Патрыятызм ці злачынства? Каго і за што ў Беларусі вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»


Учора стала вядома, што супраць палітзняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай завялі новую крымінальную справу. Журналістцы, якая ўжо адбывае пакаранне за выкананне прафесійных абавязкаў у 2020 годзе, выстаўляюць абвінавачанне паводле арт. 356 ч. 1 «Здрада дзяржаве». На жаль, фармулёўка, якую часта выкарыстоўвалі ў савецкі час, асабліва ў 1930-ыя гады, робіцца зноў актуальнаю пасля падзеяў жніўня 2020-га. Мы сабралі факты, каго ў Беларусі вінавацяць у шпіянажы на карысць замежных дзяржаваў і здрадзе дзяржаве. Сярод падазраваных і асуджаных – афіцэры і журналісты.

Международный фестиваль «TV Heart of Europe», организован Польским национальным телевидением
Падчас фестывалю «TV Heart of Europe» у аўдыторыі «зарэзерваваны» месца для затрыманых белсатаўцаў Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовай і Ірыны Слаўнікавай. Яшчэ адно пустое крэсла заставілі для актывіста Саюзу палякаў Беларусі і гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, які таксама трапіў у палон рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Варшава, Польшча. 5 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Што ўяўляе з сябе артыкул «Здрада дзяржаве»?

Частка 1 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу: «Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаваў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або збройнага канфлікту, альбо іншая дапамога замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».

Адпаведна, паводле следчых органаў Беларусі, пасля 2020 года грамадзяне краіны пачалі масава наносіць шкоду нацыянальнай бяспецы. Пачало складацца ўражанне, што жартаўлівая песня «Народнага альбому» пра двух польскіх шпіёнаў перастае быць забаўнаю. Мы пастараліся разабрацца, хто гэтыя людзі і ў чым іх вінавацяць.

Андрэй Аляксандраў. 44 гады. Медыяменеджар, журналіст, паэт. Пасля 2020-га дапамагаў рэпрэсаваным. Нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле, вучыўся ў Лондане.

Андрэй Аляксандраў. Графіка: Белсат

Андрэя Аляксандрава арыштавалі 12 студзеня 2021 года з сяброўкай Ірынаю Злобінай. Ужо 15 студзеня пра арышт журналіста выступіў з афіцыйнаю заяваю намеснік міністра МУС. Паводле яго, Аляксандраву закідаюць артыкул 342 КК РБ («Арганізацыя масавых закалотаў»). У віну мужчыну ставілі дапамогу з аплатаю пацярпелым ад пераследу штрафаў. Паводле МУС, Аляксандраў аплаціў не меней за 250 штрафаў.

Цікава, што Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле, але дзяцінства прайшло ў Паставах. Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага ўніверсітэту, журналісцкую кар’еру пачаў у наваполацкім выданні. У 2009–2012 гадах займаў пасаду намесніка кіраўніка незалежнай асацыяцыі журналістаў, мае ступень магістра медыяменеджменту ва Ўэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане і супрацоўнічаў з міжнароднымі аб’яднаннямі журналістаў. Пасля падзеяў ва Украіне ў 2014 годзе пастанавіў вярнуцца ў Беларусь. Пасля 2015-га быў намеснікам кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасля 2018-га працаваў медыякансультантам і займаўся развіццём беларускай медыяпрасторы.

Аб’ектыў
Андрэй Аляксандраў ужо год за кратамі
2022.01.12 21:57

Сябры і знаёмыя Аляксандрава адзначаюць, што ён чалавек, гатовы дапамагчы ў цяжкіх абставінах: мужчына дапамагаў сотням рэпрэсаваных беларусаў пасля выбараў 2020 года.

Са студзеня 2021 года застаецца пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Менску. 30 чэрвеня 2021-га журналісту перакваліфікавалі абвінавачанне, цяпер яно складае ажно 4 артыкулы:

  • 342 ч. 2 («Арганізацыя масавых закалотаў»);
  • 361-1 ч. 1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»);
  • 243 ч. 2 («Ухіленне ад аплаты падаткаў»);
  • 356 ч. 1 («Здрада дзяржаве»).

У зняволенні Аляксандраў перакладае паэзію і песні: пераклаў, напрыклад, на беларускую мову легендарны гімн англійскай футбольнай каманды «Лівэрпул» – «You’ll never walk alone».

Сёння стала вядома, што справу супраць Аляксандрава і калег з агенцтва БелаПАН накіравалі ў суд.

Якім чынам дзейнасць журналіста нанесла «шкоду нацыянальнай бяспецы», дасюль невядома, бо матэрыялы справы забаронена агалошваць.

Дзяніс Урад. Былы капітан Генеральнага штабу Узброеных сілаў. Асудзілі на 18 гадоў.

Дзяніс і Ірына Урады. Фота з сямейнага архіву

Дзяніс Урад жанаты, мае дзіця. Родам з Расонаў Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Вайсковай акадэміі на факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэмаў кіравання, якую скончыў у 2014 годзе. Працаваў у Генеральным штабе.

Справа супраць былога афіцэра, якога абвінавацілі ў «здрадзе радзімы», мела фантастычны для Беларусі тэмп. У той час як шмат якія асобы, якія праходзяць паводле крымінальных артыкулаў чакаюць развіцця следства ў СІЗА цягам месяцаў, Дзяніса Урада асудзілі менш як за …два месяцы. Афіцэра арыштавалі 16 сакавіка, а ўжо 14 траўня – асудзілі. Паводле часткі 2 артыкулу 356 («Здрада дзяржаве») Вярхоўны Суд вынес пастанову прызнаць падсуднага вінаватым і прысудзіць 18 гадоў пазбаўлення волі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, гэтаксама суд забараніў разгалошваць матэрыялы справы.

Артыкулы
«Не вытрымаў ад таго, што адбываецца ў краіне». Справа капітана Генштабу стала рэкорднай паводле хуткасці прысуду
2021.05.18 10:00

Падстава для абвінавачання Дзяніса Урада: 14 сакавіка мужчына сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова міністру абароны Віктару Хрэніну і «даслаў польскаму тэлеграм-каналу». Змест ліста складала просьба прыцягнуць да «аховы парадку» ў Менску 25 сакавіка вайскоўцаў, што супярэчыць Канстытуцыі РБ.

Дзяніс Івашын. 42 гады. Журналіст з Горадні. Даследаваў датычнасць былых беркутаўцаў да разгонаў пратэстаў-2020. Вінавацяць у працы на ўкраінскую выведку.

Дзяніс Івашын

Да апошняга часу Івашын жыў у Горадні, жанаты. З 2014 года працаваў рэдактарам беларускай версіі сайту міжнароднай супольнасці «InformNapalm», а таксама пазаштатным карэспандэнтам у газеце «Новы час».

Дзяніс Івашын вядомы грамадскасці расследаваннямі пра незаконную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх супрацоўнікаў «Беркуту» ў сілавыя структуры Беларусі пасля 2014 года.

12 сакавіка журналіста Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ за «ўмяшанне ў дзейнасць міліцыянтаў», паводле артыкулу 365 КК. 30 кастрычніка мужчыну выставілі абвінавачанне ўжо ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК РБ).

Hавiны
Амбасадар Ігар Кізім: Беларусь усё больш раствараецца ў наратывах і замыслах Крамля, накіраваных супраць Украіны
2022.01.30 19:09

У КДБ заявілі, што Івашын працаваў на ўкраінскую выведку і збіраў інфармацыю пра беларускіх вайскоўцаў ды абарончыя аб’екты. Апроч таго, намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў, што больш за 20 работнікаў украінскай амбасады былі кадравымі супрацоўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў. Таксама, паводле яго, работнікі амбасады вялі агентурную выведку і спрабавалі стварыць у Беларусі ўласную сетку інфарматараў.

Кацярына Андрэева. 28 гадоў. Журналістка «Белсату» і аўтарка кнігі «Беларускі Данбас» (2020), якую ў 2021-м у Беларусі прызналі экстрэмісцкаю.

Кацярына Андрэева (Бахвалава), палітзняволеная журналістка «Белсату». Графіка: Белсат

Кацярыну Андрэеву арыштавалі 15 лістапада разам з журналісткаю Дар’яй Чульцоваю. Дзеўчын абвінавацілі ў парушэнні артыкулу 342 КК РБ. Следчыя органы лічылі, што падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў журналісткі блакавалі дарогі і груба парушалі грамадскі парадак. Нагадаем, што Андрэева і Чульцова вялі рэпартаж з брутальнага разгону акцыі ў гонар забітага Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў.

Артыкулы
«Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі». Год у лістах Кацярыны Андрэевай
2021.11.02 13:50

Ужо 18 лютага 2021 года Кацярыну Андрэеву асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. Аднак 10 лютага 2022-га стала вядома, што з невядомай прычыны Кацярыну пераводзяць у гомельскі СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі». Учора з’явілася інфармацыя, што Кацярыне Андрэевай інкрымінуюць «здраду дзяржаве»: паводле гэтага артыкулу пагражае зняволенне тэрмінам да 15 гадоў.

Артыкулы
Кацярыне Андрэевай пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі
2022.04.07 20:12

Апроч журналісцкай дзейнасці, Кацярына Андрэева разам з мужам Ігарам Ільяшом выдалі ў 2020 годзе кнігу «Беларускі Данбас». Гэта расследаванне беларускага следу ў ваенных дзеяннях на Данбасе. Выданне сталася вынікам шматгадовага даследавання датычнасці высокапастаўленых чыноўнікаў і сілавых структураў да падтрымання сепаратыстаў на ўсходзе Украіны.

На гэты момант пра фактычную прычыну новай крымінальнай справы супраць журналісткі Кацярыны Андрэевай нічога невядома. Нагадаем, што тэрмін адбыцця пакарання Андрэевай канчаецца 5 верасня 2022 года.

Ігар Ільяш упэўнены, што справа цалкам сфабрыкаваная і нагадвае «сталінскую практыку», калі палітвязням накручвалі новы тэрмін зняволення пры завяршэнні папярэдняга.

Аляксей Храловіч. Падпалкоўнік КДБ. Атрымаў 10 гадоў за зліў тэлефонных размоў Наталлі Эйсмант, якія пралівалі святло на прычыны смерці Рамана Бандарэнка.

Аляксей Храловіч. Скрыншот: ОНТ

Пра Аляксея Храловіча вядома мала. Упершыню пра арышт падпалкоўніка КДБ стала вядома з прапагандысцкага фільму на АНТ «Аперацыя КДБ «Манкурты».

Аўтары «фільму» паведамілі, што Храловіч перадаў Сцяпану Пуціле аўдыё размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант адносна дэталяў смерці Рамана Бандарэнка. Прапагандысты сцвярджалі, што Храловіч супрацоўнічаў са следствам і дапамог выявіць некалькі каналаў эвакуацыі беларусаў, якія ратаваліся ад пераследу.

Hавiны
У Менску асудзілі падпалкоўніка КДБ, які здабыў перамовы Эйсмант і Баскава
2022.03.30 18:45

30 сакавіка менскі гарадскі суд асудзіў былога падпалкоўніка да 10 гадоў зняволення, а таксама пастанавіла сплаціць штраф у памеры 500 базавых велічыняў. Апроч таго Храловіча пазбавілі вайсковага чына.

Дзмітрый Самсонаў — падпалкоўнік ваеннай разведкі Галоўнага упраўлення ваеннай разведкі Мінабароны.

Дзмітрый Самсонаў, падпалкоўнік ваеннай выведкі.
Фота: spring96.org

Пра справу Дзмітрыя Самсонава, як і пра Аляксея Харловіча вядома мала. Яго асоба не фігуравала ў прапагандысцкім фільме «Манкурты». Вядома, што да восені 2020-га ён працаваў у Галоўным упраўленні ваеннай разведкі Мінабароны. Мужчына служыў у сакрэтнай частцы 15738, якая мае доступ да матэрыялаў праслухоўвання КДБ. Восенню 2020-га Самсонава арыштавалі і трымалі пад вартай.

Былога падпалкоўніка абвінавачвалі адразу паводле трох артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 356 «здрада дзяржаве»
  • ч. 1 арт. 375 – «мэтанакіраванае разгалошванне службовай таямніцы»
  • ч. 2 арт. 235 «адмыванне сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»

Суд над Дзмітрыем Самсонавым праходзіў у закрытым рэжыме, бо «утрымліваў сакрэтныя дадзеныя» і цягнуўся амаль тры месяцы. Суддзя менскага гарадскога суда Таццяна Фалькоўская прысудзіла мужчыне 19 гадоў зняволення.

У Беларусі за кратамі застаюцца больш за 1120 палітычных вязняў.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў