Журналісты Вячаслаў Лазараў і Павел Падабед прызнаныя палітвязнямі


Журналістаў Вячаслава Лазарава і Паўла Падабеда прызналі палітвязнямі. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Павел Падабед і Вячаслаў Лазараў. Калаж: «Вясна» / Telegram / viasna96

Беларускія праваабаронцы 28 сакавіка прызналі палітычнымі вязнямі журналістаў Вячаслава Лазарава і Паўла Падабеда, бо прыйшлі да высновы, што «рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі».

Як раней паведамляў «Белсат», Павел Падабед знік 20 студзеня, калі пайшоў на пошту. Пазней ён патэлефанаваў сваякам і расказаў, што яго затрымалі. У кватэры правялі ператрус. Родныя даведаліся, што яго змясцілі ў СІЗА Менскага раёну, за дзень да меркаванага вызвалення перавялі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе правялі допыт. Цяпер Падабед на «Валадарцы», справу перакваліфікавалі ў крымінальную, яму выставілі абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 364-1 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Падабед – 43-гадовы відэааператар, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных медыяў. Пасля 2010 года яго неаднаразова затрымлівалі падчас працы на палітычных акцыях, у тым ліку пасля выбараў-2020. Затрыманні заканчваліся без адчувальных наступстваў.

Вячаслаў Лазараў быў затрыманы сілавікамі 9 лютага ў Віцебску. У яго забралі тэлефоны і відэакамеру. Лазарава павезлі ў Следчы камітэт, родныя не ведалі пра ягоны лёс аж да 11 лютага, калі высветлілася, што журналіст – у віцебскім ІЧУ. Цяпер Вячаслава ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА № 2, яму інкрымінуюць ч. 1 арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Вячаслаў – журналіст-фрылансер, якога затрымлівалі ў 2020 годзе падчас асвятлення пратэсных акцыяў, але адпускалі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў