У бабруйскай Папраўчай калоніі №2 пагаршаюцца ўмовы для зняволеных


Праваабаронцы паведамляюць пра чарговае пагаршэнне ўмоваў для зняволеных у Папраўчай калоніі №2 у Бабруйску. Гэтым разам для іх скарачаецца колькасць магчымых тэлефанаванняў.

Папраўчая калонія №2. Бабруйск, Беларусь.
Фота: komkur.info

З 1 кастрычніка колькасць магчымых тэлефанаванняў для асуджаных, прадугледжаных рэжымам утрымання калоніі, будзе скарочана да трох у месяц, паведамляюць праваабаронцы з тэлеграм-канала MAYDAY.TEAM.

Калі зараз вязні маюць магчымасць тэлефанаваць сваякам раз на тыдзень, то пачынаючы з наступнага месяца яны змогуць рабіць гэта толькі адзін раз на дзесяць дзён. Працягласць размовы застанецца ранейшай – 15 хвілінаў.

Але пры гэтым будуць уведзеныя новыя правілы: калі раней асуджаныя маглі тэлефанаваць двум-тром абанентам па чарзе (напрыклад, бацькам, а пасля дзецям ці жонцы), то цяпер можна будзе набраць толькі адзін нумар. За выкананнем гэтага правіла будуць пільна сачыць кантралёры, якія працуюць у калоніі.

Праваабаронцы адзначаюць, што правілы  адбыцця пакаранняў у бабруйскай Папраўчай калоніі №2 сталі больш жорсткімі з пачатку верасня. Гэта было абумоўлена прызначэннем новага начальніка аператыўна-рэжымнага аддзела. А кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве калоніі былі справакаваныя пасля праверкі, якая праводзілася з-за самазабойства асуджанага ў сярэдзіне ліпеня.

Нагадаем, што 8 ліпеня адзін з асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў выкінуўся ўніз галавой з паверху аднаго з карпусоў калоніі. Адміністрацыя ўстановы спрабавала схаваць факт трагедыі.

Hавiны
У папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску скончыў жыццё самагубствам адзін з вязняў
2023.07.10 15:56

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў