6 снежня ў Менску адбываюцца пратэставыя акцыі пад агульнай назваю Марш волі. Удзельнікі акцыяў збіраюцца ў сваіх дварах і рушаць самастойна вызначаным маршрутам.
Галоўныя патрабаванні, з якімі ўжо 120-ы дзень беларусы выходзяць на вуліцы, – гэта адстаўка Аляксандра Лукашэнкі з паста кіраўніка краіны, вызваленне палітычных зняволеных з турмаў і спыненне міліцэйскага гвалту.
18:00. Падсумаванне дня можна прачытаць тут. Дзякуем, што былі з намі, мы завяршаем гэты онлайн.
17:30. З Маскоўскага РУУС тры мужчыны з’ехалі на машыне хуткай дапамогі, паведамляюць валанцёры.
16:58. Валанцёры паведамляюць, што ў Першамайскі РУУС прыехала машына хуткай дапамогі.
16:50. На дадзены момант паводле спісаў ПЦ «Вясна» затрыманыя 94 чалавекі, паводле @spiski_okrestina – 132 асобы.
16:10. У Курасоўшчыне, у дварах на вуліцы Асаналіева, сілавікі заблакавалі каля 500 пратэстоўцаў.
15:52. Ніна Багінская выйшла з Савецкага РУУС.
15:45. У Савецкім РАУС Менску затрыманых зноў прымушаюць стаяць ля сцяны з паднятымі ўгару рукамі, нягледзячы на мароз, паведамляе @motolkohelp
15:35. Атмасфера сённяшняга маршу!
15:32. У Менску, Горадні, Віцебску і Берасці паведамляюць пра праблемы з мабільным і стацыянарным інтэрнетам. Не працуе нават праз VPN.
15:30. «Вясна» паведамляе пра 40 затрыманых. Валанцёры каналу @spiski_okrestina маюць 60 прозвішчаў затрыманых.
15:25. Затрыманы музыка і паэт Уладзь Лянкевіч. Як піша Telegram-канал Антона Матолькі, Ніну Багінскую затрымалі каля Акадэміі МУС «тры чорныя, разам са сцягам пасадзілі ў срэбраную грамадзянскую Geely.
15:00. Акцыі адбыліся ў дзясятках мікрараёнаў Менску.
14:55. У Віцебску не працаваў ні мабільны, ні стацыянарны інтэрнэт, падае карэспандэнт «Белсату». Сувязь вярнулася пасля 14:50.
14:30. Акцыі ў Менску працягваюцца.
14:25. Праваабарончы цэнтр «Вясна» падае звесткі аб затрыманнях на сённяшнім маршы. На дадзены момант вядомыя прозвішчы 15 асобаў.
14:05. У двары Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў у Менску людзі скандуюць: «Не забудзем, не даруем!»
14:00. У Менску сярод іншых затрыманая Ларыса Соўсь, 1941 года нараджэння. Цяпер жанчына ў Кастрычніцкім РУУС Менску. Гэта маці журналісткі радыё «Свабода» Ганны Соўсь.
13:46. Вялікая калона ўдзельнікаў маршу ідзе па вуліцы Ангарская, падае TUT.BY.
13:35. Нягледзячы на затрыманні, Марш волі ў Менску працягваецца.
13:26. Горадня: журналістка БелаПАН Марыся Харэвіч і фотакарэспандэнт БелаПАН Сяргей Людкевіч затрыманыя, Марыся Харэвіч цяпер у Ленінскім РАУСе. Затрыманні таксама праходзяць у сталічным Уруччы.
13:10. У Менску працягваецца Марш волі, акцыі праходзяць у розных частках гораду.
13:00. Берасце. Людзі сабраліся на развітанне ў двары, дзе жыў Раман Рашэцкі. Яму было 43 гады, 4 снежня ён памёр праз сардэчны прыступ пасля таго, як выйшаў з мясцовага СІЗА. Раман Рашэцкі браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту.
12:48. Пачаліся затрыманні, затрымліваюць у сталічнай Сляпянцы.
12:35. Удзельнікі акцыяў выходзяць на марш.
12:30. У Менску зноў адкрытыя ўсе станцыі метро.
12:15. Сілавікі здымаюць ачапленне са Стэлы і Кастрычніцкай плошчы, паведамляюць журналісты радыё «Свабоды» і TUT.BY.
12:05. Групы міліцыянтаў патрулююць Бараўляны, піша радыё «Свабода».
11:55. Пасты міліцыі стаяць на скрыжаванні вуліцы Валадарскага з праспектам Незалежнасці, а таксама вуліц Гарадскі Вал і Камсамольская, піша TUT.BY.
11:40. Праблемы з доступам да Telegram па ўсёй Беларусі, пра гэта паведамляюць карыстальнікі сэрвісу з Менску, Берасця, Горадні, Ліды ды іншых гарадоў.
11:30. Зачыненыя станцыі метро «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Няміга». Зачынены вестыбюль станцыі «Плошча Леніна» з боку плошчы Незалежнасці.
11:20. У Менску зноў праблемы з мабільным інтэрнэтам.
11:15. На Кастрычніцкай плошчы ў Менску выставілі агароджу. Аўтобусы і спецтэхніка сілавікоў сканцэнтраваныя ў розных частках гораду: на вуліцы Чурлёніса, каля станцыі метро «Каменная Горка», у мікрараёне Лошыца.
11:00. У Менску ад раніцы праходзяць акцыі прыхільнікаў Лукашэнкі пад дзяржаўнымі сцягамі, калону аўтамабіляў з дзяржаўнай сімволікай суправаджаюць аўтазакі і вадамёты.