У будынку філасофскага факультэту Карлава ўніверсітэту ў Празе, што на плошчы Яна Палаха ў чэшскай сталіцы, адбылася страляніна. Вядома пра забітых і параненых, паведамляюць Novinky.cz.
Цяпер на месцы здарэння знаходзіцца паліцыя, уся плошча Яна Палаха і прылеглая тэрыторыя поўнасцю перакрытая. На кадрах з месца здарэння бачна, як людзі выбягаюць з будынку філасофскага факультэту Карлава ўніверсітэту ў атачэнні паліцыянтаў.
У выратавальнай службе паведамілі, што на месца выехала вялікая колькасць яе экіпажаў, а таксама адмысловы аўтамабіль «Голем», які выкарыстоўваецца пры катастрофах. Інфармацыі пра тып і колькасць пацярпелых пакуль няма.
Паводле Aktu.cz, нападнік выкарыстоўваў даўгаствольную зброю з оптыкай. Некаторыя сведкі распавялі, што ён мог страляць з даху будынку, у тым ліку па прыбылых паліцыянтах.
«Стралок ліквідаваны! Цяпер увесь будынак эвакуюецца, на месцы здарэння некалькі загінулых і дзясяткі параненых», – паведаміла паліцыя ў сетцы «Х» у 16:00.
Медыкі паведамляюць, што загінулі 11 асобаў, уключаючы нападніка. 9 цяжка параненых, 5–6 сярэднецяжкіх і да 10 лёгка параненых. Лічбы яшчэ могуць змяніцца.
10 снежня 2019 года страляніна здарылася ў шпіталі ў чэшскім горадзе Острава. Яе ахвярамі сталі шасцёра асобаў.
Якуб Хруст belsat.eu