Дзмітрый Кулакоўскі працаваў начальнікам росшуку Завадскога РУУС. Пасля 9 жніўня ён звольніўся са службы, бо не быў згодны з дзеяннямі ўлады. У кастрычніку ён амаль месяц правёў на Акрэсціна ў карцары. Умовы там былі такімі, што ён глытаў металічныя прадметы на знак пратэсту. Сёння партал TUT.by паведаміў, што Кулакоўскага затрымалі наўпрост на мяжы Беларусі – на яго заведзеная крымінальная справа.
Дзмітрый Кулакоўскі працаваў у міліцыі ад 2006 году і меў узнагароды за сваю службу. Адразу пасля 9 жніўня ён вырашыў звольніцца з міліцыі, у верасні ў яго прынялі рапарт на звальненне. А ў хуткім часе завялі справу за абразу міліцыянта.
У кастрычніку Кулакоўскага затрымалі каля ўласнага дому і далі 12 содняў арышту. Там мужчыну змясцілі ў жудасныя ўмовы – тэрмін ён правёў у карцары, ложак увесь час быў прышпілены да сцяны. Аднак пасля сканчэння 12 содняў, былому міліцыянту далі яшчэ 15. Ізноў ён мусіў сядзець у карцары.
На знак пратэсту Кулаўкоўскі праглынуў чатыры металічныя прадметы. Толькі пасля гэтага і розгаласу ў СМІ яго перавялі ў звычайную камеру.
Некалькі дзён таму Дзмітрый Кулакоўскі паспрабаваў выехаць з краіны, але быў затрыманы адразу на мяжы і дастаўлены ў ізалятар. Хоць мера стрымання ў дачыненні да яго не ўжывалася, але яму быў забаронены выезд з краіны.
КТ belsat.eu