Прадстаўнік Паспалітага рушэння: Нам дапамагаюць фінансава і Валеры Сахашчык, і Зянон Пазняк


Рада Паспалітага Рушэння 8 лютага зрабіла афіцыйную заяву пра стварэнне самастойнай патрыятычна-спартовай абарончай арганізацыі па-за межамі Беларусі. Паводле заявы, дзейнасць арганізацыі будзе спрыяць структурнаму пашырэнню і мабілізацыі беларусаў, якія гатовыя змагацца за вызваленне радзімы. У чым сэнс заявы, хто кіруе Паспалітым рушэннем і ці могуць у яго запісацца жанчыны? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з прэс-сакратаром Рушэння Сержуком Кедышкам.

«Гэта не заява пра раскол»

«Белсат»: Пра існаванне Паспалітага рушэння беларусы даведаліся яшчэ ў кастрычніку 2022 года ад прадстаўніка Аб’яднанага кабінету Валерыя Сахашчыка. Што змяняе вашая заява?

Сяржук Кедышка: Давайце так, каб не было ніякіх інсінуацыяў – гэта не заява пра нейкі раскол. Гэта заява пра большую самастойнасць. Таму што нам патрэбнае развіццё.

А з нашымі, так бы мовіць, патронамі, якія раней абвяшчалі пра стварэнне Рушэння, мы застаемся ў партнёрскіх стасунках. Кожны з іх аказвае пасільную дапамогу. Але ж у гэтых людзей ці структур занадта шмат дадатковых справаў, якія не дазваляюць ім больш пільна займацца нашым рухам. А калі справам, звязаным з людскім рэсурсам, не надаецца шмат увагі, гэты рэсурс проста разыходзіцца – людзі расчароўваюцца.

Сяржук Кедышка. Скрын відэа. Паспалітае Рушэньне / YouTube

І дзеля таго, каб больш інтэнсіўна і эфектыўна працягвалася праца па навучанні, па гуртаванні людзей, мы і вырашылі заявіць аб сваёй самастойнасці. Каб маглі канцэнтравана займацца развіццём Паспалітага рушэння. То бок прыцягваць рэсурсы, нарошчваць матэрыяльную базу, людскі рэсурс. Гэта ўсё робіцца дзеля палягчэння дзейнасці Рушэння.

– Ці «большая самастойнасць» азначае, што вы не залежыце цяпер ад нейкіх палітычных структур?

– Мы сёння стараемся прытрымлівацца прынцыпу талерантнасці. У тым ліку – палітычнай. У нас ёсць прадстаўнікі і правых поглядаў, і левых. Сярод нас – і анархісты, і нацыяналісты, і мы знаходзім агульную мову. Таксама – моўнай талерантнасці: вольныя людзі камунікуюць паміж сабой і па-беларуску, і па-расейску.

Не можа быць у нашай цяперашняй сітуацыі нейкіх кардынальных разыходжанняў. Бо мы ўсе – па адным баку барыкадаў. Усе, хто тут ёсць, – абʼяднаныя ідэяй вольнай і шчаслівай будучай Беларусі.

Таму якія тут могуць быць палітычныя разыходжанні? Мы ж не ў беларускім парламенце. Мы тут усе ў апазіцыі. Магчыма, выказваю зараз больш сваё асабістае бачанне сітуацыі.

Таму коратка: не, у нас няма ніякіх палітычных разыходжанняў, няма ні вялікіх сімпатыяў, ні антыпатыяў. Мы збіраемся з усімі сябраваць, атрымліваць пасільную дапамогу і са свайго боку – таксама прапаноўваць дапамогу ў тым, у чым можам быць карысныя.

«Ніякага прымусу няма, ніякіх інтрыг – таксама»

– Сярод вашых партнёраў і полк Каліноўскага. Ці сапраўды маеце з імі добрыя стасункі? Прыйдзі да вас сёння Зянон Пазняк з прапановай далучыцца да Рады бяспекі, што б яму адказалі?

– Пагадзіліся б. Далучыліся б і да Рады бяспекі, калі гэта будзе ўжо больш рэальная прапанова. Так сама, як, напрыклад, шукаем магчымасці далучыцца і да Каардынацыйнай рады. Мы ў кантакце з прадстаўнікамі палка Каліноўскага. Былі на прэс-канферэнцыі Зянона Пазняка. І людзі ад нас ужо паехалі ў полк Каліноўскага, як і ў брыгады, якія не звязаныя з ПКК. Кожная асоба выбірае для сябе кірунак далейшага развіцця самастойна. Ніякага прымусу няма, ніякіх інтрыг – таксама. Каліноўцы дапамагалі нам формай.

Яшчэ раз паўтаруся: мы не збіраемся канфліктаваць, ладзіць канфрантацыі. Больш за тое, і магчыма, гэта мае мары, менавіта мы маглі б паспрыяць дыялогу паміж разрозненымі палітычнымі групоўкамі.

З іншага боку, ведаеце, нармальнае войска мусіць быць далёка ад палітыкі. Гэта ў нас такія беларускія рэаліі, што ваяры вымушаныя займацца палітыкай, таму што, магчыма, прафесійныя палітыкі дзесьці не дапрацоўваюць. Магчыма, зараз тыя ж каліноўцы на фронце больш дакладней разумеюць сітуацыю, таму што ў жывую сутыкаюцца з ворагам.

Эмблема Паспалітага Рушэння. Крыніца фота: rushennie.org

А палітыкі часам гуляюць у нейкія незразумелыя гульні. І вось у мяне ёсць прапанова. Калі ласка, калі хто баіцца патрапіць на вайну і зразумець як гэта, калі ў цябе зброя ў руках, звяртайцеся да нас – арганізуем вам трэнінгі. Калі вы будзеце сядзець у адным акопе і есць адзін кавалак хлеба, вы, магчыма, адразу пасябруеце і паразумеецеся. І зразумееце, што трэба рабіць, каб выправіць сітуацыю.

– Кажучы пра спрыянне дыялогу, маеце на ўвазе – паміж ПКК і Кабінетам Святланы Ціханоўскай?

– Не хацеў бы так дакладна адказваць на гэтае пытанне. Не маю на тое паўнамоцтваў. І не хацеў бы дадаваць напружанасці ў стасунках паміж гэтымі субʼектамі.

У Паспалітае рушэнне бяруць і жанчын

– Хто кіруе Паспалітым Рушэннем?

– Мы маем невялікі штаб, бо рэсурсы абмежаваныя. У штабе кожны займаецца сваім кірункам. Кіруе штабам чалавек з пазыўным Гусар. І маем структура харугваў. На сёння гэта 8 харугваў, з камандаваннем, з распрацаваным планам трэнінгаў, фізічных і тактычных. Агулам – каля 150 чалавек. Мы, па сутнасці, з нуля выпрацоўваем структуру з вертыкальным кіраваннем, але са свабодай у прыняцці рашэнняў на гарызантальным узроўні.

Вучэбная зброя Паспалітага Рушэння. Скрын відэа. Паспалітае Рушэньне / YouTube

У перспектыве плануем займацца і адукацыйным кірункам – гэта праца з дзецьмі і падлеткамі дыяспары. Але не толькі з дзецьмі. З дарослымі мяркуем праводзіць працу ў гістарычнай адукацыі, культурніцкай. Але гэта залежыць ад рэсурсаў, якія будзем мець. На ўсё патрэбныя сродкі. На дадзены момант большасць хлопцаў укладаюць свае сродкі дзеля агульнай будучыні, светлай і вольнай.

– Раней Валеры Сахашчык казаў, што грошай вельмі бракуе. Апрача таго, што ўкладаюцца самі сябры, ці маюцца яшчэ крыніцы фінансавання?

– Што тычыцца Валерыя Сахашчыка, то ён працягвае дапамагаць – фінансуе нашыя трэнаванні. Дапамогу зараз атрымліваем і ад руху «Вольная Беларусь» – ад Зянона Пазняка і Паўла Усава. І ПКК зараз матэрыяльна дапамагае – формай, інвентаром для навучальнага працэсу. Таксама мы збіраемся рэгістраваць фонд, каб мець магчымасць самім прыцягваць фінансавыя сродкі.

Але мы гэта ўсё ўжо робім, не чакаючы рэсурсаў. Нашыя трэнінгі вайсковыя гэта рэальна тое, што мы ўжо можам паказаць. І пры гэтым кажам: так, сродкаў бракуе. Таму хачу звярнуцца да беларускай дыяспары з просьбай аб дапамозе, але ж – не проста даць, а паўдзельнічаць, атрымаць ад нас у адказ усё, што можам прапанаваць – вучэнні культурніцкія і вайсковыя. Вельмі спадзяемся, што будуць і грошы і дапамога.

– Ці могуць у Паспалітае рушэнне ўступаць жанчыны? А людзі за 50 ці за 60 гадоў?

– Ніякіх гендарных абмежаванняў няма. Раней ужо ладзіліся трэнінгі з жанчынамі. Як у сучаснай арміі: жанчына на роўных з мужчынам. Няма абмежаванняў і ўзроставых. Нават у ПКК ёсць інструктары, якім па 60 гадоў.

Каб запісацца да нас, карыстайцеся спасылкай на чат-бот на нашым тэлеграм-канале ці сайце. Гэтак можна прайсці верыфікацыю і далучыцца да Рушэння. Трэнінгі адбываюцца ў выходныя – па суботу і нядзелях.

Сяржук Кедышка – гісторык і былы дэсантнік, унук Героя Савецкага Саюзу Мікалая Кедышкі. Служыў у 1994–1996 гадах у Віцебскай дэсантнай дывізіі. Заснавальнік «Школкі жалезнага дрывасека» ў Менску. У 2020 годзе разам з групай былых дэсантнікаў браў актыўны ўдзел у пратэстах. Пасля адбывання адміністрацыйнага арышту ў Жодзінскай турме вымушаны быў зʼехаць з Беларусі, бо на яго завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза гвалтам у дачыненні супрацоўніка органаў УС»). Жыве ў Варшаве.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў