Менчука арыштавалі напярэдадні сур'ёзнай аперацыі


Сілавікі затрымалі 31-гадовага таксіста Артура Башко напярэдадні сур’ёзнай аперацыі, якую яму павінны былі правесці. Маці мужчыны сілавікі сказалі, што сына забралі па «палітыцы», паведамляюць праваабаронцы.

Артур Башко. Крыніца: viasna96 / Telegram

Затрыманне Артура Башко адбылося 17 траўня ў Менску. Раніцай таго дня чацвёра сілавікоў стаялі ў падʼездзе, калі дадому вярталася ягоная маці. Калі яна адчыніла дзверы, яны ўварваліся ў кватэру. Сам Артур у гэты час яшчэ спаў. Супрацоўнікі правялі ператрус, нешта вынеслі з кватэры ў пакеце, а па падлозе былі раскіданыя паперы.

Пасля затрымання Артур патэлефанаваў родным і папрасіў перадаць яму неабходныя лекі. На Акрэсціна медыкаменты прынялі. Пазней над ім адбыўся суд, але сваякі не ведаюць паводле якога артыкула. Па папярэдняй інфармацыі, Артура асудзілі да 13 содняў арышту.

Аднак цяпер родныя Башко не ведаюць дзе ён – па тэлефоне на Акрэсціна або не адказваюць, або кажуць, што такога няма.

Вядома, што мужчына мае праблемы са здароўем – яму павінны былі рабіць аперацыю па выдаленні шчытавідкі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў