Экшан у Мачулішчах: сабралі галоўныя пытанні да версіі беларускіх сілавікоў


У тэме падрыву самалёта ў Мачулішчах афіцыйны Менск прайшоў праз усе стадыі: ад адмаўлення да прыняцця. Больш за тыдзень улады Беларусі проста маўчалі, масава хапаючы асобаў, якія маглі б хоць нейкім чынам быць датычнымі да інцыдэнту: уладальнікаў дронаў, стралкоў, рэканструктараў ды іншых. Пакуль нарэшце Аляксандр Лукашэнка не пачаў «сыпаць фактамі». Далучыліся і прапагандысты. Але ці дае афіцыйная версія адказы на ўсе пытанні? І пра што наагул гавораць факты, якія мы пачулі?

Спадарожнікавае фота расейскага самалёта А-50У ў Беларусі яшчэ да ўдару па аэрадроме ў Мачулішчах. 19 лютага 2023 года. Крыніца: Planet Labs / nv.ua

Раніцай 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах прагрымелі два выбухі, і па сеціве сталі распаўзацца чуткі пра падарваны расейскі самалёт. Ускосным пацвярджэннем здарэння сталі звесткі пра перахопы ДАІ на дарогах у ваколіцах Мачулішчаў, узмацненне кантролю на памежных пунктах з Польшчай і Літвой ды сцёртыя паведамленні жыхароў у мясцовых чатах пра гукі выбухаў. Аднак улады захоўвалі маўчанне.

Паступова ў інфаполі адно за адным сталі з’яўляцца паведамленні, што пашкоджаны адзін з самых дарагіх самалётаў у свеце – А-50У, асноўным прызначэннем якога было навядзенне расейскіх знішчальнікаў на цэлі на тэрыторыі Украіны. Рэакцыяй з боку ўладаў сталася нарада Лукашэнкі з вузкім колам сілавікоў. Нагода – нібыта «падзеі ўнутранага характару» і патрабаванне жорсткай дысцыпліны. Але падрабязнасцяў пра інцыдэнт у Мачулішчах – нуль.

У той жа дзень у сеціве ўпершыню з’явілася прозвішча Мікалая Швяца, «ураджэнца Крыму», абвесткі пра вышук якога раскідваліся па ўсіх чатах за «здзяйсненне асабліва цяжкога злачынства ў Мачулішчах». Праўда, звесткі там з самога пачатку былі супярэчлівыя: то адрозніваліся нумары аўтамабіля, якім перамяшчаўся падазраваны, то яго колер.

Адказнасць за падрыў самалёта ўзяла на сябе ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў «ByPol», прадстаўнік якой Аляксандр Азараў настойваў на тым, што А-50 сапраўды падарваны і «ўжо нікуды не паляціць», а ўсе ўдзельнікі дыверсіі пакінулі тэрыторыю Беларусі.

Вайна фактаў

З боку афіцыйных асобаў першым інцыдэнт пракаментаваў намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч, заявіўшы, «што гэта чарговы фэйк». Да яго падключыліся прапагандысты, якія таксама сталі зняпраўджваць інфармацыю ад «ByPol». Далей пачалася «вайна фактаў», якая паступова выяўляла супярэчнасці ў версіях абодвух бакоў і генеравала новыя пытанні.

Спачатку стала ясна, што дрон усё ж такі залятаў на аэрадром і сядаў на антэну А-50, але невядома, ці быў выбух. Пасля аказалася, што выбух усё ж меў месца, ды невядома, ці моцна ён пашкодзіў самалёт, а на спадарожнікавых здымках кампаніі «Maxar» удалося разгледзець цёмныя плямы на корпусе А-50, што падмацавала версію пра пашкоджаны самалёт. Але ўслед за гэтым на беларускім ТБ з’явілася відэа самога А-50, знятае ў прыцемках і з іншага ракурсу.

Пасля гэтага афіцыйная прапаганда трыумфальна прадэманстравала, што самалёт «жывы-здаровы» і нават падымаецца ў неба. Больш за тое, аблятае дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. Праўда, трохі пазней стала вядома, што, пакружыўшы на камеру, борт адправіўся на авіярамонтны завод у Таганрог, дзе будуць ліквідавацца пашкоджанні. Пасля гэтага дакладна можна было сказаць, што самалёт сапраўды быў пашкоджаны і яго на тэрыторыі Беларусі больш няма. Эксперты схіліліся да версіі, што ўразлівае радыёлакацыйнае абсталяванне А-50 было пашкоджанае, і самалёт больш не здольны выконваць сваіх функцыяў. Адрамантаваць антэну будзе вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма, бо большасць дэталяў – заходнія тэхналогіі, а праз санкцыі атрымаць іх будзе амаль нерэальна.

Тут якраз адбыўся палёт Лукашэнкі ў Кітай, і прапаганда пераключылася на хваласпевы пра плённасць кітайскага напрамку. На тэму ж самалёта афіцыйных каментароў так і не было.

Версія Лукашэнкі

Нарэшце 7 сакавіка маўчанне перарвалася – зрабіў гэта сам Лукашэнка і нават уручыў узнагароды сілавікам. Слухачам прэзентавалі прыгодніцкі дэтэктыў з удзелам украінскай выведкі, беглых-здраднікаў, і, натуральна, не абышлося без кіраўніцтва CIA (ЦРУ). Але асноўны след – украінскі, а пра «ByPol» і беларускіх партызанаў гаварылася між іншага.

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, аналізуючы прапанаваную Лукашэнкам версію, адзначыў: адбудоўваецца сцэнар, што адпавядае поглядам самога кіраўніка краіны на жыццё і сённяшнюю палітыку. Бо спачатку ён згадаў ролю CIA (ЦРУ) у гэтай справе:

«Яму трэба было паказаць, што за ўсё адказваюць амерыканцы, што не абыходзіцца нічога без іх. Таму было ўзгадана ЦРУ».

Але трохі пазней, на думку гісторыка, гэтая версія адышла на другі план. У сваім спічы Лукашэнка выказаўся наконт Зяленскага, падкрэсліваючы, што асноўная ўдзельніца інцыдэнту – Украіна. Знайшлося месца і беларусам. «Але што самае цікавае, – адзначае эксперт, – падкрэсліваецца, што ў беларусаў была толькі дапаможная функцыя, каб не склалася ўражанне, што яны адыгрывалі сур’ёзную ролю». Ну і нарэшце дапаўняў карціну тыповы для выступленняў Лукашэнкі «польскі след»:

«Яны даюць нам версію, якая цалкам адпавядае ўсяму ўспрыманню рэачаіснасці з боку Лукашэнкі. А калі гэта ў такой ступені адпавядае таму, як Лукашэнка бачыць свет, то трэба і ставіцца да гэтага крытычна».

Гэтак, паводле версіі Лукашэнкі, тэрарыста завербавалі і падрыхтавалі ва Украіне ў 2014 годзе, «ён расеец, з расейскім пашпартам, нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме». Для выканання задання быў перакінуты ў Беларусь. Прычым трапіў у яе не з першага разу. Другая спроба была здзейсненая, як адзначыў Лукашэнка, «паводле маршруту Варшава – Лодзь – Рыга», адкуль з унутраным расейскім пашпартам «тэрарыст» даехаў да Пскова, а адтуль ужо дабраўся да Менску.

Кожны крок тэрарыста Міхаіла Швяца, таго самага, якога ў першы ж дзень абвесцілі ў вышук, кантраляваўся ўкраінскімі куратарамі, для чаго, паводле Лукашэнкі, былі задзеяныя «найвышэйшыя тэхналогіі». Пасля здзяйснення дыверсіі Швец мусілі пераправіць назад, але гэтым планам перашкодзілі лукашэнкаўскія сілавікі. Злачынцу затрымалі ў выніку «бліскуча праведзенай аперацыі», нягледзячы на завярэнні кіраўніка «ByPol» Аляксандра Азарава, што ўсе выканальнікі дыверсіі пакінулі Беларусь.

Чаму менавіта ўкраінская версія стала адпрацоўвацца ў якасці асноўнай? «А давайце паглядзім па-іншаму, – кажа Аляксандр Фрыдман, – калі не Україна, дык хто? У Лукашэнкі ў гэтым выпадку добрых версій няма… Калі выключым Украіну і скажам,  што гэта зрабілі беларускія партызаны, то тады трэба прызнаць, што ў цябе моцны партызанскі рух і што ў іх такое атрымалася? А куды ж вы ўсе глядзелі тады? Таму версія, якую агучыў Азараў, для Лукашэнкі ў прынцыпе непрымальная. Вось і трэба было стварыць гэтую ідэю пра суперагента. Маўляў, у нас не атрымалася выключыць гэты тэракт, гэтая спроба адбылася, але супраць нас дзейнічалі такія моцныя сілы!»

У сваім апавяданні Лукашэнка імкнуўся падвязаць да справы як мага больш чыннікаў: у адзін ланцужок з дзеяннямі ЦРУ, СБУ і «беглых» злучыліся выбухі ў Энгельсе, інцыдэнт у Бранскай вобласці. Падзеі ў Бранску, як выходзіла, дык увогуле былі інфармацыйным прыкрыццём аперацыі ў Мачулішчах – трэба ж было зняць з павесткі навіны пра самалёт!

«Ён перамяшаў усё, што толькі можна, усе версіі ў адну, і што робіцца ў галаве ў гэтага чалавека – цяжка зразумець», – пракаментаваў гэтую сітуацыю кіраўнік ByPol Аляксандр Азараў.

Украінскі ваенна-палітычнага аглядальнік групы «Інфармацыйнае супраціўленнне» Аляксандр Каваленка таксама падкрэслівае, што ўлады самі не могуць вызначыцца з тым, як адбыўся інцыдэнт.

«Яны ствараюць версіі, якія ўмоўна можна назваць інфармацыйным белым шумам. Хто вінаваты? Украіна, Польшча. Я не здзіўлюся, што праз некаторы час узнікне яшчэ нейкі след, што гэта былі ўкраінскія дыверсанты, польскія спецслужбы, а ўсіх іх курыраваў нейкі агент МІ-6… а пры гэтым з’явіцца запіс размовы агента Джона і агента Біла, якія паміж сабой абмяркоўваюць падрыў А-50».  

Такім чынам, у сваім выступленні Лукашэнка акрэсліў асноўны сцэнар і зрабіў анонс будучага фільма, які прапагандысты ўжо рыхтавалі для беларусаў. Магчыма, і не толькі для беларусаў, але і для Крамля, перад якім, на думку Аляксандра Каваленкі, «выслужваўся» Лукашэнка – «бо ж гэта на тэрыторыі Беларусі быў пашкоджаны ўнікальны расейскі самалёт».

Аляксандр Фрыдман таксама згодзен, што галоўнае для беларускага боку – давесці наступнае: гэты самалёт пацярпеў нязначна. «Бо калі ён пашкоджаны сур’ёзна і гэта адбылося ў Беларусі, то трэба адказваць. Так што яны будуюць гэту версію такім чынам, каб было шмат шуму і адказваць не прыйшлося… Вось і робяць акцэнт на ўкраінскіх акалічнасцях і адводзяць увагу ад самалёта».

Кінаверсія прапагандыстаў

Дэтэктыў з элементамі экшэна быў зроблены цягам двух дзён. 9 сакавіка па афіцыйных СМІ і тэлебачанні пракацілася хваля навінаў і сюжэтаў з дэталямі следства. Нарэшце ўвазе грамадскасці прадставілі фільм, у якім прапагандысты трыумфальна раскрываюць нюансы аперацыі па затрыманні тэрарыста. У цэлым відэа дублявала і развівала тэзы, выказаныя Лукашэнкам.

Тым не менш пасля супастаўлення фактаў, паказаных у розных відэасюжэтах, з версіяй Аляксандра Лукашэнкі ўсё ж засталіся некаторыя пытанні, якія мы паспрабавалі сабраць разам.

Па-першае, кідаецца ў вочы сам момант захопу: мы бачым, што сілавікі ўваходзяць ужо ў адчыненыя дзверы, без паказальнага выбівання-выломвання. Можа быць, мужчына, хаваючыся ад спецслужбаў, дзверы папросту не замкнуў?

Далей група захопу заходзіць у пакой, дзе быў Швец – і тут тэрарыст па загадзе размерана падымаецца з крэсла і кладзецца на падлогу. Значыць, калі дзверы ўсё ж выломвалі, ён не чуў гэтага? Як не чуў і таго, што цэлая група сілавікоў ў цяжкіх берцах ідзе праз калідор і суседні пакой? Або ўсё ж чуў, але застаўся чакаць групу захопу ў крэсле? На самой справе гэта больш падобна на кіно, знятае не з першага дублю.

Па-другое. Як сцвярджаў Лукашэнка, першы раз Швяцу не ўдалося перасекчы мяжу ў пункце пропуску «Бераставіца» – яго не прапусціў беларускі памежнік па ўнутраным расейскім пашпарце. Таму «куратарамі», кажа Лукашэнка, быў складзены новы маршрут: Варшава – Лодзь – Рыга – Пскоў. Але вось мы глядзім сюжэт БТ – і ў ім з ланцужку знікае Лодзь. Ці не з-за таго, што гэта быў не самы відавочны пункт маршруту ў напрамку Рыгі? Тым не менш, каб не падводзіць свайго «патрона», прапагандысты ўсё-такі паказваюць нам буйным планам білет на Лодзь у сюжэце, а закадравым голасам паведамляюць: Швец выехаў з Кіева ў Варшаву 15 студзеня. У якасці доказу пад білетам Варшава – Лодзь нават можна разгледзець білет з Кіева на прозвішча Швяца. Але, прыгледзеўшыся, мы ўбачым дату адпраўлення цягніка не 15.01, а 19.01. А гэта ўжо цалкам супярэчыць логіцы сюжэту, бо, выходзіць, паездка з Варшавы ў Лодзь была раней за пераезд з Кіева ў Варшаву?

Білет з Варшавы да Лодзі. На заднім плане праглядаецца білет з Кіева, аформлены на 19.01. Хоць прапагандысты сцвярджаюць, што Швец выехаў з Кіева 15 студзеня. Скрыншот з відэа. Крыніца: https: tvr.by
Білет з Варшавы да Лодзі. На заднім плане праглядаецца білет з Кіева, аформлены на 19.01. Хоць прапагандысты сцвярджаюць, што Швец выехаў з Кіева 15 студзеня. Скрыншот з відэа. Крыніца: https: tvr.by

Па-трэцяе. Пакуль не зусім зразумела, каго ж з беларусаў улады арыштоўваюць па гэтай справе. Бо пра затрыманне асноўных дзеючых асоб або няма звестак увогуле, або яны супярэчлівыя. Так, у відэа гучаць прозвішчаў беларусаў, якія дапамагалі Мікалаю Швяцу перамяшчацца ўнутры краіны. Сярод іх згадваюцца Настасся Пілько і Алег Сычоў, у доме якіх нібыта і хаваўся тэрарыст. Паводле інфармацыі дзяржаўных медыяў, яны былі затрыманыя. Але, як сцвярджае «Наша Ніва», «дзяржаўнае тэлебачанне спачатку называла іх імёны ў адным шэрагу з затрыманым Швяцом, але ў рэпартажы 9 сакавіка іх ужо ахрысцілі «беглымі». Дык ці затрымлівалі іх?

Такая ж сітуацыя і з іншымі асобамі, датычнымі справы: Віталём Якуцікам, які нібыта дастаўляў дроны ў Беларусь; Міхаілам Дзёміным, які сустрэў Швяца на трасе Менск – Мікашэвічы; з Алай Яцутай, якая прыехала з Украіны і праз стрыечную сястру перадала так званаму тэрарысту ключы ад канспіратыўнай кватэры; з «беларусам-радыкалам» Лапаціным, які завёз Швяца на кватэру пад Менскам. Звестак пра затрыманне гэтых людзей няма. Тады каго ж затрымлівалі сілавікі? Вельмі падобна, пад руку трапляліся хіба тыя, хто даволі ўскосна або зусім не датычыцца гэтай справы: кшталту стрыечнай сястры Алы Яцуты і выдаўца Змітра Коласа.

Эксперт Аляксандр Кавалёў упэўнены, што тыя арышты, якія праводзіліся, – гэта ўсё інсцэніроўка, шытая белымі ніткамі.

«Зараз у Беларусі дзейнічае рэпрэсіўны рэжым, і пры неабходнасці ён можа знайсці хоць цэлую сетку ўдзельнікаў, якія падрыхтавалі дадзены інцыдэнт, і кожны з іх праз некаторы час сазнаецца ў тым, што гэта сапраўды быў ён… То бок рэпрэсіўны рэжым стварае гэтыя сеткі… з зусім старонніх і недатычных, невінаватых людзей і прымушае іх гаварыць тое, што трэба самому рэжыму».

Чацвёртае. Паводле паведамленняў адной з крыніц, згаданы дом у вёсцы Чарцяж, у якім да моманту затрымання хаваўся Мікалай Швец, можа ўвогуле не належаць Алегу Сычову. Ягоная жонка Настасся Пілько жыла разам з дзецьмі асобна. Хаця ў той жа час «Зеркало» сцвярджае, што сусед Сычова апазнаў ягоны дом.

Нарэшце, што да прадэманстраваных найвышэйшых тэхналогій, якія выкарыстоўвалі ўкраінскія спецслужбы для здзяйснення гэтага «тэракту». На аператыўных фотаздымках можна было бачыць камерцыйныя дроны DJI Phantom II і DJI FPV Combo, якія лёгка знайсці ў інтэрнэт-крамах адпаведна па 250 і 700–800 еўраў. Агулам, як удалося высветліць, усё паказанае ў фільме высокатэхналагічнае абсталяванне можна было прыдбаць у свабодным доступе за 2000–3000 еўраў.

Тэхніка, якую паказалі ў фільме БТ. Крыніца: nashaniva.com
Тэхніка, якую паказалі ў фільме БТ. Крыніца: nashaniva.com

Хіба нечым больш-менш тэхнічна прасунутым можна назваць згаданыя ў сюжэце фільму два тэлефоны Швяца, на якія былі ўсталяваны аплікацыі, што дазвалялі апаратам працаваць у пары. Пры несанкцыянаваным доступе да аднаго з іх, на другі прыходзіў сігнал з адмысловай абвесткай, а з першага аўтаматычна выдалялася ўся інфармацыя. Хаця, па вялікім рахунку, тэхналогія ачысткі змесціва тэлефона ці жорсткага дыску пры несанкцыяваным доступе не з’яўляецца нечым прарыўным і ў некаторых прыстасаваннях усталявана ўжо па змаўчанні.

Гэтыя факты, натуральна, пакуль не абвяргаюць версіі афіцыйных уладаў, але ставяць новыя пытанні і даюць падставы для таго, каб зразумець галоўнае: дзе-нідзе нам спрабуюць сумнеўныя моманты выдаць за чыстую манету. Таму будзе цікава назіраць за разгортваннем падзей.

Што ж датычыцца самога відэа, паказанага беларусам, то пра яго трапна выказаўся пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім: «Такія фільмы не выклікаюць нічога, акрамя смеху… Гэта ўсё падаецца як дасягненне спецслужбаў. Яны павінны нешта рабіць, даказваць сваю карыснасць. Усё пабудавана на тым, што спецслужбы сёння маюць асноўны голас у беларускай палітыцы», – сказаў амбасадар.

Нарэшце застаецца яшчэ адно пытанне, але на гэты раз яго хочацца адрасаваць прадстаўнікам ByPol. Ці будзе адказ на версію прапаганды? Бо Аляксандр Азараў сцвярджае, што пасля дыверсіі ўсе яе выканаўцы пакінулі Беларусь і знаходзяцца на так званым каранціне. Спадзяёмся, новыя факты зробяць чарговыя карэкцівы ў сцэнар таго экшэна, якія нам паказалі па дзяржаўных медыя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў