КДБ Беларусі нястомна папаўняе спіс «тэрарыстаў». У сярэдзіне траўня ў ім апынуліся прозвішчы чатырох менчукоў, затрыманых яшчэ ў верасні і кастрычніку 2021 года. Да «тэрарыстаў» іх залічылі напярэдадні суда, прызначанага на 6 чэрвеня. Сярод тых, каго будуць судзіць, – былы афіцэр, прадпрымальнік, бацька трох сыноў, а цяпер палітвязень Аляксей Іванісаў. Інфармацыяй пра яго падзяліўся з «Белсатам» блізкі сябар палітвязня.
«Тэрарыст?.. Ды пра што вы гаворыце! Вельмі добры і разумны чалавек! Нават празмерна добры, я б сказаў.
Проста ён, як і ўсе мы, хацеў, каб прайшлі справядлівыя выбары і каб мы ўсе маглі жыць нармальным жыццём, а не такім, якім працягваем жыць сёння», – рэагуе на пытанне «Белсату» блізкі і даўні сябар Аляксея Іванісава (на просьбу мужчыны не называем ягонага імя).
Наш суразмоўца цягам многіх гадоў сябруе з сям’ёй Іванісавых. Цяпер, як можа, падтрымлівае 76-гадовую маці Аляксея Наталлю Леанідаўну, якая, дарэчы, у верасні 2021-га адбыла за кратамі легендарнай камеры № 15 на Акрэсціна 25 содняў. Часта таксама кантактуе з сястрой Аляксея Ганнай, піша лісты на «Валадарку», дасылае сябру грашовыя пераводы. Але пасля таго, як той трапіў у «спіс тэрарыстаў», перавесці грошы ўжо не атрымліваецца.
«Выявілася, што гэты спіс ёсць на пошце. І цяпер ні я, ні нават ягоная родная маці, не маем права ў выглядзе падтрымання пераслаць Аляксею грошы для «атаваркі». Літаральна тыдзень таму ўсё сталася…» – распавядае мужчына.
Паводле сябра, Аляксея Іванісава «ўзялі» ў верасні 2021 года як усяго толькі сведку. Нібыта падчас пратэстаў ён быў недалёка ад месца, дзе хтосьці дэмантаваў камеры вонкавага назірання. Калі яго ўсё ж абвінавацілі, то – за хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК) і групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Аднак пазней следчыя перакваліфікавалі артыкулы і «стварылі» тэрарыстычную групу.
Сябар Іванісава мяркуе, што Аляксея змусілі даць нейкія паказанні – і, цалкам магчыма, што на судзе ён ад іх будзе адмаўляцца.
«За што тэрарызм? Думаеце, хтось ведае, за што? Ніхто і не ведае. Адвакат не кажа, бо таксама пад падпіскай. Але бралі яго як сведку ў справе, звязанай са зняццем камераў. Магчыма, вымусілі сказаць, што перасылаў нейкія ролікі «Буслам» ці «Супраціву», хоць гэтага ён не рабіў.
Яны запалохвалі, што і сына, маўляў, сярэдняга возьмем і пасадзім. А сын – і чуць не чуў. Дзеці зусім да гэтага не мелі дачынення», – расказвае сябар палітвязня.
Стала таксама вядома, што на рахункі Іванісава (як прадпрымальнік, ён ставіў гаражныя вароты) наклалі нядаўна арышт. Нядаўна – гэта значыць з моманту занясення яго ў «тэрарыстычны спіс».
У «групу», што будуць судзіць за «тэрарызм», уключылі, апроч Іванісава, Аляксея Гамезу, Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва, Мікалая Бібліса, Аляксандра Сідарэнку. Чатырох апошніх пакуль не прызналі палітвязнямі (але яны – у спісах dissidentby). Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў пра ўсіх як пра фігурантаў справы «Буслы ляцяць». Мужчынам інкрымінуюць нібыта пашкоджанне аўтамабіля (быў абліты фарбай), што належаў суддзю Барысаўскага раёну, і акна кватэры, дзе пражываў працаўнік пракуратуры Менску.
«Ці рабіў хто з іх гэта насамрэч, або ім павесілі проста гэта – невядома. Але абʼядналі цяпер у групу, бо следчым трэба зляпіць гучную справу, як на Аўтуховіча. Што экстрэмісты і што хацелі тут усіх пазабіваць», – мяркуе суразмоўца «Белсату».
Паводле звестак нашага суразмоўцы, крымінальная справа складаецца з трыццаці тамоў.
«Не ведаю, адкуль яны ўсё гэта ўзялі. Ну добра, адзін абліў фарбай аўтамабіль, іншы – акно разбіў. Дык ёлкі-маталкі! Гэта ж заўсёды была хуліганка! Ну які ж гэта тэрарызм? Дзікасць нейкая!» – дадае сябар Аляксея Іванісава.
Аляксей Іванісаў утрымліваецца ў СІЗА № 1 на Валадарскага з 29 верасня 2021 года – больш за 240 дзён. З лістоў, дасланых адтуль сваякам і знаёмым, а таксама з расповедаў былых зняволеных вядома, што палітвязень не занепадае духам і трымаецца добра. Даслаў з турмы свой партрэт, намаляваны раней Алесем Пушкіным. Пазнаёміўся за кратамі з журналістам Андрэем Пачобутам, з былым палкоўнікам юстыцыі Вячаславам Кандыбам, некаторымі дактарамі-артапедамі, якіх «бралі» ў сакавіку 2022 года, таксама з чалавекам, якога затрымалі падчас хапуну прафсаюзных лідараў. У камеры – 24 асобы.
«Столькі выдатных людзей ужо было побач з Аляксеем, што ў іншых варунках ніколі б з імі не сустрэўся. Думаю, ягонае жыццё пасля такога «досведу» кардынальна зменіцца», – кажа ягоны сябар.
Ён выказвае пэўнасць, што на суд, які пачнецца 6 чэрвеня, сяброў не пусцяць.
«Можа, мама ягоная трапіць, не ведаю. Але суд – гэта ж такая фармальнасць. Думаю, што даўно ўсё вызначана і тэрміны ўжо ёсць, каму колькі даць. Аляксей сам гэта ўсё выдатна разумее. Пісаў, што варта ўжо збірацца ў калонію. Абдумвае там, як рукамі ў кайданах панясе дзве торбы з рэчмі. Але адчуваецца, што духу не губляе. І надзеі. Разумее, што проста час яшчэ не надышоў…» – дзеліцца даўні сябар Аляксея Іванісава.
Аляксею Іванісаву 53 гады. Нарадзіўся ў Эстоніі ў сямʼі беларусаў. Ягоныя бацькі пасля нараджэння сына вярнуліся ў Менск, дзе Аляксей скончыў 9 класаў і на выдатна – вучэльню № 40 як электраманцёр сувязі («партрэт ягоны вісеў на стэндзе найлепшых вучняў у вучэльні шмат гадоў, я бачыў», – кажа сябар). Пасля паступіў у Ленінградскую вышэйшую ваенную вучэльню сувязі.
Пасля вучэльні служыў нейкі час ва Украіне (Самбір Львоўскай вобласці), але пасля развалу СССР вярнуўся ў Беларусь, бо не захацеў другі раз прымаць прысягу. У Менску служыў у штабе на пасадзе начальніка тэлефоннага вузла сувязі. Але з розных прычынаў вайсковую карʼеру завяршыў і заняўся прадпрымальніцтвам. Жанаты, мае трох сыноў, малодшаму Эльдару нядаўна споўнілася 14 гадоў.
«Ведаеце, я не заўважаў за ім, каб ён да 2020 года надта цікавіўся палітыкай. На выбары хадзіў, але за Лукашэнку не галасаваў, гэта мы з ім абмяркоўвалі некалі.
А ў 2020 годзе ў яго пачаўся ўздым разам з усімі беларусамі. Ён жа ніколі такога цуду не бачыў, ніколі столькі людзей на выбарчых участках не было. Вось тады і ён уключыўся. Але каб тэрарызм! Ну не, гэта не пра Лёху…» – упэўнены наш суразмоўца.
Гаворыць, што з Аляксеем было заўсёды вельмі цікава гутарыць і спрачацца, бо ён вельмі дасведчаны, начытаны. Ягоны бацька Барыс мог цытаваць класіку з любога месца, перадаў любоў да літаратуры і сыну. У лістах просіць дасылаць яму кнігі – гістарычныя, геаграфічныя, ваенныя.
«Дзякуе таксама добрым людзям за падтрыманне блізкіх, бо ведае, што маці цяжка. Яна пенсіянерка, а ў сястры – дзіця з інваліднасцю. Ім цяпер нясоладка», – кажа сябар Аляксея Іванісава.
Падтрымаць былога вайскоўца Аляксея Іванісава хацелі і ягоныя аднакурснікі з вучэльні ў Санкт-Пецярбурзе. Але адтуль бачаць сітуацыю праз прызму расейскай прапаганды. Маўляў, Аляксей будзе «аддзімацца за заходнія каштоўнасці і за тых свалачэй, якія звалілі за бугор».
«Людзей катуюць, забіваюць у калоніях, уласна як і ў вас. Розніца толькі ў тым, што мы спрабуем выкараскацца з гэтага бруду, а вы лічыце гэта «заходнімі каштоўнасцямі». Так мы адказалі расейцам», – распавёў сябар Аляксея Іванісава.
Разбор судовай справы пачнецца 6 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе. Паводле праваабаронцаў, справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко, якая мае ўжо багатае рэзюмэ: у красавіку 2022 года асудзіла да 11 гадоў калоніі палітвязня Аляксея Кудасава, у лістападзе 2021-га на 5 гадоў калоніі асудзіла Мікалая Дзядка, пазней – на 4 гады ў калонію адправіла шматдзетную маці Вольгу Залатар і г. д.
Апроч іншага, фігурантам справы інкрымінуюць удзел у тэрарыстычнай арганізацыі і акт тэрарызму ў дачыненні дзяржаўнага дзеяча. Артыкул 359 КК («Акт тэрарызму») прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 8 да 15 гадоў (ч. 1) ці нават смяротнае пакаранне (ч. 2).
Зміцер Міраш belsat.eu