Расея адштурхнула ад сябе Кітай і Казахстан рашэннем пра ядравую зброю ў Беларусі, – палітолаг Турарбекава


Яшчэ не сыход, але «дрэйф ад Расеі» краінаў, што яшчэ нядаўна лічыліся «сябрамі Расеі», звязаны з безадказнымі паводзінамі адносна ядравай зброі, расказала ў эфіры «Студыі «Белсату» палітолаг Роза Турарбекава.

Генеральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў 26 красавіка прыняла рэзалюцыю аб супрацы ААН з Радай Еўропы, у якой сярод іншага жорстка крытыкуе Расею за вайну ва Украіне. Расею ў рэзалюцыі прызналі агрэсарам у тым ліку Арменія, Бразілія, Індыя, Кітай і Казахстан – краіны, якія Расея лічыць прыязнымі. Што здарылася?

Палітолаг, кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава кажа «Белсату», што цяжка казаць аб «вернасці Кітаю» ці «нявернасці Кітаю Расеі»: у міжнародных стасунках між імі не замацаваныя нейкія саюзніцкія стасункі. Іншае пытанне – што падштурхнула Кітай і нават Казахстан прагаласаваць за такую рэзалюцыю.

«Я асабіста гэта звязваю з заявай Расеі аб размяшчэнні тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, – расказвае Турарбекава. – Такім чынам Расея паказвае сябе як не вельмі, скажам так, паслядоўны партнёр адносна Кітаю».

Яна згадвае, што ў час візіту ў Маскву 21 сакавіка Сі Цзінь Пін падпісаў з Уладзімірам Пуціным дакументы, у якіх быў заклік не размяшчаць ядравай зброі за межамі нацыянальных тэрыторыяў. А Пуцін зрабіў заяву аб размяшчэнні літаральна праз некалькі дзён – і паказаў непаслядоўнасць дзеянняў нават адносна партнёраў, на якіх агулам разлічваюць.

Больш за тое, кажа Турарбекава, Расея парушыла табу: ядравая зброя – пытанне міжнароднай бяспекі і крытэр, па якім можна адрозніць адказных і безадказных гульцоў, мяркуе Турарбекава, а Кітай заўсёды падкрэсліваў, што ён адказны і за захаванне глабальнай бяспекі.

Hавiны
Кітай зноў заклікаў не размяшчаць ядравую зброю за нацыянальнымі межамі. Цяпер у Радзе бяспекі ААН
2023.04.01 18:15

Казахстан звычайна так ці іначай схіляецца да пазіцыі Кітаю ў падобных галасаваннях, расказвае Турарбекава, але мае і свае меркаванні. Улады Казахстану ад атрымання дзяржавай незалежнасці прасоўвалі мноства розных антыядравых ініцыятываў – гэта важная частка пазіцыявання Казахстану на міжнароднай арэне.

Гэта ўжо канчаткова, што «Расея – безадказны гулец»? Турарбекава лічыць, што і Кітай, і Казахстан яшчэ не вырашалі такога канчаткова, будуць сачыць: назіраецца хутчэй іхны «дрэйф ад Расеі да Злучаных Штатаў і Еўразвязу», яны ўсё яшчэ не прытрымліваюцца выразна антырасейскай пазіцыі па вайне ва Украіне, спрабавалі абгрунтаваць нейтральнасць.

«Але бачыце, паводзіны Расеі настолькі безадказныя і непаслядоўныя, што яна воляй-няволяй прымушае сваіх партнёраў, у тым ліку такіх, як Кітай і Казахстан, рухацца ў проста супрацьлеглым напрамку», – звяртае ўвагу Турарбекава.

Як Расея, так і краіны, якія «заўзеюць за Украіну», знаходзяцца ў напружаным чаканні контрнаступу Украіны. Турарбекава звязвае менавіта з гэтым «падвышэнне ставак» з размяшчэннем ядравай зброі: падобна, Пуцін хоча нейкім чынам аслабіць контрнаступ ці папярэдзіць, што наступ не мусіць насіць маштабнага характару – а такі характар чакаюць, мяркуючы па абарончых пабудовах у Крыме.

Захад жа пакуль, лічыць яна, мяркуючы амаль што маўчанні ў публічнай сферы, вядзе інтэнсіўную «закулісную размову» (яшчэ не дыялог) з Расеяй і Беларуссю пра тое, што будзе ў сувязі з размяшчэннем ядравай зброі.

На нейкі момант, дадае Турарбекава, здавалася, што ад вайны ва Украіне «стаміўся» шэраг краінаў, як то Індыя, дзяржавы Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Але логіка развіцця падзеяў такая, што бок, які ставіць на мапу глабальную бяспеку, ядравую бяспеку, знаходзіць усё менш падтрымкі і набліжаецца да ізаляцыі.

Аналітыка
Сі больш не «дарагі сябар» Пуціна? Што азначаюць нечаканыя вынікі галасавання ў ААН
2023.05.03 07:00

belsat.eu

Стужка навінаў