Дакументальная стужка рэжысёра Міхаіла Аршынскага «Не бойся» пра ролю Сяргея і Святланы Ціханоўскіх у зменах у Беларусі стала пераможцай на паўднёвакарэйскім кінафестывалі Hinzpeter Awards. Уручэнне ўзнагародаў прайшло 27 кастрычніка ў Сеуле. Фільм атрымаў галоўны прыз, які называецца «Свет на раздарожжы».
Сам конкурс праходзіў на пачатку верасня.
Фільм распавядае пра пачатак рэвалюцыйных падзей у Беларусі – пра перадвыбарную кампанію-2020 у Беларусі, і пра ролю ў ёй Сяргея і Святланы Ціханоўскіх.
На цырымоніі ўзнагароджання прысутнічалі прадстаўнікі карэйскіх партыяў, мэр горада Кванджу, які і прафінансаваў прэмію «Свет на раздарожжы». Прэзідэнт Паўднёвай Карэі даслаў Міхаілу Аршынскаму зварот з віншаваннямі.
Hinzpeter Awards – паўднёвакарэйскі фестываль кіно. Яго назвалі ў гонар нямецкага журналіста Юргена Хінцпэтэра, які распавядаў пра падзеі падчас падзення аўтарытарнага рэжыму ў Паўднёвай Карэі. Нямецкі журналіст стаў адзіным, хто здолеў задакументаваць катаванні, праз якія тады прайшлі карэйцы. У Сеуле ёсць памятная дошка ў ягоны гонар.
ГГ, belsat.eu