Дарагая лагістыка. Кошты на імпартныя тавары зноў пайшлі ў рост


Кошты на імпартныя тавары зноў выраслі. Эканамісты кажуць, што прычына ў змене лагістыкі з-за  прыпыненне руху на памежных пераходах з Польшчай, а таксама ў росце курсаў замежных валют. Пакупнікі вымушаныя  купляць тавары беларускіх вытворцаў. Чыноўнікі лічаць гэта дасягненнем, эксперты называюць вымушаным крокам. 

У беларускіх крамах істотна выраслі кошты на імпартныя тавары. Гэтак у краме «Востраў чысціні і смаку» кошты на пральныя сродкі перакрочваюць 70 рублёў. Адметна, што яшчэ ў лістападзе летась аналагічны тавар каштаваў каля 55 рублёў.

Кошты на імпартныя тавары значна выраслі.
Фота: чытачы Белсату
У лістападзе летась капсулы для прання, якія цяпер кашуюць 78 рублёў, каштавалі 55.
Фота: чытачы / Белсат

Іншыя тавары, якія карысталіся попытам у беларусаў, таксама рэзка выраслі ў коштах, некаторыя зубныя пасты, напрыклад, каштуюць больш чым 20 рублёў.

Кошты на імпартныя тавары значна выраслі.
Фота: чытачы Белсату

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна ў каментары «Белсату» кажа, што сапраўды, кошты растуць, нягледзячы на рэгуляванне з боку чыноўнікаў. Перадусім растуць кошты на імпартныя тавары, паколькі новыя пастаўкі істотна ўскладніліся. Калі казаць пра тавары з ЕЗ, то тут паўплывалі абмежаванні на прапускныя здольнасці пунктаў пераходу. Гэта адзін з момантаў, з якім сутыкаюцца пастаўнікі імпартных тавараў.

«Таксама варта памятаць, што значная частка імпартных тавараў паступае з Расеі. Так, у прынцыпе, было і раней, калі казаць пра пральныя парашкі, напрыклад. Цяпер у Расеі таксама сітуацыя ўскладнілася. Нягледзячы на тое, што не ўсе еўрапейскія брэнды сышлі з расейскага рынку плюс там таксама дазволілі паралельны імпарт, выдаткі растуць. Тое ж прадстаўніцтва «Procter & Gamble» працуе ў абмежаваным рэжыме, паколькі ўзніклі складанасці з пастаўкам ды і сама кампанія не зацікаўленая пашыраць свой бізнес у Расеі. Усё гэта ўплывае ў выніку на кошты», – кажа Анастасія Лузгіна.

Hавiны
Інфляцыя ў студзені ўдвая перавысіла снежаньскую
2023.02.10 17:22

Суразмоўца «Белсату» нагадвае, што кошт тавару ў краме залежыць ад таго, па якім кошце імпарцёр купіў яго за мяжой. У сваю чаргу кошты набыцця на рынку растуць напрыклад праз рост курсаў замежных валют да рубля і праз павелічэнні кошту самой прадукцыі. Да ўсяго дадалася і праблема на мяжы.

Паводле Анастасіі Лузгіной, кошт дастаўкі імпартных тавараў павялічваецца і будзе надалей расці, паколькі межы не працуюць напоўніцу, пастаўнікі вымушаныя стаяць у чэргах, або рухацца праз іншыя пераходы. У выніку імпартныя тавары становяцца даражэйшымі. Гэтая сітуацыя можа аказваць уплыў і на кошт беларускіх тавараў, у якіх вялікая частка імпартных складнікаў.

У выніку гэтага беларусы вымушаныя змяніць свае звычкі. Цяпер не кожны можа набываць якасныя тавары па новых коштах.

«Я вымушана адмовілася ад замежных касметычных сродкаў. Тыя ж шампуні, зубныя пасты, лакі набываю беларускай вытворчасці. Замест крамаў з бытавой хіміяй і касметыкай цяпер заходжу ў аптэкі, дзе заўсёды прадаюць беларускай вытворчасці касметычныя вырабы. Прычым, хачу заўважыць, якасць адносна неблагая, мяне задавальняюць гэтыя тавары», – распавяла «Белсату» чытачка.

Кошты на імпартныя тавары значна выраслі.
Фота: чытачы Белсату

Чытачы пры абмеркаванні новых коштаў адзначаюць, што цяпер многія тавары каштуюць больш, чым яны могуць сабе дазволіць.

«У мяне заробак 700 рублёў. Насамрэч такія заробкі рэальныя, а не тыя, пра якія кажуць у дзяржаўных тэлеканалах. У выніку каб набыць пральныя капсулы мне трэба аддаць адразу ж больш чым 10 % ад майго заробку. Вядома, што шукаем нешта іншае на паліцах, больш таннае. Але жыць становіцца ўсё больш складаней. Калі так будзе працягвацца, то пачнем выжываць», – кажа іншая суразмоўца.

Кошты на імпартныя тавары значна выраслі.
Фота: чытачы Белсату

Сапраўды, адзначае Анастасія Лузгіна, цяпер людзі з невялікімі заробкамі вымушаныя пераключацца на больш танныя аналагі.

«Раней з’явілася справаздача, што ў нашай краіне вырасла доля спажывання тавараў айчыннай вытворчасці. Адбываецца гэта ў большай ступені не таму, што людзі жадаюць набываць беларускае, а таму, што імпартныя тавары, да якіх яны прывыклі, або знікаюць, або становяцца вельмі дарагімі, і некаторыя катэгорыі грамадзянаў не могуць сабе дазволіць тавар, з улікам свайго заробку. Людзі набываюць больш таннае», – кажа экспертка.

У сярэдзіне лютага кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў заявіў, што ў агульным аб’ёме ўсіх набытых тавараў летась, доля тавараў беларускай вытворчасці дасягнула 60,9 %.  Калі чыноўнікі лічаць гэта дасягненнем, то эксперты кажуць, што гэта вымушаны крок беларусаў, якія мусяць ашчаджаць і шукаюць больш танныя тавары.

Hавiны
Эканоміка Беларусі пачала год з падзення
2023.02.17 18:48

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў