Амаль як у «Gimme shelter»... Як працуе часовы дом для беларусаў у Беластоку


У доме на 17 чалавек ёсць усё неабходнае для жыцця. Але галоўнае для ўцекача – цішыня, спакой і магчымасць адпачыць пасля нядаўніх траўмаў, перажытых у краіне.

Як у песні «Rolling Stones» «Gimme shelter»: «Вайна, гвалт і забойства за два крокі адсюль, і я шукаю прытулак». Гэты тэкст шмат у чым адлюстроўвае сітуацыю, у якой аказаліся палітычныя ўцекачы з Беларусі. Менавіта для іх у Беластоку адкрылі часовы дом (так званы «shelter», або прытулак), у якім яны змогуць адпачыць перад далейшым падарожжам.

Часовы дом для беларускіх уцекачоў у Беластоку.
Фота: Лукаш Леанюк для belsat.eu

Будынак месціцца ў спальным раёне Беластоку, далёка ад шуму і мітусні цэнтру гораду. Ёсць усё неабходнае для жыцця, але галоўнае – цішыня і спакой. Трохузроўневы дом змяшчае 17 чалавек. Цяпер тут жыве сям’я з трох асобаў і некалькі студэнтаў. Жыхары дому, акрамя даху над галавою, могуць разлічваць і на псіхалагічную ды юрыдычную дапамогу.

– Уцекачы пасля каранціну часцей за ўсё як не свае, яны не разумеюць, што рабіць, – распавядае Марына Ляшчэўская, прэзідэнтка фонду «Беларусь 2020». Часам ім трэба некалькі дзён, каб ачомацца. Для гэтага і быў створаны Часовы дом у Беластоку. Размяшчэнне тут бясплатнае. Мы спрабуем забяспечыць людзям асноўныя сродкі да існавання. Яны таксама могуць атрымаць парады, у якім кірунку дзеяць, каб пачаць будаваць сваё жыццё. Псіхалагічна важны і кантакт з людзьмі ў падобнай жыццёвай сітуацыі.

Гісторыі
Дзяўчыну білі нагамі, побач у лужыне крыві ляжаў чалавек. Беларус прыехаў дадому і апынуўся ў пекле
2020.12.10 15:02

«Shelter» – супольная ініцыятыва двух фондаў: «Беларусь 2020» і «Краіна да жыцця». Дом створаны дзякуючы збору сродкаў, зарганізаванага сярод беларускай дыяспары. Плануюць адкрыць аналагічныя часовыя дамы ў Лодзі і Вроцлаве. Падобныя месцы павінны з’явіцца і ва Украіне ды Расеі. Беластоцкі часовы дом – пілотная ініцыятыва. Урэшце тут маюць застацца толькі студэнты. Цяпер іх тут шасцёра. Усе прайшлі аналагічны шлях. Яны ахвотна і ўжо без страху дзеляцца гісторыямі.

– Мы з сябрамі трапілі ў турму наўпрост са студэнцкага маршу, – распавядае з дрыжэннем у голасе Мацвей Бялоў, студэнт маркетынгу і менеджменту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту. – На днях нас выгналі. Разам з рэктарам у пакоі сядзеў вайсковец, які да дакументаў пра адлічэнне з вучобы прыкладаў позву ў войска. Не чакаючы позваў, мы сабралі свае рэчы і зʼехалі ў Польшчу. Цяпер усіх, хто трапіць у войска, адпраўляюць на тыя ж мітынгі, у якіх бралі ўдзел і мы. Іх прымушаюць біць народ, які пратэстуе.

Іншы жыхар часовага дому ў Беластоку, студэнт з Віцебску Дзіма Ропат, выйшаў на вуліцу ўжо ў дзень выбараў, 9 жніўня. На наступны дзень ён таксама браў удзел у акцыі пратэсту. На шляху дадому амапаўцы загналі Дзіму і ягонага сябра ў аўтобус ды адвезлі на Акрэсціна:

– У турме нас увесь час білі. Загадалі распрануцца дагала і бегаць па калідоры. Яны білі нас дручкамі. Потым мы гадзінамі стаялі на каленях і раз-пораз нас аблівалі халоднаю вадою. Першы раз нам далі паесці праз два дні, – распавядае хлопец. – Да таго часу нам давалі бутэльку вады на 30 чалавек. У зняволенні я прабыў 3 дні. Потым, да адʼезду ў Польшчу, я быў валанцёрам каля СІЗА на Акрэсціна. Мы вялі спісы зняволеных.

Hавiны
«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы
2020.10.18 14:30

Сярод першых жыхарак беластоцкага прытулку – Таццяна Васюніна, студэнтка Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту. Яна брала актыўны ўдзел у пратэстах ужо з жніўня. Калі пачаўся навучальны год, яна была адною з арганізатарак акцыяў пратэсту ў сваім універсітэце. Падчас адной з іх у яе з сабою быў банер з надпісам: «Калі мы згарым, вы згарыце разам з намі». За ўдзел і арганізацыю пратэстаў супраць Таццяны пачалі крымінальную справу.

– Мой адвакат параіў мне пакінуць краіну, бо ў цяперашніх юрыдычных рэаліях мне пагражае небяспека. Праз два тыдні я аформіла візу і прыехала ў Польшчу. Я ўжо прайшла каранцін і цяпер жыву ў шэлтары, дзе чакаю адказу з Праграмы Каліноўскага, – распавядае нам дзяўчына.

Усе студэнты з часовага дому бяруць удзел у Праграме стыпендыяў імя Кастуся Каліноўскага. Рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі чакаюць месцы ў польскіх універсітэтах і штогадовыя стажыяванні ў Варшаве. Маладзёны чакаюць вынікаў набору ўжо на мяжы года. Між тым, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я ды пандэмію, яны наведваюць Беласток і спрабуюць адаптавацца да новых рэаліяў. Беларусы маюць магчымасць вывучаць польскую мову.

Першыя жыхары часовага дому.
Фота: Лукаш Леанюк для belsat.eu

– Я вучыўся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на факультэце транспартавых камунікацыяў, – згадвае Павел Карзюк. – Цяпер я вельмі хацеў бы паступіць у ІТ-каледж. Пасля заканчэння вучобы я планую вярнуцца на радзіму.

Жыццё ў часовым доме толькі арганізуецца. Новыя жыхары акліматызуюцца ў Польшчы, тым больш варта дапамагчы ім у цяжкай сітуацыі, у якой яны аказаліся. Адразу пасля адкрыцця прытулку адміністратары звярнуліся да людзей добрай волі па дапамогу. Чакаць не давялося. Суседзі ўжо на другі дзень паспяшаліся на дапамогу. Мясцовыя жыхары прынеслі макарону, кансервы, каву і прысмакі. Да акцыі таксама далучыліся ўладальнікі мясцовага аўтасалону. Аднак жыхарам часовага дому па-ранейшаму неабходная матэрыяльная дапамога. У першую чаргу варта прыносіць харчы з доўгім тэрмінам прыдатнасці.

– Мы таксама прымем мыйныя і гігіенічныя сродкі, коўдры або пледы, – пералічвае Марына Ляшчэўская. – Нам патрэбны і лепшы роўтар. Нашыя студэнты скардзяцца, што цяперашняе абсталяванне замалое для такога вялікага будынку. Калі ў кагосьці ёсць непатрэбны роўтар, мы з задавальненнем яго прымем.

Фонд «Беларусь 2020», які займаецца прытулкам, штодня дапамагае ўцекачам з Беларусі, якія пасяліліся на тэрыторыі Падляскага ваяводства. Арганізацыя створаная на ініцыятыву беларусаў, якія жывуць у Беластоку. Яе сябры цягам некалькіх месяцаў пратэставалі каля штаб-кватэры беларускага консульства і ладзілі акцыі на падтрыманне тых, хто змагаецца на радзіме. Потым прыйшла думка пра такую арганізацыю.

Цяпер галоўная мэта – стварэнне Беларускага дому ў Беластоку. Інстытут мусіў бы ў першую чаргу дапамагаць уцекачам ад рэжыму Лукашэнкі. Гэта было б і месца сустрэчы беларусаў, уцекачоў новай хвалі і прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці цягам многіх гадоў. Фонд звярнуўся да мэра гораду з просьбаю даць муніцыпальнае памяшканне ў арэнду. Чакаюць пастановы магістрату.

Тэкст і фота: Лукаш Леанюк для belsat.eu

Стужка навінаў