Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасля вяртання з Польшчы


У праўладным тэлеграм-канале з’явілася паведамленне пра затрыманне беларуса, які вярнуўся на святы з Польшчы, дзе жыў цягам года.  

Затрымліваў берасцейца атрад спецназу «Шторм» у поўным экіпаванні сярод ночы.

На відэа з тэлеграм-каналу мужчына кажа, што яго завуць Станіслаў Ігаравіч, прозвішча наўмысна выразалі з кадру.

Берасцеец кажа, што браў удзел у пратэстах 2020 года і выходзіў на праезную частку. У тэлеграм-канале прыводзяцца фотаздымкі з пратэстаў, на якіх, імаверна, ёсць і затрыманы мужчына.

Здымкі з праўладнага тэлеграм-каналу, на якіх, імаверна, сілавікі разгледзелі затрыманага берасцейца.
Фота: ПЕРВЫЙ РУБЕЖ / Telegram

Якое абвінавачанне выставілі мужчыну, пакуль невядома. Тым не менш у канале, які размясціў інфармацыю пра затрыманне, ёсць намёкі на тое, што некалькі гадоў берасцейцу трэба будзе правесці за кратамі – імаверна, гаворка пра крымінальную справу.

Нагадаем, што, паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», мінімум 125 чалавек былі затрыманыя пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы цягам 2023 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў