Што не так з «віною» Ігара Лосіка ў фільме БТ


Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» паказаў фільм «Подавляющее меньшинство» пра «групу Статкевіча і Ціханоўскага». З гэтага фільму стала вядома, у чым «віна» Ігара Лосіка ды іншых зняволеных блогераў.

На некаторыя дзіўныя заявы ў фільме звярнуў увагу Reform.by.

Паводле агучанай на БТ версіі следства, лідар «Народнай грамады» Мікола Статкевіч «вырашыў учыніць каляровую рэвалюцыю» і «выбраў на ролю лідара» блогера Сяргея Ціханоўскага. Яны «стваралі штучныя чэргі» на зборы подпісаў і «накручвалі пратэставыя настроі» праз блогераў і Telegram-каналы. Яны нібыта «стварылі сетку блогераў і каналаў», у якую ўваходзілі Ігар Лосік («Беларусь галаўнога мозгу»), Зміцер Казлоў («Шэры кот»), Уладзімір Цыгановіч (MozgOn), Уладзімір Няронскі («Слуцк для жыцця»), Андрэй Новікаў («Пастаўшчына для жыцця») і яшчэ «сотні» блогераў і каналаў, а Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін («Народны рэпарцёр») нават атрымалі ад Ціханоўскага грошы.

«Задавалі парадак дня» Nexta і «Беларусь галаўнога мозгу», сцвярджае БТ.

Але:

  • як доказ «замбавання Telegram-каналамі» паказвалі «прызнанні» затрыманых, з якіх шмат хто выглядае збітымі;
  • доказам «задавання парадку дня» называюць сінхронныя публікацыі асобных пастоў каналамі Nexta і «Беларусь галаўнога мозгу»;
  • Ігар Лосік быў затрыманы яшчэ да пачатку актыўных пратэстаў (25 чэрвеня), калі пратэставая актыўнасць абмяжоўвалася легальным зборам подпісаў і хіба некалькімі мірнымі акцыямі пасля затрымання Віктара Бабарыкі;
  • пакуль канал «Беларусь галаўнога мозгу» адміністраваў Ігар Лосік, на ім публікаваліся не заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, а толькі інфармацыя пра падзеі ў краіне і кадры з акцыяў, дасланыя чытачамі;
  • большасць названых на БТ людзей яшчэ пад следствам, іхная «віна» не даказаная ў судзе.
Артыкулы
З апошняга ліста Ігара Лосіка да родных цэнзар пакінуў пустую паштоўку і малюнак
2021.04.21 22:26

Усе згаданыя блогеры, а таксама Мікола Статкевіч, былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Ігар Лосік застаецца за кратамі ўжо больш за 300 дзён. Яго затрымалі 25 чэрвеня ва ўласным доме пасля ператрусу. Завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК РБ: «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 15 снежня Лосіку выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу: «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках». 11 сакавіка стала вядома пра новае абвінавачванне, падрабязнасці якога пакуль не агучваюцца. Двойчы ён пачынаў за кратамі галадоўку.

АА belsat.eu

Стужка навінаў