраільскія рэпатрыянты, якія прыехалі на гістарычную Радзіму з Беларусі больш за тры дзясяткі гадоў таму, нават падчас ваенных дзеянняў на Блізкім Усходзе лічаць, што гэта самае небяспечнае для габрэяў месца жыхарства. Падзеі апошніх месяцаў не выклікалі ў іх ўсплёск настальгічных эмоцыяў і жадання паехаць у «мірную і спакойную» Беларусь. Пра ад’езд з Менску, адаптацыю на новым месцы і сённяшняе жыццё ў Ізраілі мы пагутарылі з Алаю Пеўзнер.

Ала разам з мужам Міхаілам. Фота прадстаўлена рэдакцыі

З Алаю Пеўзнер мы знаёмыя вельмі даўно. Мой бацька жыў у адным пакоі ў інстытуцкім інтэрнаце з ейным бацькам Міхаілам, а таксама іншымі хлопцамі габрэйскай нацыянальнасці – Максам Шапірам ды Валерыем Вайнбергам – падчас навучання ў Менскім лесатэхнічным інстытуце [цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, – заўв. «Белсат»]. Мы захавалі сяброўства на ўсё жыццё, і хоць цяпер яны і знаходзяцца за межамі Беларусі, мы працягваем заставацца ў сталым кантакце. Асабліва зараз, калі вельмі пераймаемся за іх бяспеку. Ала ахвотна пайшла на размову, якую мы распачалі з падзеяў 35-гадовай даўніны.

– У Менску ты выйшла замуж, але праз пару год пасля гэтага вырашыліся ўсёй сям’ёй – вы з мужам, бацькі, бабулі-дзядулі – на пераезд на гістарычную Радзіму. Памятаеш, як гэта было і чаму?

– Цудоўна памятаю. У 1989-1991-м для наспелі аб’ектыўныя прычыны. Невыносна складанай зрабілася эканамічная сітуацыя, але яшчэ страшней была экалогія. Мой муж – ліквідатар, служыў у хімічных войсках у 1986 годзе ў 30-кіламетровай зоне. Было неспакойна і за ягоную будучыню і за будучыню дачкі. Спадзяванняў на тое, што ўзнаўленне здароўя Мішы будзе праходзіць паспяхова ў «забруджанай» Беларусі нават пры даволі годным узроўні медыцыны неяк не ўзнікала. Гэта мы яшчэ не ведалі, што Лукашэнка, у адрозненне ад кіраўнікоў Расеі і Украіны, пазбавіць чарнобыльцаў-ліквідатараў бясплатных медыкаментаў, ільготных крэдытаў на жыллё, скідак на камунальныя плацяжы, бясплатнага праезду ды і самога статусу «ліквідатар», пакінуўшы тэрмін «пацярпелы». Таму тут мы ўгадалі. У Ізраілі мужа не было за што ільгатаваць, але на наша вялікае здзіўленне тут арганізаваўся Саюз ліквідатараў, на чале якога стаў чалавек, якому былі не абыякавыя лёсы чарнобыльцаў, і напачатку 2000-х быў праведзены нават Закон, які падтрымліваў гэтую катэгорыю грамадзянаў. Дзяржава Ізраіль стала пажыццёва выплочваць штогадовыя «аздараўляльныя» плюс, паводле гэтага Закону, прадстаўляліся ільготы на першачарговае атрыманне сацыяльнага жытла, альбо ўдзел дзяржавы ў дапамозе жытла здымнага. Да 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС муж атрымаў нават медаль «За мужнасць». Цяпер ён мае вельмі добрую працу ў IT.

– Але ж пераезд быў, несумненна, звязаны не толькі з вялізнымі штодзённымі турботамі, але і са стратаю пажыткаў…

– Мы пастанавілі, найперш, што такі крок у сітуацыі быў адзіным выйсцем. Хаця ведалі, што пакінем дзяржаве дзве не прыватызаваныя кватэры, грамадзянства, стаж, чарнобыльскія ільготы. Да ад’езду трэба было яшчэ ў Менску жыць і пакрысе адпраўляць багаж на тры сям’і. Распрадалі ўсё, што было магчымым, нават гузікі і цвікі на рынку. Таму што выезд патрабаваў немалых выдаткаў. І ў нас там не засталося роўным лікам нічога!

Вяселле Алы і Міхаіла Пеўзнер у Менску. 29 жніўня 1988 года. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– То бок, прыляцелі вы ў Ізраіль не з вялікімі грашыма, хаця б на першы час?

– Цяжка ў гэта паверыць, але ў нас пасля ўсіх выдаткаў заставалася толькі $22 на ўсю сям’ю. Асабліва гэта было адчувальна для таго складу, у якім мы прыехалі (4 інваліды, дзіця 2,5 гады ды 1,5 працаздольнага чалавека). Але мы з’язджалі назаўсёды без думак пра вяртанне. І выбару ў нас не было. Тады яшчэ не было і інтэрнэту, праз які мы маглі б звязвацца з сябрамі ці сваякамі, якія заставаліся ў Беларусі, альбо выехалі ў іншыя краіны. Гэта быў жудасны стрэс для ўсіх, сапраўдны крок у невядомасць. Чужы менталітэт, абсалютна незразумелая мова. І мы разумелі, што трэба неяк і нам выжываць: вучыць мову, харчавацца, здымаць жытло, вырашаць складаныя медычныя пытанні і з намі маладымі, і з людзьмі старэйшага ўзросту, адзін з якіх быў прыкаваны да ложка. Таму прыходзілася хапацца за ўсё, што давала магчымасць хоць неяк набываць прадукты і здымаць кватэру трыма-чатырма сем’ямі. Гэтак званага «кошыка дапамогі», які выдалі, хапіла на паўгода аплаты жылля пры ўмове сумеснага пражывання трох сем’яў. Але на вуліцы сонейка, навокал пальмы, зеляніна, кветкі, усмешлівы ды спагадлівы ў адносінах да нас народ, які павінен быў стаць для нас ментальна блізкім. Хацелася жыць і спадзявацца на цуд, які дасць магчымасць ускараскацца на паверхню і стаць часткай гэтай зямлі. Адпаведна і патрыётамі гэтай маленькай, але гордай краіны. На сённяшні дзень мы такімі сталі, прыняўшы гістарычную радзіму з усімі ейнымі плюсамі ды мінусамі, палюбіўшы яе без умоваў і з удзячнасцю, што яна прыняла нас і з часам дала магчымасць стаць вольнымі і дыхаць на поўныя грудзі.

– Якое ў вас становішча зараз, калі вайну вывесці за дужкі?

– Ну тут, канечне, не Швейцарыя. Аднак вярнуцца ў Беларусь думкі ніколі не ўзнікала. Хаця там у мяне засталося шмат сяброў. Але я разумею, што ментальна мы даўно не там. Добра ведаю, што там «37-ы год». Вельмі пераймаюся за мамінага брат. Пра яго нічога не вядома. У свае 75 год ён чацвёрты месяц у турме, пры тым, што вельмі шмат карыснага зрабіў для эканомікі Беларусі. У любым выпадку, абсалютная большасць лічыць, што жыццё тут, у Ізраілі, для габрэяў найбольш бяспечнае, чым у любым іншым месцы. Асабліва пасля таго, як у свеце пачаліся антыізраільскія пратэсты. Нават тыя, хто працуе тут на прыбіранні кватэраў ці офісаў нікуды і не рушылі пасля 7 кастрычніка. Хаця цяжка людзям, якія не ведаюць іўрыту. Яны не разумеюць ні ментальнасць народу, ні спецыфіку краіны. І інтэрпрэтуюць усё няправільна. Але нерэальна прыехаць і спадзявацца на ўсё і адразу.

Hавiны
250 загінулых, амаль 1500 параненых. Як выглядае сітуацыя ў Ізраілі напрыканцы суботы, 7 кастрычніка
2023.10.08 00:37

– Пры гэтым, як ты кажаш, не шмат зносінаў маеш з іншымі людзьмі ўжо гадоў 20 як. Табе, мужу не цікава заводзіць новыя знаёмствы ці жыццё ў Ізраілі больш закрытае, чым тое, якое было ў нас у Менску, калі мы накрывалі вялікія сталы асобаў на 30 і сябравалі ўсё жыццё?

– Для гэтага трэба мець азначаныя ўмовы. З узростам людзі больш сыходзяць у свае сем’і, якія тут даволі вялікія. Тут, у адрозненне ад тых жа ЗША ці Канады, дзе таксама шмат нашых, людзі больш адкрытыя для зносінаў. Але ўсё і ўсюды залежыць ад асаблівасцяў уласнага характару. У змяшаных сем’ях таксама ўсё не адназначна. Але, чым людзі маладзей, тым ім прасцей. Сярод моладзі розніца ў менталітэце больш размытая. Нам, тым каму за 50, даводзіцца жыць пад грузам уласнага жыццёвага досведу, які не заўсёды дае магчымасць расслабіцца. Я абсалютна ўпэўненая, што каб я прыехала не ў 25, а, скажам, у 15, то мела б значна больш лепшыя перадумовы для жыцця і разумення.

– А ў Беларусь зусім не цягне?

– Я была ў 2001 годзе. Хацелася б яшчэ раз прыехаць ды паказаць дачцэ і ўнуку краіну, у якой нарадзілася і якую дачка, канечне, не памятае. Але зараз зусім не хочацца. Ды і не можацца ў нашым выпадку. Не бачу прычынаў, каб я зноў здолела звыкнуцца з жыццём у Беларусі. Гэта як эміграваць зноў. Мне аднаго разу хапіла. Зараз абжыліся тут, хаця хацелася б і большага. Расейцы, якія прыехалі сюды даўно і зарабілі пенсіі ў Расеі, маюць нейкі даход. Гэта хоць і «капейкі», але рэпатрыянтам з Беларусі, нават тым, хто прапрацаваў там большую частку жыцця (як мая мама, у якой працоўны стаж быў 30 год) не перападае ўвогуле нічога. І тут пенсію не зарабіла. Яна атрымлівае сацыяльную дапамогу на арэнду кватэры і матэрыяльную падтрымку па гаспадарцы (па стане здароўя). У яе сацыяльнае жытло, якое субсідзіруецца дзяржаваю на працяглы тэрмін (пажыццёва). Хаця гэта не для ўсіх і не заўсёды. Кожны выпадак – індывідуальны. Але любы чалавек мае магчымасць знайсці сабе варыянт, які найбольш пасуе ў залежнасці ад узросту, стану здароўя і складу сям’і. У Беларусі неяк усё агулам, цэнтралізавана, для ўсіх аднолькавыя правілы.

Ала і Міхаіл і іх Дачка Эліна. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Нешта памянялася ў тваім светапоглядзе за гэтыя тры дзясяткі гадоў жыцця тут?

– Усё змянілася кардынальна. Гэта Усход – справа тонкая. Сюды прыехалі людзі з розных краінаў, усё надзвычайнай перамяшана. Калі ў нас не было вайны, мы вельмі праймаліся за Украіну, былі ў шоку, усё слухалі, хваляваліся за людзей. Цяпер, калі гэтая дрэнь прыйшла і да нас, мяне цікавіць толькі тое, што адбываецца тут. Ну і тое, што ў Беларусі, канечне. Там у нас засталося шмат сяброў.

– Для мяне асабіста – усе людзі аднолькавыя. Незалежна ад нацыянальнасці. Заўсёды хочацца, каб яны па ўсёй планеце жылі самадастаткова і бяспечна. А як у вас там: ці ёсць нянавісць да суседзяў, адкуль прыйшла чарговая бяда?

– Нянавісць існуе да тых людзей, дакладней, нелюдзей, брыдкіх, неадукаваных, якія хочуць уламацца ў твой дом, знішчаць, раскрадаць усё, што табою з любоўю пабудавана і створана цяжкай працаю. Таму што самі толкам не жывуць і ўвогуле не цэняць самое паняцце «жыццё», не даючы гэтага і іншым. Зрэшты, і ў Беларусі, наколькі мне вядома, амаль такая ж сітуацыя. Толькі тут нас атакуюць радыкальныя ісламісты з-за мяжы, а там сваіх жа суайчыннікаў катуюць радыкальныя лукашысты. І нам тут, і ім там – неспакойна кожны дзень. Таму штодня і молімся за сябе і за іх!

Аналітыка
Ні перамір’я, ні вялікай вайны. Што цяпер адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.02.08 18:11

Аляксандр Пуціла belsat.eu 

Стужка навінаў